Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Затое пашчасьцiла пару разоў добра пабаляваць на роднай прыродзе — аднойчы на лесавым беражку ля матчынага возера Супонец, да якога ў гады дзяцiнства не было доступу. (Мяжа!) I другi раз добра пасядзелi веснавым адвячоркам над ушацкiм прыгажуном Вечальлем, якое годна апяяў Рыгор Барадулiн.
Маё трэцяе дэпутацтва ў Тураве запомнiлася цяжкой паромнай пераправай цераз Прыпяць (новы мост тады толькi пачынаў будавацца), крыклiвымi сходамi выбарцаў i даўгiм (пяцiгадовым) клопатам вакол будаўнiцтва больнiцы. Toe будаўнiцтва распачынаў галоўны доктар Волкаў, якi надарваўся ад тае iнiцыятывы i памёр. Дасталося таксама i дэпутату. Але на той час, мабыць, зрабiць што здатнае iначай не было магчымасьцi, усё рабiлася на мяжы абсурду. У рэшце рэшт больнiца была збудаваная, i я цешыў сябе думкай, што ёсьць у ёй цаглiнка i майго клопату. Хай добра лечацца няшчасныя тураўцы, багата пасыпаныя радыенуклiдамi ад Чарнобылю.
Цiкава, што ў той час, як я стаў дэпутатам, адразу адшукалiся мае даўнiя прыяцелi, землякi ды родзiчы. Пайшлi пiсьмы i тэлефонныя званкi, у якiх мне прызнавалiся ў даўняй прыязнасьцi, вялiкай павазе i… прасiлi. Хто — што. Ад кватэры i аўтамабiля да лепшай пасады i падвышэньня заробку. I былi дужа расчараваныя, калi я каму адмаўляў. Калi я спасылаўся на немагчымасьць уладкаваць сына цi дачку ў iнстытут цi памагчы пераехаць з Ушачы ў Менск, мне гаварылi: ну, ты ж такi вядомы… Адзiн далёкi родзiч прыехаў на кватэру з бутэлькай i, як яна была выпiта, папрасiў пазычыць… адзiн мiльён рублёў. Быў дужа зьдзiўлены, калi я сказаў, што такiх грошай у вочы ня бачыў. «Якi ж тады ты пiсьменьнiк?» — папракнуў ён. Сапраўды, жахлівая справа — страта невядомасьцi, як пiсаў разумны амэрыканец Джон Стэйнбек.
Грошай, i праўда, трохi сабралася на ашчаднай кнiжцы, мяне ўвогуле выдавалi ў Менску i Маскве. Iншая справа, што за тыя грошы нiчога i нiдзе немагчыма было купiць. Як пад дзень нараджэньня жонкi спатрэбiўся нейкi падарунак, Матукоўскi павёў мяне да знаёмага дырэктара ўнiвэрмагу ў Менску, i той па вялiкiм блаце дазволiў купiць са складу нейкую танную кофтачку. Зiмовую шапку можна было набыць толькi па адмысловым сьпiсе, пададзеным зь мiнiстэрства гандлю. Бiлет на самалёт або цягнiк я набываў у адмысловай дэпутацкай касе, пры выпадку — сябрам i знаёмым таксама. У тым была несумненная выгода дэпутацтва. Але болей нiякай. Усё астатняе вырашалася па блаце, шляхам асабiстага знаёмства. I пiсьменьнiкi ў Менску i Маскве (ды i ўсюды) заводзiлi такiя знаёмствы — з прадаўцамi i прадаўшчыцамi, дырэктарамi i партыйнымi сакратарамi, якiя, як заўжды, пачувалiся гаспадарамi. На дэпутатаў жа нiхто не зьвяртаў нiякай увагi. Апроч хiба тых, каму болей не выпадала да каго зьвярнуцца.
Дэпутацкiя сэсii (два разы на год) адбывалiся чынна i спакойна. Даклады гучалi строга фармальна, паводле рэглямэнту, спрэчкi нiякiх эмоцый нi ў кога не выклiкалi. Дэпутаты звычайна драмалi ў залi, некаторыя чыталi газэты; пiсьменьнiкi (Панчанка, Лужанiн, Гiлевiч), падобна, складалi вершы. Вёў паседжаньнi старшыня Вярхоўнага Савету Iван Шамякiн, якi ня мог падрамаць за сталом прэзыдыуму, хаця было бачна, як тое яму хацелася. Каманды ў залю ён падаваў з паперкi, якую яму прыносiла з-за кулiсаў сакратарка Чагiна. Аднойчы, кiруючы галасаваньнем, не адрываючыся ад паперкi, прачытаў запар: «Хто за, хто супраць, устрымаўшыхся няма — аднагалосна». У залi засьмяялiся, бо нiхто яшчэ не пасьпеў падняць рукi. Але затым дакладна гэтак жа паднялi.
Звычайна я выседжваў толькi першую частку — да перапынку. Надалей ужо не хапала сiлы, i, як зьвiнеў званок, выходзiў з будынку. Мяне па дарозе даганялi два iншыя неслухi — мастак Савiцкi i скульптар Анiкейчык. Тыя сьпяшалiся ў свае майстэрнi i казалi, што iм гэтая балбатня — на хрэн сабачы. То была праўда. Пройдзе трохi гадоў, i Анiкейчык без пары памрэ, а Савiцкi рэзка зьменiць свае адносiны да нязьменнага па сутнасьцi рэжыму, зробiцца ягоным апалягетам. Таксама, як i ягоны калега i дэпутат, тэатральны дзеяч М. Яроменка, якi на пiку перабудовы заявiў, што насуперак беларускiм нацыяналiстам быў, застаецца i памрэ камунiстам. I праўда, застаўся iм да канца. Што значыць слова бальшавiка — цьвярдое слова.
Як заўсёды, новы намер сьпеў нiбы мiж iншым — у будзённасьцi i справах, якiя мелi мала адносiнаў да лiтаратуры. У падсьвядомасьцi, аднак, iшла свая праца — пакуль невыразная, неакрэсьленая, якая, аднак, абяцала калi-небудзь акрэсьлiцца. Часам нечакана.