За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Марцін аднекаваўся, але мусіў быў расказачь пра Еўку.
— Эх ты, мацак! Бацвінне літоўскае! Адпусціў дзеўку!— зазлаваўся Януш.— Ды яшчэ парушаную табою ж... А што, калі зацяжарыць? A калі наложыць на сябе рукі?
Марцін разгубіўся.
— Што ж рабіць?
—Напішы ёй.
— Куды?
— I гэта называецца бакалаўр! Ды куды ж, у Варшаву, на двор яе мосці пані Іллёвай. Дзякуй богу, твая Еўка граматная, значыць, прачытае той ліст...
Марцін як ашалеў ад радасці — схапіў Януша за залачоныя брамы каптана, страсянуў, закружыў па пакоі. Той дарэмна вырываўся, пасля, задыхаўшыся, устаў.
Доўга ў тую ноч пісаў Марцін свой першы ліст да Еўкі. «Тоскна мне жыць, бо меўся ўзяці цябе за малжонку, але аблеглі нас непрыемнасці, скруты, i цяпер, нібы асочнікі, якія сочаць за зверам, глядзяць за табою i мною чужыя людзі. А думалася жыць згодліве, яко ў святым пісанні сказана...»
Той ліст Еўцы аддалі перад самым ад'ездам. Пані Беата таксама атрымала тайны ліст ад вялікага канцлера Княства Мікалая Радзівіла, i згодна яму, а таксама парадаю старой каралевы, збіралася ў Львоў, дзе пры касцёле Дамініканаў былі ў яе родзічы. Заплаканая, дзяўчына падышла да гаспадыні якраз тады, калі тая разам з кашталянам складала спіс маёмасці i падарункаў манастыру.
—Не будзе табе ні майго, ні бацькоўскага блаславення! — сказала яна разгневана Еўцы.— У такі цяжкі час пакідаць Гальшку? I табе не шкада яе?
— Ваша мосць, я памру,— ціха прагаварыла Еўка, нізка схіляючы абвігую празрыстым ядвабам галаву.
Пані Беата пабялела, затупала нагамі.
— Вон! — закрычала.— Вон! I каб слова болей не чула ад цябе. Распусніца!
Еўка хацела яшчэ нешта сказаць, але горла перацяла, у вачах замільгацелі чырвоныя жарынкі, усё злівалася ў нейкія прывідныя здані, i яна не магла разарваць гэты морак, вярнуцца да ранейшага свету. Яна, не помнячы, як выйшла з пакоя, тут жа цяжка асунулася на вошчаную падлогу, балюча выцялася галавой аб выкшталцоны, перла-мутрам аблямаваны столік. I гэта было апошняе, што яна адчула...
Двор княгіні Беаты з'ехаў у Львоў. А наконт Еўкі было перададзена кашталяну, што, як толькі ачуняе, павінна ехаць за маладой паняй, якой будзе служыць да смерці. I хай не спрабуе вяртацца ў Нясвіж — бацькі не прымуць яе без згоды пані Астрожскай.
I пацягнулася Еўка, хворая яшчэ, знясіленая, з адчуваннем марнасці жыцця, з ціхай, затоенай надзеяй на нейкія змены, па дарогах, то топкіх i гразкіх, то шырокіх, брукаваных каменнем, што нібы само сабой вырастав на тутэйшых палях. Ехала на фурманцы, разам са слугамі княгіні, якія везлі ў Львоў з варшаўскіх аранжарэй садавіну.
А навокал цягнуліся бедныя вёскі, i сялянкі ў зрэбніне, дзеці ў лахманах азіраліся на фурманкі i доўга глядзелі ўслед, а бывала, на плошчы мястэчка віселі, гайдаліся трупы, i войты сцябалі пугай жанчын, што абдымалі ногі нябожчыкаў... Мільгалі вокны багатых маёнткаў, дзе свяціліся кандэлябры i грымела музыка рыгадонаў — танцаў, уведзеных у моду каралевай Бонай.
Толькі сцямнела, a гарадскія вароты Львова — дубовыя, з падвойнымі ўзорыстымі кратамі — збіраліся зачыняць. Быў строгі загад новага старасты аб тым, каб ніводзін падазроны чалавек не зайшоў у горад.
У Львове было неспакойна. Дваровыя людзі княгіні Беаты, асмялеўшы, штовечар учынялі на гарадскіх вуліцах сутычкі з гараджанамі. Добра яшчэ, каб яны проста пілі ў піўніцах ды карчомках, хваліліся адзін перад адным жупанамі ды шаблямі. Не — нагледзеўшы прыгожую месцічку, яны адбівалі яе ў мужа, з рогатам валаклі кабету па вуліцы, чынячы тым вялікую сарамату i гвалт. A нядаўна пісар княгіні страляў з ручніцы ў гарадскую варту, дзе раніў гарадскога радцу — члена рады — i абывацеля Мацвея Стрыйку.
Вось чаму маладая жанчына, якая прад'явіла варце ліст княгіні Беаты i заявіла, што яна вяртаецца на службу, выклікала вялікую цікавасць. Пан стараста, нават не зашпіліўшы гаплікі жупана, прыбыў на кані да брамы i доўга дапрошваў жанчыну, ці няма пры ёй другіх лістоў ад асоб,варожых каралю, i нават уласнаручна перакапаў увесь сціплы багаж прыезджай.
Гулка разносіліся ix словы па вузкай камяністай вулачцы, i варта амаль не звярнула ўвагі на нейкага жабрака, які, кульгаючы, пралез скрозь напаўадчыненыя вароты. Дый сам пан стараста нават не заўважыў хлопа — не гэткі стане насіць лісты да княгіні! A між тым, калі Еўка пад'ехала на рамізніку да манастырскай аптэкі i пастукала ў вузкія дзверы кватэры, дзе размяшчалася яе гаспадыня, да гэтых жа дзвярэй адначасова падышоў i жабрак. Але цяпер ён не кульгаў, i з-пад дзіравага плашча з капюшонам бліснулі ва ўсмешцы маладыя, дзёрзкія вочы. Холеная белая рука ўзялася за цяжкую клямку, i варга было ў прыадчыненых дзвярах з'явіцца чалядніку, як той з нізкім паклонам выбег насустрач госцю. У пакоях над аціхлай аптэкай запалілася святло, усчалася мітусня.