Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
У Нясьвiжскiм палацы, дзе апошнiм часам быў дом адпачынку, памёр Аркадзь Куляшоў.
Нiбы прадчуваючы свой блiзкi канец, ён шмат пiсаў, выдаў некалькi вельмi неблагiх паэмаў — як нярэдка здараецца ў пiсьменьнiкаў — напрыканцы стараўся дабраць раней упушчанае. I, мабыць, перабраў меру, сэрца ня вытрымала. Пайшоў наўздагон за сваiм сябрам Аляксандрам Твардоўскiм.
Паколькi ягоная выбарчая акруга засталася непрадстаўле-най у Вярхоўным Савеце, наверсе вызначылi, што яе павiнны прадставiць Быкаў. Трэба было зьбiрацца на спатканьне з выбарцамi.
Дэпутацтва ўвогуле не было для мяне навiной, гады два я ўжо быў дэпутатам абласнога савету па Турэцкай акрузе. Памятаю, тады спаткаў мяне тамашнi старшыня калгасу, якi першым чынам пасадзiў кандыдата ў «Нiву» i павёз у поле. Поле было цудоўнае, пасевы стаялi сьцяной. Прыпынiў шы машыну, старшыня пытаўся: «Ты калi пiў у жыце?». Я сказаў, што не. «Тады вып’ем». Ён дастаў з багажнiку бутлю шампанскага i спрактыкавана стралянуў коркам у жытнi палетак. Мы выпiлi па пары шклянак i паехалi далей. Далей быў пасеяны авёс, i старшыня спынiў машыну. «А ты пiў калi ў аўсе?» — «Не, ня пiў». — «Дык вып'ем». I ён бахаў коркам далёка ў авёс. Пасьля па чарзе — у кукурузу, ячмень i буракi. Апошнi стрэл з апошняй бутэлькi даручалася зрабiць мне — у бурныя хвалi бацькi-Нёмана, адкуль пара была ехаць на перадвыбарчы сход у Турэц.
Але тое было ўлетку, зiмой у поле ня выедзеш.
З Талачына прыслалi райкамаўскую «Волгу», у якой я i паехаў у паселiшча, дзе нiколi ня быў. Раённае начальства прыняло вельмi цёпла, пабедавала па нябожчыку Куляшову i павяло ў сьцюдзёны клюб, дзе сабралiся выбарцы. Першым чынам распавялi маю бiяграфiю, абвясьцiлi, што пiсьменьнiк Васiль Быкаў будзе ня горшы дэпутат, чым памерлы Аркадзь Куляшоў. Далей належала даць наказы будучаму дэпутату. Доўга нiхто не хацеў браць слова, мабыць, рупiлi iншыя справы. Нарэшце адзiн спрацаваны мэханiзатар выйшаў наперад i сказаў, прыкладам, так: «Якiя ў нас да таварыша пiсьменьнiка наказы? Каб гэта быў мiнiстар будоўлi, дык мы б папрасiлi яго наконт недабудаваных майстэрняў. Калi б мiнiстар шасэйных дарог, дык напомнiлi б, што мост цераз рэчку хутка правалiцца, мiнiстар адукацыi — школа ўся прагнiла, цераз сьцены сьнег сыплецца. А то пiсьменьнiк… Хай жыве, пiша, меней хварэе…».
Кароценькi той выступ даў мне зразумець маю дэпутацкую ролю i мой пiсьменьнiцкi кошт.
Уночы праводзiць з Талачыну выправiлiся аж тры машыны. У прыдарожным беразьнячку спынiлiся, увiшныя шафёры хуценька распалiлi цяпельца з сухiх дроўцаў, прыпасеных у багажнiках. Гэпнулi на сьнег пару скрынак з бутэлькамi. I пайшла бяседа, i зазьвiнелi чаркi, загучалi пранiкнёныя тосты ў гонар партыi i яе ленiнскага ЦК на чале з Леанiдам Iльлiчом. А пасьля i расказалi анэкдоты пра баб. А пасьля i прапяялi «Ручнiкi»… Позна ўначы вярнуўся я на сваю Танкавую ў Менску. Наконт вынiкаў выбараў не было нiякога сумневу.
Гэта было маё самае лепшае, хоць i нядоўгае дэпутацтва з найменшымi клопатамi. Тым болей, што другi раз завiтаць у Талачын не давялося, скончыўся тэрмiн склiканьня, пачынаўся новы з чарговымi выбарамi. На гэты раз быў прызначаны ў родныя мясьцiны — у Вушачу. Тут давялося паезьдзiць, i пасустракацца, i папiць гарэлкi зь ня меней гасьцiннымi гаспадарамi раёну, землякамi i прысланымi невядома адкуль. Клопату было ў кожным калгасе, у кожным паселiшчы i найперш у райцэнтры. Дарогi, школы, майстэрнi, кароўнiкi i сьвiнарнiкi, угнаеньнi i будматэрыялы. Усяго не хапала, усё трэба было прабiць, дастаць, выбiць. З тае мэтай кожны дэпутат меў адмысловы блакнот з дэпутацкiм грыфам, на якiм i пiсаў звароты ў мiнiстэрствы i ведамствы, суды i пракуратуру. Мабыць, карысьцi з тае пiсанiны было няшмат, разумныя дэпутаты вырашалi справы спосабам асабiстых кантактаў, у час сэсiяў. Але да міністраў і папулярных дзеячаў i на сэсiях было не прабiцца, да таго ж на перапынках яны атабарвалiся ў асобных памяшканьнях, куды было не дапяцца. Хадзiць жа па iх кабiнэтах было не ў маiм характары. Таму за час дэпутацтва ў родных мясьцiнах мне пашэнцiла ня шмат што зрабiць. Галоўную вулiцу ў Вушачы не заасфальтаваў, школу на радзiме Петруся Броўкi не адбудаваў. Зь вялiкай напругай ледзьве дамогся пакласьцi тры кiлямэтры асфальту ад Кублiч да Бычкоў, па якой i дасюль бычкаўцы гойсаюць на веласiпедах зiмой i ўлетку. Трохi не хапiла асфальту да бацькавай хаты, i апошнiя мэтры да яе засталiся ў гразi. Ну, але што дзе ў нас канчалi ладам?