Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Пасьля ўжо дазналiся, што ўся прадукцыя сельскай гаспадаркi належала дзяржаве i разьмяркоўвалася цэнтралiзавана, строга паводле нормаў. У прыватнай уласнасьцi не заставалася нiчога. Выгадаваную ў гаспадарках жывёлу, курэй i яйкi ад iх трэба было сьпярша здаць дзяржаве, а пасьля атрымаць ад яе тое, што належала паводле законаў. Утаiць што i зьесьцi было немагчыма, за тым сачылi так званыя камiтэты абароны рэвалюцыi, сфармаваныя ўладай зь бяднейшых i заслужаных рэвалюцыянэраў. Для таго, каб атаварыць карткi, патрэбна 600 песаў, астатнiя можна было выкiнуць на сьметнiк. На прадпрыемствах, як i ў Савецкiм Саюзе, папулярнае было сацыялiстычнае спаборнiцтва, якое i на Кубе ўсё шырылася i шырылася. I за перавыкананьне плянаў плацiлi. Тую плату можна было назiраць на вулiцах, калi разам з сухiм лiсьцем ад пальмаў вецер гнаў запрацаваныя звыш пляну песа.
У Гаване ў нас была нядоўгая гутарка з адным кубiнскiм пiсьменьнiкам, якi пiсаў i выдаваў раманы на рэвалюцыйныя тэмы. Працаваў пiсьменьнiк на нейкай гаспадарчай пасадзе, пiсаў выключна ў вольны час, ганарараў за свае творы не атрымлiваў. Мы папыталiся, якi ў дадзеным выпадку сэнс iх пiсаць? Стулiўшы галаву, той сумна адказаў: то мой рэвалюцыйны абавязак.
Узорна-паказальная школа, куды нас аднойчы павезьлi, усiх надзвычай уразiла. Мы прыехалi ў дзённы час, калi, як думалi, дзецi будуць вучыцца. У вялiкiх мадэрновых будынках сярод шырокiх плянтацыяў цытрусавых было, аднак, цiха i бязьлюдна. Двух’ярусныя, беззаганна засланыя ложкi, пад лiнеечку састаўленыя цацкi i падручнiкi дужа напомнiлi мне незабыўны салдацкi парадак колiшняй казармы. Нават днявальны стаяў ля тумбачкi каля дзьвярэй. Toe ўражаньне яшчэ болей пацьвердзiлася, калi ў двор з плянтацыяў прымаршыраваў першы атрад на чале з настаўнiкам. Нiякага шуму, дзiцячай мiтусьнi, нават выкрыкаў i гучных размоў. Гучалi толькi каманды. Пасьля абеду ў сталовай адзiн увiшны дванаццацiгадовы хлапчук прадэманстраваў нам зайздроснае ўмельства разабраць i сабраць аўтамат Калашнiкава, другi тое зрабiў нават з завязанымi вачыма. Сапраўды дужа лiха. Але навошта? Вось пра навошта неўзабаве адбыўся дыспут у нашай групе, дзе было некалькi настаўнiкаў. Адны казалi, што тое — правiльна, няма чаго распускаць моладзь, бо адсюль п’янства i ўсё iншае. Тут пануе мэтад Макаранкi, якi ў нас, на жаль, занядбаны. Iншыя пярэчылi, што лепш быў бы мэтад Сухамлiнскага — болей свабоды i павагi да асобы дзiцяцi. Свабоды i так звыш меры, вунь яна да чаго давяла, не пагаджалiся зь iмi, паглядзiце на нашых пiсьменьнiкаў. Хоць бы на таго ж Салжанiцына! Тады, мабыць, самы разумны з нас сказаў, што тое — не прадмет для дыскусii на Кубе, тут свае парадкi, i ня нам у iх умешвацца. За размовай пiльна сачылi нашыя гiды, што некалi вучылiся ў iнстытуце iмя Лумумбы i разумелi па-расейску. Мiкола Матукоўскi тады рабiў у «Известиях», i на Кубе ў яго быў калега, спэцкор тае газэты. Аднойчы ён прапанаваў нам зьезьдзiць да старэйшага брата Фiдэля — Рамона, якi недалёка ад Гаваны працаваў шэфам аграрнага комплексу.
Перад паездкай трохi паспрачалiся, браць цi ня браць бутэльку «Маскоўскай», якая ў нас засталася апошняй. Купiць тут гарэлкi цi якога алкаголю было немагчыма: хоць мы i мелi грошы, ды скончылiся тархеты. Мiкола сказаў: «Што ж, у брата Фiдэля ня знойдзецца для гасьцей чаркi?». Але ягоны калега мякка зазначыў: «Вазьмiце». I мы ўзялi.
Яшчэ не даехаўшы да таго комплексу, убачылi сярод ананасавых плянтацый мноства людзей, занятых тым, што ў нас звыкла называецца барацьбой з пустазельлем. Мы папыталi, дзе офiс прадпрыемства i дзе можна ўбачыць ягонага шэфа спадара Кастра. Нам паказалi на дахi, што непадалёк вытыркалiся з-за пальмаў, а шэф — вунь ён, ачышчае канаву. I праўда, блiзка на ўзбочыне дарогi ўвiшна працаваў шырокiм мачэтэ мажны чалавек са знаёмым барадатым аблiччам, то i быў старэйшы брат камандантэ Рамон. Як мы загаварылi зь iм, сказаў, што цяпер во — працуе, скончыць працу гадзiны праз тры, тады i прыме нас у канторы. Мы пачалi чакаць.
Паблукаўшы па ня надта дагледжаным полi, аддыхалiся ад сьпёкi пад пальмамi, потым зайшлi ў кантору. Спадар Рамон аддаў пэўны загад, паслужлiвыя крэолкi прынесьлi засланкi з курацiнай, гаспадар запрасiў частавацца. Алкаголю не было нiякага, i Матукоўскi дастаў бутэльку, якую разьлiлi ў тузiн фужэраў. За сталом яшчэ апынулiся людзi. Рамон сказаў, што ў iхнiм быце алкаголь не прыняты, i тут жа запар выпiў два фужэры. Пасьля стаў апавядаць, што ў рэвалюцыi ня ўдзельнiчаў, зарабляў грошы для братоў, якiя вучылiся ва ўнiвэрсытэтах i цяпер кiруюць. Двух рэвалюцыянэраў для сям’i даволi, ён жа просты латыфундыст. Ад часу перамогi ў казарме Манкада ня меў нiводнага дня адпачынку. Нiякiх прывiлеяў таксама ня мае, працуе нароўнi з усiмi, а спаганяюць зь яго болей за ўсiх, бо ён — брат камандантэ. Мы паспачувалi пагарджанаму брату, напомнiўшы бiблейскае: Бог няроўна дзелiць. Тым суцешылi яго ды i суцешылiся самi таксама.