Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Праўда, пасьля таго цi ня чвэрць стагодзьдзя Багамолаў не надрукаваў нiчога. Кажуць, усё пiша. Што ж, у час добры!
Таварыства дружбы з замежнымi краiнамi зьбiрала турыстычную групу на Кубу. Першым туды быў запiсаны Мiкола Матукоўскi, якi, вядома ж, з такой нагоды ўспомнiў пра сваiх сяброў i патэлефанаваў мне. Сказаў, што едзе Генадзь, Нiл, яшчэ нехта зь пiсьменьнiкаў. Я пагадзiўся. Хаця далёкi шлях за акiян трохi i палохаў, але чаго ня зробiш за кампанію? Праўда, у апошнi момант Генадзь зь Нiлам адмовiлiся, а мне адмовiцца было нязручна — не хацелася падводзiць Матукоўскага. Група падабралася немалая — чалавек 20 менчукоў, амаль пароўну мужчынаў i жанчынаў, што да мяне, дык амаль усе незнаёмыя. Пералёт сапраўды быў даўгi i цяжкi. Самалёты аэрафлоту, як заўжды, загружалiся поўнасьцю, каб не пуставала нiводнага месца. Сканструяваны ж яны былi такiм чынам, што кожны пярэднi сядзеў амаль на каленях задняга. Пры далёкiх пералётах тое рабiлася невыносным.
Ляцелi з пасадкай у Рабаце (Марока), дзе была запраўка. З самалёту вывелi ўсiх у цесны закуток аэрапорту, дзе нельга было нi сесьцi, нi прайсьцiся, доўга чакалi ў задусе, калi дадуць па бутэльчыне кока-колы. Узброеныя аўтаматамi людзi ў высокiх цюрбанах клапацiлiся пра нашу бясьпеку — казалi, ад мараканскай апазыцыi. Насамрэч выглядала — ад кантактаў з тамашнiмi бэдуiнамi, каб яны не набралiся ад нас камунiзму.
Гавана спаткала нязвыклай гарачынёй i строгiм мытным даглядам. Асаблiва шукалi, каб не было чаго зь ежы, напрыклад, каўбас. Але каўбас няшмат было ў нас i на радзiме, так што пiльнасьць рэвалюцыйных мытнiкаў не прынесла iм жаданага ўлову. З аэрапорту нас з Матукоўскiм узяў да сябе ягоны менскi знаёмец генэрал, што служыў мiлiцэйскiм дарадцам у Гаване. Ён займаў нейкую пакiнутую буржуазным уладальнiкам вiлу — шыкоўную, вялiкую i занядбаную. За шклянкай вiна генэрал распавёў пра сваё жыцьцё, радаснага ў якiм, аднак, было няшмат. У пачастунак яму мы прывезьлi пару боханаў чорнага хлебу, пра якi ў самалёце Матукоўскi казаў: будзе страшэнна рады. Здаецца, сапраўды быў рады…
Групу пасялiлi у гатэлi, цi ня самым шыкоўным у Гаване, каля славутай наберажнай. Але, як i ўсюды, тут на кожным кроку адчувалася безгаспадарчасьць, закiнутасьць i занядбанасьць часовых гаспадароў, што дарвалiся да незаконнага гаспадараньня. Яшчэ ў Маскве нам абмянялi на тутэйшыя песа даволi вялiкую па тым часе суму (400 рублёў), выдалi тархеты — карткi, зь якiмi толькi i можна было што-небудзь купiць. Але купiць не было чаго. Бытавыя тавары прадавалiся толькi па ўнутраных картках, абмежаваных 600 песамi. Прыватны гандаль адсутнiчаў.
Пачалiся арганiзаваныя паездкi па Гаване, наведваньнi гiстарычных месцаў, зьвязаных з гераiчнымi ўчынкамi камандантэ Фiдэля i ягоных слаўных паплечнiкаў Чэ Гевара i Рауля Кастра. У музэi паказалi засьпiртаваныя пальцы Чэ, якi, як вядома, гераiчна загiнуў у Калюмбii, дзе рабiў рэвалюцыю. Але камандантэ адпомсьцiць за пагiбель свайго вялiкага паплечнiка, запэўнiлi нас. Зьезьдзiлi ў Затоку Сьвiней, дзе адважны камандантэ стрэлiў у iнтэрвентаў з савецкай самаходкi, якая там i засталася на вечным прыколе. Затым паглядзелi нейкае балота, што кiшэла кракадзiламi, але ня дужа напалохала нашых жанчынаў, якiя, сказалi, на радзiме бачылi нямала iншых кракадзiлаў — двухногiх. На камфартабэльных iспанскiх аўтобусах зь мяккiмi крэсламi i кандышанамi выправiлiся на другi канец востраву, у братнi з Беларусьсю Камагуэй. Прырода i нават дарога, збудаваная за часы дыктатуры ненавiснага Батысты, былi цудоўныя. Наўкола раскашавалi пальмы, пад якiмi пасьвiлiся статкi буйвалаў зь белымi птушкамi на хрыбцiнах. Воддаль месьцiлiся пальмавыя халупы абарыгенаў, мулатаў i чорных, якiя трымалiся далей ад турыстаў — такi быў загад мясцовых уладаў. Невялiчкiя гарадкi, што траплялiся па нашым шляху, мелi выразны гiшпанскi выгляд — архiтэктурай, цеснымi вулiчкамi, мноствам касьцёлаў. Як аўтобус спыняўся, нас адразу абляпляла дзятва — рус, дай! Давалi усё, што ў каго трапляла — ад значкоў да самапiсак. Усё бралi зь вялiкай ахвотай. Матукоўскi з тае нагоды яшчэ з дому запасься алоўкамi, якiя i раздаваў у дзясяткi прагна працягнутых рук. Але нашага запасу яўна не хапала для ўсiх, хто хацеў што ўзяць. Ля крамаў цярплiва застыглi звыклыя для нас чэргi жанчынаў — чакалi часу прадажы папшою. У другiм месцы душылiся за яркабрунатнымi тазiкамi з плястыку. Усё тое выдавалася па картках, таксама як i два мэтры чорнай i два мэтры белай тканiны на год. Для вызначэньня стану жыцьця беднасьць тут было недакладнае слов, болей дакладным, мабыць, было — галеча. З тым i жылi ў чаканьнi канчатковае перамогi сацыялiзму.