Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
86. Яўген Глебаў
Я чалавек не музыкальны і мала каго ведаў з музыкаў. Ну, можа, Алоўнікава, зь якім нас зьвязвала вайна і агульныя ўспаміны пра баі ў Венгрыі, ці Лучанка, якога ведалі ўсе. Але вось Матукоўскі пазнаёміў мяне з Яўгенам Глебавым, які напісаў музыку балету паводле «Альпійскай балады», што, казалі, з посьпехам ішоў у оперным тэатры.
Балет мне ўвогуле спадабаўся, як можа спадабацца іншае мастацтва паводле празаічнай крыніцы. Добра танцавалі, гарманічны дуэт. Пасьля спэктаклю пазнаёміўся з аўтарам музыкі. Глебаў аказаўся чалавекам камунікабельным, востраязыкім ды іранічным. Гутарыць зь ім было адно задавальненьне. Асабліва калі ён зьедліва-іранічна кранаў палітыку ці беларускае начальства, ад якога нядаўна яшчэ нямала трываў. Яго выключалі з Саюзу кампазытараў, адбіралі працу. Сямейныя праблемы таксама не абышлі яго стараной. Але затым палітыка ў адносінах да інтэлігенцыі трохі паслабела, некаторых пачалі цягнуць у партыю. Глебаў нават стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР.
У партыю ён не хацеў, доўга і вяла супраціўляўся, але ведама, што вялы супраціў — не супраціў. I яго змусілі напісаць заяву. Пасьля — прыём. Пасьля разгляд на парткамісіі райкаму, гаркаму… Звычайна да такой важнай працэдуры будучыя камуністы грунтоўна рыхтаваліся, вучылі гісторыю партыі. Глебаў не рыхтаваўся, таму на ўсе пытаньні, зададзеныя яму на парткамісіі, адказваў — ня ведаю ці проста паціскаў плячыма. Тады самы ўедлівы, ён жа і самы заслужаны член папытаўся: «Ну а ў якім годзе адбылася Вялікая Кастрычніцкая Сацыялістычная рэвалюцыя, вы ведаеце?». Глебаў, гледзячы яму ў вочы, адказаў: «Не, ня ведаю». Ягоны адказ выклікаў абурэньне ў залі. Глебаў падумаў: ну, можа, цяпер адліпнуць? Аж не адліплі — прынялі. Тады Глебаў абурыўся — у яго былі іншыя пляны і надзеі.
Мы зь ім у тую пару часта сустракаліся — у ягоным «даляры» ці ў мяне на Танкавай. Ягоная жонка Ларыса Васільеўна, ня ў прыклад шмат якім пісьменьніцкім жонкам, ва ўсім была на баку мужа і ўсяляк падтрымлівала яго. Жэня бачыў у тым сваё вялікае шчасьце. Так яно і было. Тварыў ён выдатную музыку, можа, і не заўжды беларускую па гучаньні, часам касмапалітычную, любіў скандынаваў, Грыга. Напісаў музыку балету «Маленькі прынц», які быў пастаўлены ў Хельсінкі, і Глебаў езьдзіў туды на прэм’еру. Падчас майго побыту у Фінляндыія спатыкаў некаторых фінаў, што памяталі ягоны спэктакль і празь яго дазналіся тады пра незнаёмую для іх краіну — Беларусь.
87. Парыж
Газэта французкіх камуністаў «Юманітэ» ладзіла свой штогадовы фэст і запрашала гасьцей. Пэўная дэлегацыя павінна была прыехаць і ад КПСС, але сталася так, што адносіны між дзьвюма кампартыямі раптам пагоршыліся. Дэлегацыю з Масквы скарацілі да пяці чалавек, а пасьля да двух. А перад яе ад’ездам вырашылі не пасылаць у Парыж камуністаў. Такім чынам, ад усёй дэлегацыі застаўся адзін беспартыйны Быкаў. Якраз напярэдадні ў мяне выйшла там кніжка «Сотнікаў», што, мабыць, і сталася прычынай пэўнага выбару на паездку. Прысутнасьць беспартыйнага аўтара на фэсьце ў тых умовах не магла чапляць ні адзін, ні другі бок.
Перад адлётам у Міністэрстве замежных спраў належала атрымаць дакумэнты, прайсьці нейкі інструктаж. Дакумэнты далі, а інструктажу я так і не дачакаўся, паляцеў бяз пэўных абавязкаў і пэўнай мэты. У аэрапорце Орлі мяне спаткалі два работнікі гандлёвага прадстаўніцтва, да аднаго зь якіх, Уладзімера, і завезьлі на кватэру. Далей Уладзімер мной і апекаваўся — вадзіў па горадзе, паказваў — Трыумфальную арку, Эйфелеву вежу, палац Шайё на Трыкадэра. Па дарозе зайшлі ў невялічкае кафэ — бістро, дзе выпілі па фужэру піва. Французскае піва я смакаваў першы раз, і яно мяне ўразіла. Пасьля памыйнага «Жыгулёўскага» тое сапраўды было, нібы боскі нэктар. На што-небудзь болей грунтоўнае ў мяне не было грошай, а мой гаспадар, мяркуючы па ўсім, пачуваўся дужа ашчадна, — зьбіраў на каапэратыўную кватэру ў Маскве. Але, як сказаў Уладзімер, мабыць, каб суцешыць госьця, пачастуемся заўтра на фэсьце.
Назаўтра выправіліся ў прыгарадны парк, дзе ладзіўся фэст. Тут сапраўды раскашавала стыхія сьвята, якога я ніколі ня бачыў. У вялізным парку між дрэў стаялі сотні вялікіх і малых палатак-шопаў, у якіх лілася, віравала і смажылася розная смаката. Тысячы людзей, пераважна маладога ўзросту, з усяе Францыі балявалі тут з учарашняга дня — праз усю ноч, месьцячыся ў сваіх усюды і абыяк расстаўленых палатках. Афіцыйная частка з выступам генсека Маршэ чакалася заўтра, а сёньня — адпачынак і зноў баляваньне. Недзе, таксама ў шапіку, павінны былі прадаваць маю кніжку, толькі што выдрукаваную выдавецтвам «Альбін Мішэль». Мы доўга блукалі ў гандлёвых джунглях, пакуль нарэшце знайшлі той шоп. Сярод мноства іншых кніжак і пакункаў ляжалі і пакункі з «Сотнікавым». Але іх чамусь не чапалі, — чакалі кагось з функцыянэраў кампартыі. Як той прыехаў, адразу далі яму маю кніжку. Функцыянэр паглыбіўся ў прадмову, прачытаўшы якую, штось буркнуў і зьехаў. Усе пакункі пачалі загружаць назад у аўто, каб кудысь везьці. Я не разумеў, што адбываецца. Мой гаспадар сказаў: пойдзем, пасьля раскажу.