Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 120 121 122 123 124 125 126 127 128 ... 229
Перейти на страницу:

Яшчэ праз колькі часу на маёй новай кватэры, якую я атрымаў па вуліцы Сьвярдлова, раздаўся тэлефонны званок. Далікатны жаночы голас сказаў, што з таварышам Быкавым хоча размаўляць начальнік абласнога ўпраўленьня Камітэту дзяржаўнай бясьпекі. У мяне ёкнула сэрца — зноў! Аказалася — не. То быў новы начальнік, які месяц таму прыехаў у Горадню, чуў шмат пра мяне (яшчэ б!) і хоча пазнаёміцца сам і пазнаёміць калектыў чэкістаў. Ці ня мог бы таварыш Быкаў у суботу прыйсьці ў камітэт і распавесьці гродзенскім чэкістам пра тое, што напісаў, над чым працуе зараз?

Прыдушыўшы прыкрасьць, давялося пагадзіцца. Празь дзень я ўжо сядзеў за сталом прэзыдыуму перад некалькімі дзясяткамі пераважна маладых людзей у форме і штацкім. Я банальна думаў: як мяняецца час! I людзі. Нават чэкісты. Яшчэ нядаўна мой сябра Iван Друцэ, ня ведаючы майго гродзенскага адрасу, прыслаў тэлеграму: Гродна, КДБ, перадаць Васілю Быкаву. Ужо гэтыя людзі, разважаў Iван, павінны ведаць, дзе ў Горадні жыве Быкаў. Тэлеграма вярнулася назад з адзнакай: месцажыхарства Быкава не ўстаноўлена. Можа, з гэтага выпадку мяне і запрасілі? Аж, мабыць, не.

Пасьля выступу і нядоўгай, ня надта ажыўленай размовы з чэкісцкім калектывам я меў размову з яго начальнікам. Тое было амаль гасьцінна, за філіжанкаю кавы, у начальніцкім кабінэце. Начальнік сказаў, што ў папярэднія гады былі дапушчаны некаторыя памылкі ў адносінах да творчай інтэлігенцыі, у тым ліку і ў Горадні. Цяпер тыя памылкі належыць выправіць. Чэкісты маюць намер наладзіць рэгулярныя зносіны зь мясцовымі літаратарамі і хутка запросяць для знаёмства Карпюка і Дануту. Што ж, думаў я, можа, і правільна. А то столькі год і — незнаёмыя. Не зважаючы на ўсе высілкі Дубавінкіна і Фаміна…

Літаральна праз тыдзень новы начальнік упраўленьня КДБ па Гродзенскай вобласці раптоўна памёр ноччу на ўласнай кватэры. Ягоны плян знаёмства зь мясцовымі літаратарамі павіснуў у паветры.

А пасьля і згінуў зусім. Літаратары з абласным КДБ так і не пазнаёміліся.

83. Лазар Лазараў

Да мяне ў Горадню прыехаў мой даўні маскоўскі сябра Лазар Лазараў. Я спаткаў яго на вакзале, знарок павёў дадому цераз гарадзкі цэнтар — па Ажэшка, Савецкай, каля фары. Мне хацелася, каб ён пабачыў і ацаніў тое, што мне асабліва дорага ў Горадні — яе старажытную заходнасьць. Здаецца, ён зразумеў мой намер і пахваліў мой выбар месца пражываньня. Канешне, Горадня — не сталіца, не буйны прамысловы ці культурніцкі цэнтар, якімі звыкла ганарацца расейцы, — проста ўтульны для чалавека куточак, дзе можна прытуліцца, прагнучы жыцьцёвай адзіноты. Прынамсі, так думалася мне. Фактычна ж было не зусім так. Мастаку ці пісьменьніку ў наш час нідзе немагчыма схавацца, дзяржаўная сыстэма кантролю і нагляду нідзе не пакідае яго ў спакоі — ні ў сталіцы, ані ў правінцыі. Ані за мяжой нават.

Разумны Лазар бачыў усё і, мабыць, усё разумеў. Але ён тактоўна памоўчваў, і я быў удзячны яму за тое, што ён лішні раз не напамінаў мне пра патрэбу перабрацца бліжэй да сталіцаў. Пра тыя пярэбары мне ўжо нямала нагудзелі ў вушы мае сябры — Матукоўскі, Бураўкін і нават Адамовіч. Шмат у чым яны мелі рацыю, але я адмаўляўся. Я ня мог сказаць ім тады, што ў Горадні ў мяне, апроч іншага, ёсьць некаторая сардэчная прывязанасьць, якая мяне тут трымае.

Пасьнедаўшы ў той дзень, мы доўга гаварылі пра справы і літаратуру, тым болей, што Лазар прыехаў ня так сабе, а па інтэрв’ю для часопісу «Вопросы литературы», у якім ён працаваў. Абыходзіцца зь ім мне было лёгка і проста, як, можа, болей ні з кім іншым — мы належалі да аднаго пакаленьня і валодалі прыкладна аднолькавым вопытам вайны. Хіба што ён раней за мяне адваяваўся з сваёй цяжкой ранай, і ягоны лёс павёў яго па шпіталях, у той час як я яшчэ змагаўся зь нямецкімі танкамі. Але ён і пачаў раней — з-пад Сталінграду, дайшоў да ўкраінскай зямлі, дзе мы абодва пралілі сваю кроў. Апроч таго, і нашы літаратурныя сябры ці ня ўсе былі агульныя для абодвух. Некаторых Лазар моцна любіў, некаторых не любіў зусім, але і тое ды іншае пачуцьцё звычайна праяўлялася ў яго далікатна, зважліва і спакойна.

Пасьля я яшчэ пасьпеў паказаць госьцю два старажытныя замкі, касьцёлы, царкву, паўразбураную сінагогу ў квартале былога яўрэйскага гета. Ну а замест узарванай камуністамі царквы і разбураных у вайну ратушы і гатэлю паказаў толькі іх месцы, даўшы яму самому ўявіць, як тое выглядала калісьці. Таксама як і зьнесены квартал ліёнскіх дамкоў, што колісь былі збудаваны для тамтэйшых ткачоў. Зь нясьціхнутым сумам па былой Горадні паехалі ў летувіскія Друскенікі, якія шмат гадоў былі адхланьнем для гарадзенцаў, бы Вэрсаль для парыжанаў. Расслабленая курортная атмасфэра гэтага гарадку ўціхамірвала смутак, асабліва ягоныя паркі са старымі дрэвамі, духмяныя кавярні ды цудоўны сваёй сьціпласьцю музэйчык Чурлёніса. Каньяк у кавярнях яшчэ быў той, што пахнуў клапамі, — выдатны армянскі каньяк. Нёман там здаўся ня надта прыгожы, і я, прыпамятаўшы колішнюю прыхільнасьць Лазара да воднай стыхіі, прапанаваў яму пазнаёміцца з Нёманам заўтра. У Горадні Нёман лепшы. Рэч у тым, што госьць калісьці вучыўся на марака, ваяваў у пяхоце, а хлеб колькі гадоў еў зь літаратуры. Таксама пярэсты пакручасты лёс, як і ў ягонага гаспадара. Але, мабыць, то агульны лёс нашага пастралянага на вайне пакаленьня.

1 ... 120 121 122 123 124 125 126 127 128 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)