Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 127 128 129 130 131 132 133 134 135 ... 229
Перейти на страницу:

Але ўлады стрываць таго, напэўна, не маглі і прымалі свае д’ябальскія меры. Найперш шырокім патокам праз прэсу і тэлебачаньне ішла кампрамэтацыя Салжаніцына як франтавіка, пісьменьніка і грамадзяніна, ён аб’яўляўся здраднікам, паліцаем, уласаўцам. Яго прасьледавалі па месцы жыхарства, і ён нейкі час жыў на лецішчах пад Масквой, у гаражы Растраповіча, пасьля перабраўся ў Маскву. За ягоных сяброў і знаёмых таксама ўзяліся, патрабуючы ад іх выступаў супраць «уласаўца». Газэты друкавалі лісты з подпісамі слынных інтэлігентаў супраць Салжаніцына і Сахарава, звароты працоўных калектываў, якія патрабавалі кары здрайцам.

У гэты час да мяне ў Горадню прыйшла паштоўка з Масквы, дзе невядомы мне югаслаў паведаміў, што хоча прыехаць у Горадню, каб спаткацца са мной па нейкае важнай справе. Што ж, я паважаў югаславаў і пачаў чакаць. Але якраз напярэдадні ягонага прыезду пазванілі з абласнога КДБ, дзе я нядаўна выступаў з гутаркай, і сказалі, што спатканьне лепей за ўсё ладзіць у гатэлі. Яны закажуць, усё забясьпечаць. Мне тое надта не спадабалася, я ўжо ведаў, якія госьці бываюць з-за рубяжа. I ў дзень ягонага прыезду сышоў з дому, сказаўшы сыну, што калі пазвоняць, сказаць, што мяне няма і ня будзе. Тым болей, што я не абяцаў яго прымаць. Але куды было дзецца самому? Дзень быў дажджлівы, на прыродзе не пагуляеш. Дык я паехаў за Нёман да Дануты, там бавіў час да вечару. Югаслаў зьехаў. А мне назаўтра званілі з КДБ, дакаралі, што я іх падвёў.

Паляваньне на пэўных пісьменьнікаў прадаўжалася, і я зьехаў у Маскву. Там нейкі час туліўся на гасьціннай кватэры Грышы Куранёва. Цэкоўцы і кадэбісты шукалі мяне ў Горадні і Менску, у Маскве мяне было не знайсьці. А некаторыя масквічы ў той час зьяжджалі ў іншыя гарады. Бакланаў, напрыклад, тыдзень ці болей інкогніта жыў у Ленінградзе ў рэжысэра Хейфіца. Яго таксама дужа шукалі. Каб запэцкаць і выкарыстаць.

Але колькі дзе ні хавайся, урэшце мусіш вярнуцца дадому. Вярнуўся і я. Трохі пажыў на кватэры, туляючыся, бы злачынца.

А праз колькі дзён пазванілі зь Менску, клікалі, каб ехаць у Магілёў. Я падумаў, што тое будзе дарэчы, і прыехаў у Менск. Адтуль на аўтобусах павезьлі ў Магілёў.

У Магілёве былі нейкія выступы і сустрэчы з удзелам вялікае трупы беларускіх пісьменьнікаў на чале з Iванам Шамякіным. Пасьля абеду паехалі на галаўное магілёўскае прадпрыемства — капралактамавы камбінат. Пашвэндаўшыся па цэхах, зайшлі ў кабінэт дырэктара, дзе той, як звычайна, пачаў распавядаць пра посьпехі прадпрыемства. У сярэдзіне яго расповеду расчыняюцца дзверы, і элегантна апрануты мужчына пытаецца: «Хто тут Быкаў? Тэрмінова выклікае Менск». Я спалохаўся — ці ня здарылася кепскае дома — і выйшаў з кабінэту. Аказалася, трэба ехаць у абкам да прамога проваду. Машына і шафёр чакаюць. Прадчуваючы кепскае, пайшоў да машыны.

У пустым кабінэце першага (быў выхадны) чамусьці доўга ня ладзілася з тэлефонам, мабыць, злучалі з рознымі абанэнтамі. Нарэшце далі трубку, у якой я пазнаў голас аднаго тагачаснага беларускага цэкоўца. Ён ветліва і ціха паведаміў, што ў ЦК КПСС ёсьць ліст слынных дзеячаў культуры, якія рашуча асуджаюць падрыўную дзейнасьць Сахарава і Салжаніцына. Ад Беларусі той ліст падпісаў Мележ, трэба, каб быў і подпіс Быкава. Я сказаў, што той ліст не чытаў, таму падпісваць яго не магу. Ён сказаў, што то мая справа, але ён павінен папярэдзіць аб магчымых наступствах. Я, не разьвітаўшыся, паклаў трубку і выйшаў з кабінэту.

Тая ж машына адвезла мяне на хімкамбінат, але пісьменьнікі адтуль ужо зьехалі. Да гатэлю я дабіраўся самапасам. А як прыехаў, ці ня ўсе мае калегі сядзелі перад тэлевізарам, глядзелі праграму «Время». Знаёмая дыктарка якраз чытала той самы ліст з «Правды», дзе група савецкіх пісьменьнікаў асуджала Сахарава і Салжаніцына. З асаблівай інтанацыяй пералічыла падпісантаў, у тым ліку і маё прозьвішча. Мае калегі ажывіліся, некаторыя павярнуліся да мяне. Iван Чыгрынаў моўчкі, але выразна паціснуў руку. Iншыя нядобра нахмурыліся. Я быў разгублены і падаўлены…

З тым жа настроем прыехаў у Менск. Усё думаў, што рабіць? Ад аднаго дасьведчанага чыноўніка з ЦК дазнаўся, што ўсё вырашалася ў Маскве, а беларускаму толькі загадалі перадаць, што ён і зрабіў са спазьненьнем. Празь дзень вярнуўся ў Горадню. Карпюк быў абураны, як я яму распавёў маю гісторыю. Сказаў, што трэба пісаць. Куды? Скрозь. Усюды. Я патэлефанаваў у Маскву Сяргею Залыгіну, імя якога таксама значылася пад тым лістом. Сяргей Паўлавіч сказаў, што, на жаль, ня можа аб тым гаварыць па тэлефоне, няблага, калі б я прыехаў у Маскву. Я хутка сабраўся і паехаў.

1 ... 127 128 129 130 131 132 133 134 135 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)