Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- ISBN: 978-5-9691-0429-7
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
Як мы адышліся ад кніжных гандляроў, ён распавёў, што здарыўся недагляд. Прадмову да кніжкі напісаў Жан Катала, журналіст і дыплямат, які перастаў быць прыхільнікам кампартыі і пачаў крытыкаваць Маршэ. Таму ФКП ня хоча, каб кніжку зь ягонай прамовай прадавалі на фэсьце «Юманітэ». Я тую навіну прыняў спакойна — ня хочуць, хай не прадаюць, мне менш клопату. Усё роўна мне не заплоцяць, мабыць, мой ганарар пайшоў ужо на патрэбы замежнага аддзелу КПСС. (Колькі пасьля ў Францыі выдавалі мае кніжкі, ганарары заўсёды прысвойваліся Масквой. Толькі апошні раз, у гады «незалежнасьці», аташэ па культуры прывёз мне ў Менск трохі франкаў.)
Мы кудысьці ішлі між вясёлага, гаманкога, яўна п’янаватага людзкога мурашніку, што віраваў у дыме ад шашлыкоў, смажаных індычак, каўбас і процьмы іншае гарачае смакаты. Уладзімер напаткаў кагось вялікага і вусатага, які абрынуўся на нас з пачосткай, асабліва як дазнаўся, што я з Масквы. Ад яго перайшлі да іншых, а затым далей і яшчэ. Там давялося пакаштаваць шампанскага з далінаў Шампані, каньяку з гораду Каньяк. Побач ва ўсім гэтым вялізным парку жвава частаваліся і французы — камуністы і некамуністы, белыя і чорныя, хлопцы і кабеты. У канцы дня мы ледзьве дабрылі да ўскраіны Булонскага лесу, дзе асталявалася жыхарства савецкай гандлёвай місіі.
На другі дзень, як мы туды прыехалі, народу бачна паменела. Усе алеі, праходы былі закіданы бутэлькамі, піўнымі бляшанкамі, паперай ад упаковак, газэтным клоччам, нейкім рызьзём ці бялізнай. Сярод таго хламу мой гаспадар нагледзеў і падняў кімсь кінуты білет члена ФКП. Пабалявалі і ўжо стаў непатрэбны, а спатрэбіцца — зноў уступіць, сказаў Уладзімер. Тут з гэтым няма праблемаў. Народу паболела пад абед, як на подыуме летняй сцэны паявілася начальства і сярод яго — камлюкаваты, чорнавалосы генсэк Жорж Маршэ. Ён пачаў прамову, якая доўжылася ці ня дзьве гадзіны. Перад ім хвалявалася мора людзей. Газэты пісалі, што на мітынгу было каля мільёну чалавек. Toe падобна на праўду.
Трэці дзень меркавалася грунтоўна агледзець Парыж, схадзіць у музэі. Ды раптам зранку паявіўся малады калега Уладзімера, які езьдзіў на машыне, сказаў, што мяне клічуць у ЦК ФКП. Чакае сакратар па ідэалёгіі.
Уваход у бэтонна-казематны будынак ЦК быў з аховай — жандараў і каравульшчыкаў ва ўніформе, якія кудысь званілі, націскалі кнопкі, дзьверы-вароты расчыняліся, нібы глытаючы нас, двух прахожых. Пасьля доўга ішлі калідорам, сьцены якога мелі выгляд няскончанай будоўлі — быццам зь іх толькі зьнялі апалубку. Мабыць, гэта быў такі мадэрнова-марксісцкі стыль архітэктурнага прымітывізму. Затое кабінэт сакратара ЦК меў даволі ўтульны выгляд. Немалады ўжо, чарнаваты чалавек з худым і нэрвовым тварам, здаецца, ні пра што не папытаўшы ў мяне, адразу пачаў маналёг, які скончыў толькі ў канцы прыёму. Перакладчык меў магчымасьць пераказаць хіба яго палову, зь якой я мала што зразумеў. Я заўважыў толькі выраз, які паўтарыўся колькі разоў: перадайце Міхаілу Андрэевічу… Якому Міхаілу Андрэевічу? Нашаму мастаку Савіцкаму? I толькі напрыканцы сьцяміў, што сакратар ЦК ФКП меў на ўвазе свайго калегу ў Маскве — таварыша Суслава. Але пры чым тут я? Што, я з Суславым п’ю ранкам гарбату?
Пра тое, аднак, я здагадаўся ў канцы прыёму, калі тэмперамэнтны француз устаў і зусім па-сяброўску працяг мне руку. Орэвуар? Гуд бай? Аўфідэрзэен? — Да пабачэньня! — адказаў я выразам, які ён наўрад ці калі тут чуў.
З ЦК паехалі ўжо з новым гідам-перакладчыкам, ім аказаўся французскі камуніст, колішні малдаўскі яўрэй. Ён распавёў, як шмат год быў прэзыдэнтам розных фірмаў, што належалі ФКП, зарабляў для партыі грошы. Шмат грошай! А цяпер ён бядняк, пэнсія малая, большай у кампартыі не заслужыў. Працоўнаму люду ў Францыі наогул жыць цяжка, цэны высокія, а заробкі малыя. У крамах поўна тавараў, але крамы пустыя — у пакупнікоў няма грошай. Я сказаў тады, што і ў нас таксама: грошай зашмат, а тавараў пуста. Тут мы з вамі зраўняліся. Гідукамуністу тое маё параўнаньне ня надта спадабалася.
Далей гід звазіў мяне ў новы раён Парыжу Дэ-манш зь яго мадэрнова-шкляной архітэктурай, паказаў парлямант, знакаміты Дом Iнвалідаў, дзе пахаваны Напалеон. Завіталі і ў Булонскі лес, сярод дрэваў там блукалі наркаманы і на лаўках спалі клашары. Па дарозе заехалі на Манпарнас, у знакаміты рэстаран мастацтвазнаўцы Льва Дамініка, які трымаў расейскую кухню і пачаставаў гасьцей сапраўднай расейскай гарэлкай. Яна была ў цёмнай бутэльцы з чырвонай сургучнай галоўкай. Непадалёк захавалася арка, колішнія гарадзкія вароты, медная табліца на якіх распавядала, што адсюль у 1791 годзе пачалася Вялікая Французская рэвалюцыя, пасьля таго як улады забаранілі прывозіць у Парыж віно. (А мы прывыклі думаць, што тая рэвалюцыя мела іншую прычыну. Як усё ж важна дапяцца да першакрыніцаў!) Увечары французская кампартыя прэзэнтавала «маскоўскаму госьцю» спэктакль у знакамітай Myлен руж. Седзячы за маленькім, як і ўсюды, столікам, я зь цікавасьцю разглядваў голых прыгажунь у акварыюме на сцэне, як яны там куляліся і скакалі. Бы сапраўдныя русалкі. Iх гульню камэнтаваў зь вялізнага экрану прэзыдэнт Францыі Жыскар д’Эстэн, а японскія турысты дружна пляскалі ў ладкі.