Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 126 127 128 129 130 131 132 133 134 ... 229
Перейти на страницу:

Ці ня ўвесь свой апошні дзень у Парыжы праблукаў па боскіх анфіладах Луўра, дзе ўрэшце закружылася галава і пачалі падкошвацца ногі. Мабыць, як нельга зашмат піць гарэлкі ці есьці смакаты, так нельга за адзін дзень спажыць тое, што напрацавана культурай не аднаго стагодзьдзя. Тым болей знанай і працавітай бабуляй — эўрапейскай культурай. На Луўр ня хопіць ні дня, ні тыдня, ні месяца. У ім трэба жыць гады, можа, нават жыцьцё. Але нашае жыцьцё належыць іншаму, — на вялікі, спазьнелы жаль…

У Лацінскім квартале яшчэ можна было згледзець сьляды нядаўніх маладзёвых падзей, сутычак з паліцыяй, клочча праклямацыяў на сьценах. Матыў адчужэньня гучаў у студэнцкіх выступах, натхнёных радыкальнымі заклікамі сваіх агітатараў, сярод якіх былі славутыя дзеячы эўрапейскай культуры. Рэжысёр Антаніёні, філёзаф Кон-Бендыт клікалі маладых цалкам спустошыцца, вытрасьці зь сябе ўсё, што засталося, каб яно ня труціла новае, што зацеплілася ў іхніх душах. Суладна зь ім вяшчаў французскі камуніст Ражэ Гародзі наконт таго, каб наймацней выказаць аспэкт адчужанасьці, нават не вызначаючы яго прычыны. Тое здавалася празьмерна рэвалюцыйным, хаця ў таго ж Гародзі былі і слушныя выказваньні, напрыклад, супраць эпічнага раману, які здаўна культываваўся ў літаратуры сацрэалізму. Я прыпамятаў, што ў гэтым сэнсе зь ім быў згодны Твардоўскі ды іншыя «навамірцы», якія даўно аддавалі перавагу кароткай аповесьці.

Пасьля мне не аднойчы шчасьціла наведаць Парыж, першасная сьвежасьць адчуваньня памалу страчвалася. Але ў той першы раз я быў ап’янёны ад ягоных палацаў, шыкоўных бульвараў са старымі вузлаватымі дрэвамі, вузенькіх вуліцаў, цесных кафэ з маленькімі столікамі на тратуарах. Жвавая лёгкасьць французаў і прыветная ўсьмешыстасьць парыжанак вабілі і зачароўвалі. Ну а знакаміты МаннМартр быў як дакор нам, што не ўбераглі свайго хараства, для якога ня трэба было ні шмат грошай, ні вялікіх высілкаў. Толькі трошкі павагі да сябе і ўласнай культуры. Калі б ня войны, не рэвалюцыйнае ачмурэньне, чымсьці падобным да Манн-Мартру ў нас маглі б стаць шмат якія гарадкі зь іх старажытнасьцямі (Полацак, Віцебск, Наваградак), касьцёлаў ды цэркваў там хапала, таксама як вузенькіх вулічак і зграбных фасадаў. Ну а мастакоў у нас заўжды было ня менш, чым у Парыжы. Праўда, мы іх не шанавалі, мы ім выкручвалі рукі, змушаючы рабіць тое, што яны не хацелі рабіць. Шагал зьехаў ад нас сюды, у гэтую мастакоўскую мекку, і сусьветнай славы дасягнуў тут, а ня ў нас. У нас яго ўпарта не прызнавалі, нават у васьмідзясятыя гады савецкая ўлада з дапамогай афіцыёзных мастакоў паклёпнічала на яго, бо ён ня наш, не камуніст, буржуазны мастак, да таго ж яўрэй.

Так, ня наш! Шагал належыць Сусьвету, да якога, на жаль, ніяк не пагаджаемся належаць мы. Бо мы — ці ня боскае пракляцьце найперш за нашу дурноту.

Невясёлыя думкі-развагі апаноўвалі мяне ў небе над Эўропай, па шляху назад, і я запісаў у сваім нататніку вешчыя словы вялікага француза: «Я пра[цягваю] думаць, што ў гэтым сьвеце няма вышэйшага сэнсу. Але я ведаю, што нешта ў ім усё ж мае сэнс. Альбер Камю…».

88. Магілёўская драма

На дзень народзінаў Аляксандра Салжаніцына я паслаў яму віншаваньне і неўзабаве атрымаў ліст у адказ. Адносіны тады паміж інтэлігенцыяй і ўладамі ўсё пагаршаліся, і Аляксандр Iсаевіч суцяшаў, што ўсё будзе добра. Што ён глядзіць у будучыню з аптымізмам. Тое, вядома, абнадзейвала.

I праўда, увосень Швэдзкая акадэмія прысудзіла Салжаніцыну Нобэлеўскую прэмію, зь якой я і некаторыя мае сябры зь Менску павіншавалі ляўрэата. Пасьля ён і яшчэ прыслаў ліст, а затым і яшчэ некалькі. Выехаць на Захад Салжаніцын ня мог, дык было вырашана ўручыць яму прэмію ў Швэдзкай амбасадзе ў Маскве. Салжаніцын прыслаў мне запрашэньне на цырымонію ўручэньня.

1 ... 126 127 128 129 130 131 132 133 134 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)