Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Биографии и мемуары » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 8». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
Восьмы том Поўнага збору твораў Васіля Быкава склала яго мэмуарная проза — усе вядомыя і адшуканыя ў Архіве пісьменьніка тэксты: «Доўгая дарога дадому», «Парадоксы жыцьця. Запісы розных гадоў», «Пункціры жыцьця. Далітаратурная біяграфія».
1 ... 128 129 130 131 132 133 134 135 136 ... 229
Перейти на страницу:

Залыгіна застаў дома, ён пачуваўся ня лепшым чынам і ціха распавёў, што ўсё тое — вялікая правакацыя, учыненая Шаурам ды іншымі. Iх па адным выклікалі ў ЦК і там проста выкручвалі кожнаму рукі, дамагаючыся подпісу. Верныя партыйнай дысцыпліне камуністы-пісьменьнікі, хоць і неахвотна, змушаныя былі падпісаць. Залыгін жа, спаслаўшыся на сваю беспартыйнасьць, спрабаваў адмовіцца. Тады перад ім паставілі пытаньне: з кім ён — зь імі ці з намі? Яны хутка апынуцца на лаве падсудных, як бы не далучылі да іх і вас. Залыгін толькі нядаўна перабраўся ў Маскву, атрымаў неблагую кватэру, меў нейкія літаратурныя і выдавецкія пляны (пасьля стаў галоўным рэдактарам «Нового мира»), а тут такі зьверскі выбар. I ён падпісаў.

«Але ж я не падпісваў!» — сказаў я. — «Ну дык ты ж — у правінцыі. У правінцыі ўсё прасьцей. I страшней», — сказаў Залыгін, які толькі месяц таму выбраўся зь сібірскай правінцыі.

Мы доўга гаманілі і думалі ў той вечар. Я застаўся начаваць у Залыгіных. Вырашылі прыдумаць што заўтра. Найперш належала перапрасіць Аляксандра Iсаевіча. Зранку пачалі званіць па знаёмых. Нехта даў тэлефон Растраповіча, дзе нейкі час жыў Салжаніцын. Але той тэлефон не адказваў, а аўтаадказчыкаў тады не было. Не адказваў і маскоўскі тэлефон будучай жонкі Салжаніцына. Нехта з агульных знаёмых сказаў, што Аляксандр Iсаевіч зьехаў. Напэўна, за мяжу. Тут яго не знайсьці. Тады я напісаў ліст у ЦК, Залыгін памагаў. Але ў ніводны пад’езд на Старой плошчы мяне не пусьцілі. Давялося аднесьці ліст на пошту, адправіць заказным. Адказу на яго не атрымаў ніколі.

Пайшоў у часопіс, дзе працаваў Лазар, які пад той час пісаў кнігу пра маю творчасьць, і я хацеў параіцца зь ім. Выйшлі на вуліцу, пагаманілі, штораз азіраючыся. Мудры Лазар мяне суцешыў: «Ня тузайся, не апраўдвайся, нічога нікому не тлумач. Тыя, што цябе ведаюць, усё зразумеюць бяз слоў, а хто ня ведае, таму не растлумачыш. Хай застаюцца пры сваім».

Тым ня менш тлумачыць давялося — тады і пасьля. Некаторыя слухалі і маўчалі. Некаторыя абураліся. Я пачуваўся вінаватым. Але што можна было зрабіць?

Пасьля Аляксандра Салжаніцына выслалі з краіны, і я зь ім не пабачыўся і не павініўся. Было дужа няёмка. Я праклінаў тых, што ўчынілі такое нялюдзтва…[3]

89. Справы асабістыя

У даволі драматычным і багемным пісьменьніцкім побыце немалая праблема склалася праз алкаголь. Частыя паездкі, бадзяньні і гасьцяваньні, паседжаньні і зьезды амаль ніколі не абыходзіліся без таварыскіх пачостак, нярэдка даўгіх і празьмерных. Не заўсёды яны міналіся ў таварыскай лагодзе — часам адбываліся ў сварах і каштавалі нэрваў…

Памятаю, на нейкім зьезьдзе мы з адным маім сябрам, толькі спаткаўшыся ўранку, вядома ж, скіравалі ў буфэт, дзе і заселі надоўга. Неўзабаве да нас далучыліся два кіеўскіх літаратары, і пачалася спрэчка пра адносіны да Віктара Някрасава, якога цкавалі ў Кіеве. Спрэчка перайшла ў злосную сварку, і мы сварыліся і пілі аж да сканчэньня мерапрыемства. Так і не зайшоўшы ў залю. І гэта не адзіны выпадак. Былі і горшыя.

Натуральна, што такія паводзіны не маглі не застацца без непажаданых наступстваў. Не маглі не прывесьці да канфліктных адносінаў у сям’і.

Першы адчуў кепскае ў маім жыцьці Аляксей Карпюк, каторы пачаў захады здалёку. Аднойчы паехаў у Менск і насварыўся на маіх сяброў за тое, што яны нібыта спойваюць Быкава. Тады гэта мяне абурыла, і я пасварыўся з Карпюком. А як пагляджу цяпер, з вышыні пражытых гадоў, дык бачу, што цьвярэзьнік Карпюк меў рацыю. Хаця яго прынцыповая цьвярозасьць, штодзённыя зарадкі і наогул любоў да фізкультуры не прадоўжылі ягонага жыцьця. На чалавека заўжды знойдзецца якая халера — ня рак, дык начальства, якое ня горш за хваробы ўмее загнаць чалавека ў дамавіну. А што да гарэлкі, дык хто яе ня піў? Як казалі мае землякі, той ня п’е, у каго няма грошай. Неўпрыцям стварыўся пэўны імідж Быкава, вядома, ня самы лепшы, і я знарок не бурыў яго. Ён што-нішто мне выбачаў, найперш у вачох начальства. Хаця тут важна было не перабраць меры. Іначай сьвяціла яшчэ большая небясьпека.

У Маскве ў той час я калі-нікалі заходзіў да Куранёва і там пазнаёміўся зь ягоным сябрам, псыхіятарам Валодзем. Валодзя працаваў загадчыкам аддзяленьня псыхіятрычнай больніцы, ня так даўно лячыў генэрала Грыгарэнку і яшчэ некаторых дысыдэнтаў. Аднойчы ў выхадны, калі мы з Куранёвым былі ў яго на гасьцях, доктар прапанаваў пазнаёміцца зь ягонымі хворымі, тым болей што больніца знаходзілася ў суседнім корпусе. Мы пайшлі. Увогуле было цікава, ні Куранёў, ні я з псыхамі яшчэ не знаёміліся. I мы іх пабачылі. То было жахлівае відовішча. Адзін, лежачы на ложку, скардзіўся, што не выконваецца плян вывазкі драўніны, толькі што ён званіў у дальні лясгас. Я запытаўся ў доктара, ці адсюль у яго ёсьць магчымасьць званіць? Ды не, кажа доктар, тое яму толькі здаецца. То сакратар абкаму па прамысловасьці, і ён усё кіруе выкананьнем пляну. Другі, здаровы дзяцюк, што еў за сталом кашу, аказваецца, быў выпускнік школы КДБ, які перад тым, як ехаць на заданьне, збаяўся, і яго падазраюць у сымуляцыі. А трэці — вунь той, што ляжыць на ложку і пазірае на нас, прапанаваў Суславу праэкт рэфармаваньня ўраду. Суслаў яго сюды і прыслаў. Куранёў запытаўся: «А што, яны — сапраўды хворыя?». Доктар з усьмешкай сказаў: «Здаравейшыя, чым мы з вамі».

вернуться

3

Шмат гадоў пасьля адзін адказны працаўнік ЦК КПСС па шчырасьці растлумачыў мне, што тое было зроблена дзеля майго паратунку. Iнакш яны змушаны былі б скіраваць мяне сьледам за Салжаніцыным.

1 ... 128 129 130 131 132 133 134 135 136 ... 229
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)