За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Неўзабаве на дарозе паказалася адзінокая фігура, яна панура рухалася ў бок лесу. Нехта — высокі, у цёмным,— ішоў сюды, таксама як i яна, адзінокі.
Калі чалавек параўняўся з ялінай, Еўка адчула, як кінулася ў твар кроў. Гэта не быў твар Марціна, з яго юначай гожасцю i мяккасцю. Твар мужчыны, глыбока перарэзаны ўродлівым шнарам, твар, дачасна састарэлы, пакутлівы i худы, выглядаў з-пад чорнага капюшона. Але ўслед за гэтым яна пазнала яго — па вуснах, што, нават сціснутыя, захоўвалі нейкую лагоднасць, па вачах, разумных i задуменных. I — выйшла з-за дрэва.
Мужчына здрыгануўся, але ледзь прыкметна. Ён моўчкі глядзеў, як яна ішла да яго, худы твар закамянеў яшчэ болей.
Еўка хацела загаварыць — але горла было сцятае. I тады, не помнячы сябе ад жалю i журбы, яна зрабіла адзінае, што магло дапамагчы ім абаім — яна абвіла яго рукамі, як свайго, як роднага, і, схапіўшы худыя яго пальцы, стала ix цалаваць.
Марцін, захоплены знянацку, стаяў, апусціўшы рукі. Яна не магла бачыць, што твар яго скажоны мукай, толькі пачула голас:
— Нашто вы... гэта?
— Я думала... я думала... вы мёртвы! — словы вырваліся з яе грудзей, яна, не стрымліваючыся, загаварыла, захлынаючыся, прасіла літасці — з-за таго, што не магла пахаваць яго, таму што i яе, як i Гальшку, сілай пасадзілі i павезлі. Яна расказвала, што i мёртвага любіла яго, што не жыла, а пакутавала... I што ніколі, ніколі не адпусціць яго болей...
Тады ён таксама абняў яе, i, не помнячы ні аб часе, ні аб акружаючым — ні аб чым, аглушаныя i накрытыя гарачай, нястрымнай плынню любасці i шчырасці, яны нахал i адзін аднаго, i, апроч зораў, што густа высыпалі ў небе, зялёнага мяккага моху i магутных ялін, што высока ўзнесліся ў неба, нічога не было, i толькі глуха, аднастайна, але ўпарта, не перастаючы, вухкаў далёка-далёка ў лесе сыч...
Праз тры дні Марцін разам з дзядзькам, старым Юрыем Завішам, прыехаў да Ваяра Касцевіча — прасіць, каб даў дазвол на шлюб i на прыняцце дачкой кальвінісцкай веры.
Шляхціц выслухаў ix спакойна, пасля сказаў:
— Раз яго мосць выбрала для сябе гэтую новую веру, я нічога не магу сказаць пра яе благога — яму відней. Але дачка мая, як i мае продкі адвеку, праваслаўныя. Калі ёй так проста веру бацькаву змяніць, то як яна будзе вернаю малжонкай свайму мужу?
I не згадзіўся на тое, як ні гаварылі яму стары i малады Завішы пра тое, што новая царква бліжэй да простага чалавека, такога, як ён, i што паміж ім i богам не будзе цяпер хцівага i пагрузлага ў грахах духавенства.
— Што свяшчэннікі думаюць пра мірское i грашаць — праўда,— сказаў Касцевіч.— А што я просты чалавек — нязгода! Я — па томны баярын, род мой ад ГедЫмінавічаў ідзе i ад Рурыкавічаў адначасна. Нягледзячы, што я збяднеў — але гэта ў руцэ божай. Спадзяюся падняцца, а можа, дзеці дапамогуць. Здаецца мне, што гэтую новую веру перачакаць трэба...
— Але ж дачка ваша кахае яго, — паказаў Юры Завіша на пляменніка,— i ён яе таксама!
— Можа, з-за таго вернецца да свайго, бацькоўскага, — спакойна сказаў гаспадар.— Загінуў яго бацька, як харобры воін, i сыну не прыстала ад яго адмаўляцца. Анроч таго, абяцаў я пані Беаце, што будзе да смерці дачка мая служыць Астрожскім...
Марцін выйшаў ад Касцевічаў счарнелы. Перадаў Еўцы ліст, дзе прасіў яе паўздзейнічаць на бацьку праз маці. Але тая спалохана замахала рукамі:
— Я не красамоўца, думаеш, лацно мне з ім жыць было? Усё жыццё слухаць слухаў, a рабіў па-свойму. Суседзі вунь невымоўне шкоды чынілі — маўчаў. А пасля сваіх пахолкаў узяў ды з гакоўніцамі пана Богуша падсцярог. Аб чым гаварылі, не ведаю, але абыход наш цяперака ніхто не чапае...
А па нейкім часе бацька паклікаў дачку да сябе i сказаў ёй сурова:
— Час табе вяртацца, дачка. Вяртайся да пані Беаты. Тут табе не месца, i жаніх такі нам непрыдатны.
— Але чаму? — апускаючыся ля ног бацькі, яна падняла да яго змучаны за гэтыя дні твар. I папрасіла:
— Злітуйцеся, тата!
Ён доўга глядзеў на яе, пасля прагаварыў:
— Вас не абвянчаюць без бацькоўскага бласлаўлення. I — не магу парушаць свайго слова. Я — шляхціч.
Ён не хацеў нават гаварыць пра Марціна, называючы яго здрайцам i адступнікам.