За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Цёмная, яшчэ амаль зімовая ноч плыла над Варшаваю, над Кракавам, дзе малады кароль, схіліўшыся над картаю Каралеўства, слухаў гарачыя словы Мікалая Сянніцкага, арыяніна, аб тым, што роўнасць людзей — права, дадзенае ім пры нараджэнні, а сакратар каралеўскі, Францішак Красінскі, нячутна выходзіў туды i сюды, падносячы на старадаўнім лакавым, прывезеным з усходніх краін, надносіку цяжкі, з мноствам граняў старадаўні келіх з шафранавым пітвом, і, слухаючы госця, зласліва ўсміхаўся пра сябе... Маладая Гальшка бачыла ў сне вясёлага, прыгожага, як грэчаскі бог, спевака, а яшчэ сніла, як бяжыць яна па лузе, затканым, як на габеленах, белымі ліліямі.
Еўка ж у гэтую ноч, калі над палямі ярка гарэў Уласажэлец, дабралася да сваіх, змучаная фурманкай, дзе ў ногі дзьмула, як з бездані.
Бацькоўскі двор здаўся ёй пацьмянелым, як бы ўрослым у зямлю. Лямус, стайня з вазоўняй, гумнішча — усё было як бы зброснелым, заледзянелым. Фурман, прывязаўшы каня да «компасу», пайшоў у кухню вячэраць, a Еўка, падняўшыся па высокім, з балясінамі, ганку, прайшла ў сталовую, дзе ўжо чакала яе маці.
Усё тыя ж абразы, атуленыя бялюткімі, з чырвонай вышыўкай, ручнікамі, віселі на покуце, на пабеленых сценах месціліся: стары, старанна зацыраваны габелен, падораны некалі, пад ім — два разьбяныя куфры. Лава была засцеленая мядзведжаю шкураю, добра працёртай — яе таксама пазнала Еўка.
Кранула, што маці, чакаючы яе, відаць, ужо колькі дзён апраналася ў лепшае: на цёмнай сукні — летнік адамашкавы з аксамітнымі ўстаўкамі, на галаве — намітка з вісону. Устала з лавы. Твар асвяціўся радаснай усмешкай. Пайшла насустрач, стрымліваючы сябе. Хварэла маці, гэта было адразу заўважна, мусіць, рыхтавалася i да смерці, таму што ўвесь час была сцішаная, рухалася мала, толькі 'неадрыўна глядзела на даччын твар.
I бацька выйшаў не абы-як — у вышываным жупане, накрытым тонкай скурай, ботах з высокімі халявамі. Натапыраныя доўгія вусы зусім сівыя. I сястра Ганна, якая ўжо замуж была выдадзеная, але з-за смерці мужа вярнулася да маці, таксама выбегла прыбраная — у саяне зялёным люнскім, з шалікам адамашкавым гваздзіковым на галаве. Па гэтых прыкметах, а таксама па тым, як трымаліся з ёю родныя, зразумела Еўка, як высока с.тавяць яны тое, што дачка ix жыве не абы-дзе, a ў самой пані Астрожскай, у чыіх жылах цячэ кроў каралеўская. Горка ёй стала на душы — не ведаюць яны, што дачку ў тым Астрозе бізунамі секлі, што пані з ёю не гаворыць! Даведаўся б аб тым бацька — памёр бы, мусіць, ад сораму. «Але ж,— адразу падумалася ёй, — абое яны — i маці, i бацька — былі колісь пры Радзівілах, дык няўжо там не прывыклі да свавольства магнацкага?» А пасля зразумела, што бацька, доўгія гады жывучы сваім дваром, i сапраўды забыўся на ўсё, што закранала некалі гонар, i помніў толькі бляск забаў, свавольствы i ўцехі. I гэта сагравала яго ў самотнай старасці. Тое ж, што жыў ён цяпер ні ад кога не залежачы, забыты i богам, i Радзівіламі, поўніла яго гонарам, што — змог сам стаць на ногі, не зламаўся. А цяпер вось яна, дачка, перад суседзямі — такой жа шляхтай, як i ён,— дапамагае трымаць гонар. I ўжо, вядома, заўтра наладзяць у маёнтку баляванне, i прымусяць яе расказваць, расказваць, што там да чаго... Ведалі i тут, на Белай Pyci, аб прыгодах Гальшкі Астрожскай, гадалі-думалі, хто стане наступным мужам, i тое, што Еўка мае да таго хаця якое дачыненне, i на яе клала нейкі водбліск незвычайнасці, таямніцы.
Назаўтра сапраўды наехала шляхты — процьма. Прыехалі нават паны Завішы, а таксама Кітовічы — мноства паненак на выданні, усе вёрткія, цікаўныя, як векшы. I, на радасць маткі'і бацькі, змаглі яны суседзяў прыняць як мае быць. На стале былі не толькі свае, мясцовыя страны — дзічына, зайчаціна i вепрычына, густа, аж да звону ў вушах, пасыпаная перцам, тоўчаным мускатным арэхам i гваздзікамі, шчупакі i галаўні ўпечаныя, але i галяндзерскія селядцы, i гарчыца, i каша з дарагога рысу. Трайныя мяды, віно пілі пераважна мужчыны. Але i для жанчын, спецыяльна з самога Нясвіжу, з аптэкі, былі прывезеныя розныя салодкія прысмакі, стаяла некалькі галовак цукру, розныя варэнні. А яшчэ — i такое бачылі паны ўпершыню — на стале паставілі два гарбузы, напоўненыя замарожанай белай масай, з малінавым прысмакам. «Марожанае»,— ганарліва растлумачыла недасведчаным Ганна. Нават мужчыны пакаштавалі дзіўнае тое марожанае, але салодкае не надта спадабалася ім, i яны перайшлі на віно, жалудовую i гваздзіковую гарэлку.
I Еўка мусіла расказваць. Гаварыла яна складна i займальна — усе сядзелі як скамянелыя. Пра ўсё расказала — i як пана Сангушку на стайню валаклі, i як, сустрэўшы дачку пасля, пані Беата розныя надрабязнасці судовай справы аб тым здарэнні расказвала.