За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Зачынілі скрыню, аднеслі назад, a ў Еўкі сэрца кроўю аблілося — гэта ж колькі людзей некалі лягло пад тым бярдышом?!
A з другіх дзвярэй падзямельных барылы з мядовым напіткам выносілі, пляцёнкі баршчу, галоўкі капусты ды рэдзькі кошыкі, сала вяпровага, ялавічыны скрынкі, а яшчэ гваздзікі, шафран, перац — усяго не злічыць. А далей не грузілі — прымалі ад мужыкоў вепраўшчыну, i тыя ж скрыні, барылы, глякі ў падзямеллі неслі ды неслі. Кіпела вакол, віравала работа, i Еўка сцішылася. Рабіла сваё, толькі ўначы падумалася ёй — а што ж там, у Нясвіжы, чакае? Што яна ўбачыць? Можа, i лепей паехаць, каб адляцелі мары ды прывіды, каб перастала думаць пра жыццё дарэмнае i марнасць усіх клопатаў навакольных? Адвязе ліст у канцылярыю пана Мікалая, паглядзіць, якім стаў Нясвіж. Андрэй на развітанне падарыў ёй жменю манет, пастаяў побач, задуменна сказаў:
— Адна душа была блізкаю, дый тую звялі... Ты ж, дач ка, беражы там сябе, душу сваю беражы ад уздражнасці i злосці.
— Так гаворыш, бацька, нібы ca мной развітваешся,— папракнула яго Еўка.
— Mo i так,— згадзіўся Андрэй,— Перастаў ад жыцця чакаць нечага, можа, таму i не надта ім даражу.
I пяшчотна пагладзіў яе па плячы, павярнуўся i рушыў да сваіх кніг.
Канчалася зіма 1555 року. У Варшаве, у зімовым садзе каралевы-маці, цвілі нязнаныя на Польшчы кветкі, пахла лімонавым веццем. Старая ўжо, але вёрткая i парывістая, з калючым поглядам маленькіх цёмных вочак на пажоўклым, азызлым твары, Бона літасціва дазволіла Беаце пацалаваць руку, абняла яе.
Каралеву Бону многія не любілі i пры двары, i ў аддаленых землях Княства за сквапнасць i неразборлівасць у сродках. Але адносіны яе да Беаты Касцялецкай выклікалі здзіўленне — мала ўступалі яны адносіпам каралевы да родных дачок. Шапталіся, што тут уладарка перавышала жанчыну, Бона шукала аддадзеных ёй людзей. A родзічы Беаты былі ўдзячны ёй бязмерна. Праўдай было тое, што род Касцялецкіх, пачынаючы ад самога Андрэя, кашталяна Вайніцкага, i канчаючы біскупам пазнанскім Янам, таксама сынам караля, быў з тых, чыёй сілай чужая для польскай Кароны італьянка так цвёрда трымала ўладу. Але лепшыя гады Боны прайшлі. Сын яе, Сігізмунд Аўгуст, які ў маладосці піў i еў толькі з матчыных рук, цяпер, пасля многіх сварак i сутычак, a асабліва пасля загадкавай смерці Барбары Радзівіл, стаў смяротным яе ворагам. А яна, нягледзячы на старасць, была яшчэ куслівай i грознай, любіла паказаць сваю ўладу i таму, насуперак яму, з падкрэсленай любоўю прыняла Беату з Гальшкай.
Слугі, стоячы за дзвярыма, побач з пакаёвымі паннамі каралевы, назіралі за тым, як прысела перад каралеваю Гальшка, схіліўшы аж да зямлі ўкрытую лёгкім белым покрывай галаву. Лазуровая яе сукня была вышыта дыяментамі, дыяменты блішчалі на мяккіх русых валасах. Пані Беата была ў барвовым, абшытым гшсцом плашчы, вялікая залатая фібула жаўцела на шыі, светлыя валасы, укладзеныя ў адмысловую прычоску, былі пакрытыя белай карункавай хусцінкай.
Садоўнік-італьянец зрэзаў з вялікага пышнага куста белую ружу, падаў яе Боне. Тая панюхала кветку, палюбавалася ёю, пасля працягнула Гальшцы:
— Вазьмі. Усе кавалеры пры двары анямеюць ад тваёй красы.
— Ix i так шмат, міласцівая пані,— тонкім галаском адазвалася Беата, дапамагаючы дачцэ прышпіліць кветку да грудзей,— Мне б толькі выдаць яе замуж як належыць.
Боне падалі другую кветку, яна азірнулася (панны адразу ж падставілі ёй разьбяную лаву, яна грузна села на яе), пасля задумалася, гледзячы на маладую жанчыну, чые прыгоды ўсхвалявалі дзве дзяржавы i нават суседнія краіны. Расправа над Змітраком Сангушкам, пажадлівыя заходы польскіх i літоўскіх паноў былі ёй добра вядомы. Але яна ведала, што сын яе, Сігізмунд Аўгуст, пакуль схільны аберагаць Княства ад паноў польскіх, не даць ім замацавацца на яго землях.
Яшчэ з тых даўніх часоў, калі, застаўшыся пасля смерці Ядвігі не надта пажаданым каралём Кароны польскай, 'ліхаманкава шукаў навокал хаця якой падтрымкі Ягайла-Уладыслаў, былы самастойны ўладар магутнага Вялікага княства Літоўскага, засталася ў ім перасцярога i ўпэўненасць, што ён i патомкі яго, у выпадку чаго, маюць свае, патомныя землі. Сын Ягайлы, дванаццацігадовы Казімір, быў ужо аднойчы аб'яўлены незалежным ад Польшчы князем, i толькі вялікае жаданне Кароны не страчваць магутныя землі на ўсходзе прымусіла папоў згадзіцца на абранне Казіміра яшчэ i каралём польскім. Астацца сам-насам з крыжакамі было небяспечна, i менавіта землі Княства надавалі Ягелонам моцы ў самыя першыя дзесяцігоддзі ix уладарання. Да таго ж старадаўнія праваслаўньш роды, якія яшчэ трымалі ўладу ў Княстве, клапаціліся пра яго незалежнасць. Статут літоўскі не дапускаў, каб паляк, жанаты на беларусінцы, з аставаўся на яе землях — не, ен атрымліваў выкуп — за зямлю, якая ўся заставалася за родзічамі жонкі.