Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Позна ўвечары невялiчкай групай пайшлi ў рэстаран, трэба было адзначыць знаёмства з Таганкай. Iнiцыятарам таго, вядома ж, быў Адамовiч. Памятаю, тады ж пазнаёмiўся з Юрам Каракiным302, якi нядаўна прыехаў з Прагi, дзе працаваў у часопiсе. Размова, натуральна, зайшла пра тэатр i сучасных актораў. Акторы ўвогуле дрэнь, нават i ў славутых тэатрах. Бо ўсе выходзяць з навучэнства паводле адной сыстэмы. А ў навучэнства трапляюць або па блаце, або па агульным конкурсе: хто без памылак напiша сачыненьне на тэму «Я знаю, город будет, я знаю, саду цвесть». На Захадзе iнакш, казаў Каракiн. Знакамiты рэжысэр Вiсконцi, якому спатрэбiлася ў Алжыры маладая актрыса, пайшоў у суседнюю гiмназiю i «выгледзеў» дзяўчыну. Тою дзяўчынай аказалася Клаўдзiя Кардынале. «Мабыць, у пэўных краiнах дзяўчаты ад нараджэньня — актрысы, вольныя i таленавiтыя, чаго ў нас нiякiмi лекцыямi не даможашся. Але для таго яшчэ трэба быць знакамiтым Вiсконцi», — сказаў Высоцкi. Як разыходзiліся, ён папытаўся, цi нельга ў Менску дзе «падхалтурыць», на якой карцiне, бо трэба грошы.
Як бы там нi было, мяне ўгаварылi паспрабаваць напiсаць п’есу, на гэты раз сынтэтычную з дзьвюх аповесьцяў — «Сотнiкаў» i «Круглянскi мост». Я абяцаў, хаця з увагi на складанасьць задачы мне далi памочнiка, якi, здаецца, усё i зрабiў. Прыехаўшы на прагон, я мала што зразумеў. Але мусiў празь дзень iсьцi зь Любiмавым у Мiнкульт, дзе павiнна адбыцца абмеркаваньне i выдача (цi нявыдача) дазволу на спэктакль. Тут мяне чакала шмат новага i нават цiкавага.
Абмеркаваньне адбывалася ў шыкоўным старасьвецкiм кабiнэце мiнiстэрства культуры — з гарбатай на сталах, пры зважлiвай цiшынi прысутных, аргумэнтаваных выступах адказных чыноўнiкаў i пiсьмовай рэгiстрацыi iхнiх прэтэнзiяў. Начальнiк глаўку сядзеў змрочнай чыгуннай тумбай, на якую Юрый Пятровiч, здаецца, не зьвяртаў нiякай увагi. Як, зрэшты, i на выступы ўсiх астатнiх. Калi ўсё было скончана, далi слова Любiмаву, якi ва ўласьцiвай яму бескампрамiснай манеры сказаў, што ён ня хлопчык на пабягушках Мiнкульту цi нават хiмiка Дзёмiчава, ён рэжысэр, ставiць п’есу паважанага аўтара i зробiць толькi тое, што палiчыць патрэбным. А калi ён на штосьцi скажа НЕ, дык ужо будзьце ўпэўненыя, нiхто яго ня змусiць тое зрабiць. Гэта яго апошняе слова.
Мне гэта дужа спадабалася, гэткага рашучага дзеяча культуры я бачыў упершыню. Тады яшчэ было невядома, куды яго прывядзе тая рашучасьць, чым абернецца ў яго тэатральным лёсе. Хаця што-нiшто можна было прадбачыць. Хутка ён зьедзе з Масквы, яго пазбавяць савецкага грамадзянства, будзе бадзяцца па сьвеце, аднак застаючыся верным сьвятому паклiканьню мастацтва, i пераможцам вернецца назад пасьля развалу СССР. Але для таго Любiмаву трэба было пражыць шмат год. У мастацтве наогул трэба жыць доўга, бо за кароткае жыцьцё рэдка каму наканавана здабыць перамогу.
Позьняй восеньню адбылася прэм’ера спэктаклю пад назвай «Перекрёсток» (Перакрыжаваньне). Сцэнаграфiя славутага мастака Бароўскага была выкананая ў выглядзе некалькiх складзеных накрыж бярвеньняў, па якiх поўзалi пэрсанажы п’есы. Я маўчаў. Тэатралам той сцэнавы антураж падабаўся.
Спэктакль паводле «Апошняга шанцу» ў Купалаўскiм тэатры адбыўся няхутка, мне ў iм запомнiлася яркае, нават магутнае выкананьне ролi Мейра старым шаноўным Дзядзюшкам.
Але, як гэта нярэдка бывае, яркая зорка сваiм сьвятлом прытушыла бляск iншых. Хаця вiна ў тым, можа, ляжыць i на аўтары, якi «ня справiўся», ня даў патрэбнага шанцу заблiшчэць i ўсiм астатнiм. А галоўнае, як я зразумеў, паводле прыроды сваёй мастацтва — справа iндывiдуальная. Калектыўным яго зрабiлi жыцьцё ды гiстарычныя абставiны i ўжо тым самым паставiлi пад сумнеў яго, так бы мовiць, першазданную, мэтафiзычную сутнасьць. Без тае сутнасьцi мастацтва — не мастацтва, а ўсяго толькi вытворчасьць пацехi.
Але культурная парадыгма мяняецца. Век iндывiдуалiзму, дарэшты расквiтнеўшы, уступае месца вынайдзенаму Юнгам фэномэну бесьсьвядомага калектыўнага. Колiсь то быў фэномэн, цяпер — агульнаўпадабаны працэс, што ахапiў краiны i кантыненты. Мабыць, культура, як i жыцьцё, у сваiх выявах зьменлiвая, шматаблiчная i бясконцая. Хаця i ў мiнулым ня ўсё было проста; заблытана i складана, як i цяпер. Вядома, што Твардоўскi не любiў вершы, Бунiн i Хэмiнгуэй — тэатр, Горкi ненавiдзеў праўду, якой усё жыцьцё iмкнуўся служыць Талстой, i нарадзiў сацрэалiзм. Мабыць, болей праўды ў афарызме Бярдзяева, што «культура — гэта няўдача чалавецтва», i ўжо безумоўна ў словах Гётэ: «Памiж двума поглядамi — ня iсьцiна, а праблема».. Таму цi варта дыскутаваць пра культуру? Прыняць за iсьцiну знакамiты «Чорны квадрат» Малевiча i зачынiць праблему? Былi i яшчэ спэктаклi паводле названых ды iншых п’есаў Быкава. Ставiў iх ленiнградзкi тэатр на Лiцейным, маскоўскi тэатр Станiслаўскага, расейскi тэатр iмя Горкага ў Менску, шмат якiя тэатры ў Расеi, на Украiне, у краiнах Цэнтральнай Азii. Але тое — без удзелу i нават без увагi аўтара, якi з самага пачатку страцiў цiкавасьць да тэатру. Можа, так i не набыўшы яе. Але што ж: кожнай вароне — свой сук на дрэве. На чужы сядаць i ня трэба.