Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Назаўтра выправiлiся ў прыгарадны парк, дзе ладзiўся фэст. Тут сапраўды раскашавала стыхiя сьвята, якога я нiколi ня бачыў. У вялiзным парку мiж дрэў стаялi сотнi вялiкiх i малых палатак-шопаў, у якiх лiлася, вiравала i смажылася розная смаката. Тысячы людзей, пераважна маладога ўзросту, з усяе Францыi балявалi тут з учарашняга дня — праз усю ноч, месьцячыся ў сваiх усюды i абыяк расстаўленых палатках. Афiцыйная частка з выступам генсека Маршэ чакалася заўтра, а сёньня — адпачынак i зноў баляваньне. Недзе, таксама ў шапiку, павiнны былi прадаваць маю кнiжку, толькi што выдрукаваную выдавецтвам «Альбiн Мiшэль». Мы доўга блукалi ў гандлёвых джунглях, пакуль нарэшце знайшлi той шоп. Сярод мноства iншых кнiжак i пакункаў ляжалi i пакункi з «Сотнiкавым». Але iх чамусь не чапалi, — чакалi кагось з функцыянэраў кампартыi. Як той прыехаў, адразу далi яму маю кнiжку. Функцыянэр паглыбiўся ў прадмову, прачытаўшы якую, штось буркнуў i зьехаў. Усе пакункi пачалi загружаць назад у аўто, каб кудысь везьцi. Я не разумеў, што адбываецца. Мой гаспадар сказаў: пойдзем, пасьля раскажу. Як мы адышлiся ад кнiжных гандляроў, ён распавёў, што здарыўся недагляд. Прадмову да кнiжкi напiсаў Жан Катала, журналiст i дыплямат, якi перастаў быць прыхiльнiкам кампартыi i пачаў крытыкаваць Маршэ. Таму ФКП ня хоча, каб кнiжку зь ягонай прамовай прадавалi на фэсьце «Юманiтэ». Я тую навiну прыняў спакойна — ня хочуць, хай не прадаюць, мне менш клопату. Усё роўна мне не заплоцяць, мабыць, мой ганарар пайшоў ужо на патрэбы замежнага аддзелу КПСС. (Колькi пасьля ў Францыi выдавалi мае кнiжкi, ганарары заўсёды прысвойвалiся Масквой. Толькi апошнi раз, у гады «незалежнасьцi», аташэ па культуры прывёз мне ў Менск трохi франкаў.) Мы кудысьцi iшлi мiж вясёлага, гаманкога, яўна п’янаватага людзкога мурашнiку, што вiраваў у дыме ад шашлыкоў, смажаных iндычак, каўбас i процьмы iншае гарачае смакаты. Уладзiмер напаткаў кагось вялiкага i вусатага, якi абрынуўся на нас з пачосткай, асаблiва як дазнаўся, што я з Масквы. Ад яго перайшлi да iншых, а затым далей i яшчэ. Там давялося пакаштаваць шампанскага з далiнаў Шампанi, каньяку з гораду Каньяк. Побач ва ўсiм гэтым вялiзным парку жвава частавалiся i французы — камунiсты i некамунiсты, белыя i чорныя, хлопцы i кабеты. У канцы дня мы ледзьве дабрылi да ўскраiны Булонскага лесу, дзе асталявалася жыхарства савецкай гандлёвай мiсii.
На другi дзень, як мы туды прыехалi, народу бачна паменела. Усе алеi, праходы былi закiданы бутэлькамi, пiўнымi бляшанкамi, паперай ад упаковак, газэтным клоччам, нейкiм рызьзём цi бялiзнай. Сярод таго хламу мой гаспадар нагледзеў i падняў кiмсь кiнуты бiлет члена ФКП. Пабалявалi i ўжо стаў непатрэбны, а спатрэбiцца — зноў уступiць, сказаў Уладзiмер. Тут з гэтым няма праблемаў. Народу паболела пад абед, як на подыуме летняй сцэны паявiлася начальства i сярод яго — камлюкаваты, чорнавалосы генсэк Жорж Маршэ. Ён пачаў прамову, якая доўжылася цi ня дзьве гадзiны. Перад iм хвалявалася мора людзей. Газэты пiсалi, што на мiтынгу было каля мiльёну чалавек. Toe падобна на праўду.
Трэцi дзень меркавалася грунтоўна агледзець Парыж, схадзiць у музэi. Ды раптам зранку паявiўся малады калега Уладзiмера, якi езьдзiў на машыне, сказаў, што мяне клiчуць у ЦК ФКП. Чакае сакратар па iдэалёгii.
Уваход у бэтонна-казематны будынак ЦК быў з аховай — жандараў i каравульшчыкаў ва ўнiформе, якiя кудысь званiлi, нацiскалi кнопкi, дзьверы-вароты расчынялiся, нiбы глытаючы нас, двух прахожых. Пасьля доўга iшлi калiдорам, сьцены якога мелi выгляд няскончанай будоўлi — быццам зь iх толькi зьнялi апалубку. Мабыць, гэта быў такi мадэрнова-марксісцкi стыль архiтэктурнага прымiтывiзму. Затое кабiнэт сакратара ЦК меў даволi ўтульны выгляд. Немалады ўжо, чарнаваты чалавек з худым i нэрвовым тварам, здаецца, нi пра што не папытаўшы ў мяне, адразу пачаў маналёг, якi скончыў толькi ў канцы прыёму. Перакладчык меў магчымасьць пераказаць хiба яго палову, зь якой я мала што зразумеў. Я заўважыў толькi выраз, якi паўтарыўся колькi разоў: перадайце Мiхаiлу Андрэевiчу… Якому Мiхаiлу Андрэевiчу? Нашаму мастаку Савiцкаму? I толькi напрыканцы сьцямiў, што сакратар ЦК ФКП меў на ўвазе свайго калегу ў Маскве — таварыша Суслава. Але пры чым тут я? Што, я з Суславым п’ю ранкам гарбату? Пра тое, аднак, я здагадаўся ў канцы прыёму, калi тэмперамэнтны француз устаў i зусiм па-сяброўску працяг мне руку. Орэвуар? Гуд бай? Аўфiдэрзэен? — Да пабачэньня! — адказаў я выразам, якi ён наўрад цi калi тут чуў. З ЦК паехалi ўжо з новым гiдам-перакладчыкам, iм аказаўся французскi камунiст, колiшнi малдаўскi яўрэй. Ён распавёў, як шмат год быў прэзыдэнтам розных фiрмаў, што належалi ФКП, зарабляў для партыi грошы. Шмат грошай! А цяпер ён бядняк, пэнсiя малая, большай у кампартыi не заслужыў. Працоўнаму люду ў Францыi наогул жыць цяжка, цэны высокiя, а заробкi малыя. У крамах поўна тавараў, але крамы пустыя — у пакупнiкоў няма грошай. Я сказаў тады, што i ў нас таксама: грошай зашмат, а тавараў пуста. Тут мы з вамi зраўнялiся. Гiдукамунiсту тое маё параўнаньне ня надта спадабалася.