Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Ня надта памятаю, як тое адбывалася ў Менску. Здаецца, у невялiчкай залi «Мутнага вока» сабралася паўсотня пiсьменьнiцкiх актывiстаў, з ЦК прыйшоў сакратар Кузьмiн. Пра творчасьць юбiляра зрабiў паведамленьне крытык Бугаёў. Пасьля нешта блытана (п’янавата) дзякаваў я — усiм сябрам i ворагам. З нагоды юбiлею хацелася быць вялiкадушным. Кузьмiн казаў, што вось-вось павiнна прыйсьцi вестка пра ўзнагароджаньне, але нешта затрымлiваецца ў Маскве. Ня сталi чакаць спазьнелай узнагароды, а як скончылiся выступы, пайшлi ў рэстаран, дзе разам абмылi i гiпатэтычную ўзнагароду.
У Гораднi было горш. Абласное начальства, нібы ў якасьцi выбачэньня за прычыненыя Быкаву ранейшыя крыўды, прызначыла ўрачыстасьць у вялiкай залi палацу тэкстыльшчыкаў. Прыйшлi прадстаўнiкi працоўных калектываў, iнтэлiгенцыi i нешматлiкiя сябры юбiляра. Пярэднiя лаўкi заняло партыйнае кiраўнiцтва вобласьцi на чале з новым першым Кляцковым. На подыюм пасярод сцэны паставілi прывезенае з тэатральнага рэквiзыту старамоднае, каралеўскага кшталту крэсла з высокiм падсьпiньнiкам i пазалочанай аздобай. Toe было самае пакутнае, што я мусiў трываць якiх пару гадзiн. Я сядзеў, бы на патэльнi, ледзьве слухаючы лiсьлiвыя выступленьнi i прывiтаньнi i ў думках праклiнаючы сябе за тое, што дажыўся да такога сораму. Тады ўжо я пэўна ведаў, што адношуся да тых людзей, якiм трываць лаянку куды лягчэй, чым пахвалу. Да пахвалы не прывык i пачуваўся жахлiва. Асаблiва на вачох дзясяткаў знаёмых людзей, якiя Бог ведае што пра мяне тады думалi.
Яшчэ праз колькi часу на маёй новай кватэры, якую я атрымаў па вулiцы Сьвярдлова, раздаўся тэлефонны званок. Далiкатны жаночы голас сказаў, што з таварышам Быкавым хоча размаўляць начальнiк абласнога ўпраўленьня Камiтэту дзяржаўнай бясьпекi. У мяне ёкнула сэрца — зноў! Аказалася — не. То быў новы начальнiк, якi месяц таму прыехаў у Горадню, чуў шмат пра мяне (яшчэ б!) i хоча пазнаёмiцца сам i пазнаёмiць калектыў чэкiстаў. Цi ня мог бы таварыш Быкаў у суботу прыйсьцi ў камiтэт i распавесьцi гродзенскiм чэкiстам пра тое, што напiсаў, над чым працуе зараз?
Прыдушыўшы прыкрасьць, давялося пагадзiцца. Празь дзень я ўжо сядзеў за сталом прэзыдыуму перад некалькiмi дзясяткамi пераважна маладых людзей у форме i штацкiм. Я банальна думаў: як мяняецца час! I людзi. Нават чэкiсты. Яшчэ нядаўна мой сябра Iван Друцэ294, ня ведаючы майго гродзенскага адрасу, прыслаў тэлеграму: Гродна, КДБ, перадаць Васiлю Быкаву. Ужо гэтыя людзi, разважаў Iван, павiнны ведаць, дзе ў Гораднi жыве Быкаў. Тэлеграма вярнулася назад з адзнакай: месцажыхарства Быкава не ўстаноўлена. Можа, з гэтага выпадку мяне i запрасiлi? Аж, мабыць, не.
Пасьля выступу i нядоўгай, ня надта ажыўленай размовы з чэкiсцкiм калектывам я меў размову з яго начальнiкам. Тое было амаль гасьцiнна, за фiлiжанкаю кавы, у начальнiцкiм кабiнэце. Начальнiк сказаў, што ў папярэднiя гады былi дапушчаны некаторыя памылкi ў адносiнах да творчай iнтэлiгенцыi, у тым лiку i ў Гораднi. Цяпер тыя памылкi належыць выправiць. Чэкiсты маюць намер наладзiць рэгулярныя зносiны зь мясцовымi лiтаратарамi i хутка запросяць для знаёмства Карпюка i Дануту. Што ж, думаў я, можа, i правiльна. А то столькi год i — незнаёмыя. Не зважаючы на ўсе высiлкi Дубавiнкiна i Фамiна…
Лiтаральна праз тыдзень новы начальнiк упраўленьня КДБ па Гродзенскай вобласцi раптоўна памёр ноччу на ўласнай кватэры. Ягоны плян знаёмства зь мясцовымi лiтаратарамi павiснуў у паветры.
А пасьля i згiнуў зусiм. Лiтаратары з абласным КДБ так i не пазнаёмiлiся.
Да мяне ў Горадню прыехаў мой даўнi маскоўскi сябра Лазар Лазараў. Я спаткаў яго на вакзале, знарок павёў дадому цераз гарадзкi цэнтар — па Ажэшка, Савецкай, каля фары. Мне хацелася, каб ён пабачыў i ацанiў тое, што мне асаблiва дорага ў Гораднi — яе старажытную заходнасьць. Здаецца, ён зразумеў мой намер i пахвалiў мой выбар месца пражываньня. Канешне, Горадня — не сталiца, не буйны прамысловы цi культурнiцкi цэнтар, якiмi звыкла ганарацца расейцы, — проста ўтульны для чалавека куточак, дзе можна прытулiцца, прагнучы жыцьцёвай адзiноты. Прынамсi, так думалася мне. Фактычна ж было не зусiм так. Мастаку цi пiсьменьнiку ў наш час нiдзе немагчыма схавацца, дзяржаўная сыстэма кантролю i нагляду нiдзе не пакiдае яго ў спакоі — ні ў сталiцы, анi ў правiнцыi. Анi за мяжой нават. Разумны Лазар бачыў усё i, мабыць, усё разумеў. Але ён тактоўна памоўчваў, i я быў удзячны яму за тое, што ён лiшнi раз не напамiнаў мне пра патрэбу перабрацца блiжэй да сталiцаў. Пра тыя пярэбары мне ўжо нямала нагудзелi ў вушы мае сябры — Матукоўскi, Бураўкiн i нават Адамовiч. Шмат у чым яны мелi рацыю, але я адмаўляўся. Я ня мог сказаць iм тады, што ў Гораднi ў мяне, апроч iншага, ёсьць некаторая сардэчная прывязанасьць, якая мяне тут трымае. Пасьнедаўшы ў той дзень, мы доўга гаварылi пра справы i лiтаратуру, тым болей, што Лазар прыехаў ня так сабе, а па iнтэрв’ю для часопiсу «Вопросы литературы», у якiм ён працаваў. Абыходзiцца зь iм мне было лёгка i проста, як, можа, болей нi з кiм iншым — мы належалi да аднаго пакаленьня i валодалi прыкладна аднолькавым вопытам вайны. Хiба што ён раней за мяне адваяваўся з сваёй цяжкой ранай, i ягоны лёс павёў яго па шпiталях, у той час як я яшчэ змагаўся зь нямецкiмi танкамi. Але ён i пачаў раней — з-пад Сталiнграду, дайшоў да ўкраiнскай зямлi, дзе мы абодва пралiлi сваю кроў. Апроч таго, i нашы лiтаратурныя сябры цi ня ўсе былi агульныя для абодвух. Некаторых Лазар моцна любiў, некаторых не любiў зусiм, але i тое ды iншае пачуцьцё звычайна праяўлялася ў яго далiкатна, зважлiва i спакойна.