Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Улетку восемдзесят трэцяга году давялося паехаць у Кёльн на пiсьменьнiцкi кангрэс. Дэлегацыя з Масквы была невялiкая, пад старшынствам Сяргея Мiхалкова: Еўтушэнка, Распуцiн, Межэлайцiс, я ды яшчэ нехта. Цудоўны надрэйнскi горад, якi, як i шмат iншых заходненямецкiх гарадоў, за пасьляваенны час падняўся з попелу ваеннага разбурэньня, вабiў прыгажосьцю, уладкаванасьцю i, вядома ж, славутым Кёльнскiм саборам, блiзь якога ў гатэлi мы i жылi. Кангрэс праводзiўся ў залi гарадзкой бiблiятэкi. Выступы былi даволi гарачыя — у сьвеце яшчэ не прастыла людзкое абурэньне з нагоды задушэньня «Пражскай Вясны». Савецкiя пiсьменьнiкi слаба апраўдвалiся, звыкла спасылаючыся на «падкопы англа-амэрыканскага iмперыялiз-му». Але самае яркае выступленьне належала Генрыху Бёлю, слухаць якога на плошчу перад бiблiятэкай сабраўся вялiзны натоўп гараджанаў. Гэты выдатны нямецкi пiсьменьнiк, змагар з фашызмам i бальшавiцкiм таталiтарызмам, працiўнiк ракетна-ядзернага шаленства, скончыў сваю прамову цытатай з Шэкспiра: «Чума — на оба ваших дома», i слухачы ў залi i на плошчы наладзiлi яму авацыю.
Пад той час я ўжо ведаў з успамiнаў Бёля i ягонай аўтабiяграфii, што мы зь iм па розныя бакi ваявалi ў Малдавii i пад Ясамi, падобна, удзельнiчалi ў адных баях. Там я, кантужаны, вярнуўся ў свой батальён, а Бёль, сiмулюючы хваробу, дамогся адпраўкi ў тыл — такая была рознасьць нашых пазыцыяў у той вайне. На перапынку я падышоў да Бёля i напомнiў яму пра нашу вайсковую агульнасьць. Бёль пасьмяяўся i сказаў, што калi не цяпер, дык пасьля мы зразумеем, што абодвух нас выкарысталi ў бруднай справе забойства дзеля ўлады аднолькава злачынных сiлаў. Мабыць, ён меў рацыю, хаця тады я ня мог цалкам зь iм пагадзiцца. Усё ж я ў вялiкай меры заставаўся саўком, у той час як нобэлеўскi ляўрэат Бёль сягаў высока i глядзеў на сьвет Божы iнакш — шырака i непадлегла. Я заўжды зь вялiкай цiкавасьцю чытаў тое нешматлiкае зь ягонай публiцыстыкi, што паяўлялася на расейскай мове. Што ж да ягонага ўплыву на эўрапейскую сьвядомасьць, дык ён быў доўгім i неаспрэчным. Толькi пасьля ягонай сьмерцi ў 1985 годзе значэньне асобы Бёля ў Эўропе пачало цьмець. Але тады на яго месца ў Нямеччыне прыйшлi ягоныя маладзейшыя аднадумцы, такiя, як, напрыклад, Гюнтар Грас, што прадоўжылi гуманiзм вялiкага немца.
Тая мая размова зь Бёлем мела пэўны працяг.
Праз колькі месяцаў на міжнародным пісьменьніцкім кангрэсе ў Сафіі маскоўская журналістка Жэня Кацава падвяла мяне да двух немцаў. Адзін зь якіх быў мюнхенскі рэдактар часопісу, а другі ветэран мінулай вайны, пісьменьнік Гейна Кіпхард. Былы танкіст Кіпхард, аднапалчан ін Бёля, таксама ваяваў у Малдавіі, вельмі магчыма, у тых жа мясьцінах, дзе і Быкаў, і цяпер прапануе разам напісаць кнігу пра сумесныя баі, але з розных пазыцыяў. Бёль дужа падтрымлівае гэтую ідэю. Тую ж ідэю горача падтрымаў і кіраўнік балгарскіх пісьменьнікаў Л. Леўчаў, які сказаў, што гатовы стварыць нам пэўныя ўмовы — даць мейсца для працы ў адным з дамоў творчасьці СП Балгарыі. Я там пагадзіўся.
Праз колькі часу мы з Кіпхардам спаткаліся зноў, на той раз у Кёльне, абмеркавалі некаторыя дэталі сумеснай працы і разьехаліся зь цьвёрдым рашэньнем на пачатку вясны паехаць у балгарскі Бургас і засесьці за працу. Аднак не заселі. Кіпхард раптоўна памёр. За ім памёр і наш апякун Генрых Бёль.
Між тым надышоў час юбiлею, — падкацiў неўпрыкмет. Яшчэ нядаўна быў малады, «пачынаючы», а ўжо 50, паўстагодзьдзя. Уся маладосьць ззаду. Стары… Мабыць, так цi накшталт таго разважае шмат хто ў свае 50 год. Але мяне тады болей турбавала iншае. У СП сказалi, што «есть мнение» юбiлей Быкава праводзiць на двух узроўнях — рэспублiканскiм i абласным. Тое мяне зусiм панiшчыла, нават на адзiн узровень я ня меў сiлы цi адвагi, а тут два разам. Але ж — сябры! Сябры прагнулi адзначыць.