Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Пасьля я яшчэ пасьпеў паказаць госьцю два старажытныя замкi, касьцёлы, царкву, паўразбураную сiнагогу ў квартале былога яўрэйскага гета. Ну а замест узарванай камунiстамi царквы i разбураных у вайну ратушы i гатэлю паказаў толькi iх месцы, даўшы яму самому ўявiць, як тое выглядала калiсьцi. Таксама як i зьнесены квартал лiёнскiх дамкоў, што колiсь былi збудаваны для тамтэйшых ткачоў. Зь нясьцiхнутым сумам па былой Гораднi паехалi ў летувiскiя Друскенiкi, якiя шмат гадоў былi адхланьнем для гарадзенцаў, бы Вэрсаль для парыжанаў. Расслабленая курортная атмасфэра гэтага гарадку ўцiхамiрвала смутак, асаблiва ягоныя паркi са старымi дрэвамi, духмяныя кавярнi ды цудоўны сваёй сьцiпласьцю музэйчык Чурлёнiса. Каньяк у кавярнях яшчэ быў той, што пахнуў клапамi, — выдатны армянскi каньяк. Нёман там здаўся ня надта прыгожы, i я, прыпамятаўшы колiшнюю прыхiльнасьць Лазара да воднай стыхii, прапанаваў яму пазнаёмiцца з Нёманам заўтра. У Гораднi Нёман лепшы. Рэч у тым, што госьць калiсьцi вучыўся на марака, ваяваў у пяхоце, а хлеб колькi гадоў еў зь лiтаратуры. Таксама пярэсты пакручасты лёс, як i ў ягонага гаспадара. Але, мабыць, то агульны лёс нашага пастралянага на вайне пакаленьня. Назаўтра ранiцай паплылi ад гарадзенскiх мастоў унiз — да Пышак, паўзь Мелавыя горы, Ласасянкi i далей да вусьця Чорнай Ганьчы. У мяне тады быў невялiчкi маторны кацярок маркi «Прагрэс», на якiм я тут аб’езьдзiў усё навакольле ўверх i ўнiз па Нёмане. I цяпер з захапленьнем старажыла паказваў госьцю тое, што шмат разоў бачыў сам. Чaхаў на малых абаротах маторчык, мiма праплывалi баравыя i лугавыя беражкi, пясчаныя косы i парослыя трысьнягом старыцы. У зацiшных мясьцiнах зьдзiўлена пазiралi зь берагу нерухомыя чаплi, а поруч боўталi ў вадзе цяжкiя рыбiны. Навокал не было нi душы. Мы выбралi здатны мурожны беражок i дасталi начыньне для шашлыку. Пакуль над плёсам расплываўся смачны дымок, размаўлялi пра наша паганае жыцьцё, хоць у Маскве цi ў Гораднi, за якое колiсь пралiвалi кроў. Мы дык хоць выжылi, а нашыя таварышы (97 з сотнi) — даўно ў братнiх магiлах, раскiданых па зямлi ад Сталiнграду да Эльбы. Пагiнулi, так i не дазнаўшыся, калi скончылася вайна — тое найбольш для iх крыўдна. Можа, думаюць, што мы ўсё ваюем? Як той партызан з анэкдоту, што вылез зь лесу i пытаецца ў хлопчыка: дзе немцы? Хлопец кажа: якiя немцы, вайна ж даўно скончылася. Партызан расчаравана вылаяўся: а я ўсё цягнiкi пад адхон пушчаю. Падобна, гэтак i мы. Вайна даўно скончылася, а мы ўсё ня можам адчапiцца ад яе — усё пiшам i пiшам. Можа, каму гэта трэба? Так, трэба, кажа Лазар. Пакуль будзе балець, трэба пiсаць. Ды ўжо ж, ад таго болю колькi гадоў няма нам спакою. I ня будзе, кажа мой сябра. Тое — наш пажыцьцёвы боль. «Мае веды пэсымiстычныя, але мая воля i надзея аптымiстычныя», — хацелася мне думаць словамi Альбэрта Швэйцара. Позна ўвечары па цiхай вадзе вярталiся ў горад. Нёман рыхтаваўся да начнога спачыну, абапал на берагах зблiзку i здалёку запальвалiся агнi. То было маё апошняе нёманскае падарожжа, нечаканае разьвiтаньне з гэтай мiлай ракой, сьцiплай сваёй мiлосьцю, лепшаю за ўсе вядомыя мне рэкi Эўропы i Азii.
Яшчэ калi я жыў у Гораднi, неяк прыехаў туды Андрэй Макаёнак, якi быў дэпутатам Вярхоўнага Савету па Гарадзенскай акрузе, меў з намi спатканьне. Мы з Карпюком i Данутай вадзiлi яго ў рэстаран, заходзiлi да яго ў гатэль. Тады ён у мяне запытаў: «Слухай, чаму ты не напiшаш п’есу? У цябе такi драматычны матар’ял, — што нi аповесьць, то амаль гатовая п’еса. Напiшы. Калi што, i я памагу, пачытаю…». Пасьля мяне пра тое ж прасiлi з тэатру, рэжысэр Раеўскi, i я неяк мiжволi пачаў прымервацца да п’есы. Вядома ж, драмы на тэму мiнулай вайны. Але я ўсё ж не драматург i нават не аматар тэатру, тое, мабыць, паўплывала на працу i на яе вынiк. Як празь нейкi час мяне ўгаварылi прачытаць мой твор перад калектывам Купалаўскага тэатру, стала зразумела, што шэдэўру не атрымалася. Але тут усё праз таго ж Макаёнка прыйшла прапанова з маскоўскага МХАТу, там захацелi пазнаёмiцца зь п’есай. Пасьля знаёмства загадчык лiтаратурнай часткi паведамiў, што п’есу варта трошачкi дацягнуць i можна будзе паставiць у iхнiм тэатры. Я ўзяўся дацягваць. Тое дацягваньне доўжылася цi ня ўсё лета, я перапсаваў кiляграмы паперы, якую тады трэба было «даставаць», але мхатаўцы заахвочвалi — яшчэ трошкi… Знайшлi ўжо i рэжысэра — маладога і таленавiтага Валодзю Салюка зь ягонай таксама маладой i таленавiтай жонкай-актрысай. Тыя прыяжджалi ў Горадню, каб папрацаваць з аўтарам i дацягнуць п’есу, каторая атрымала назву «Апошнi шанец». Нарэшце ўсё быццам было зроблена, мяне запрасiлi ў тэатр, дзе адбылося абмеркаваньне.