Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
I праўда, увосень Швэдзкая акадэмiя прысудзiла Салжанiцыну Нобэлеўскую прэмiю, зь якой я i некаторыя мае сябры зь Менску павiншавалi ляўрэата. Пасьля ён i яшчэ прыслаў лiст, а затым i яшчэ некалькi. Выехаць на Захад Салжанiцын ня мог, дык было вырашана ўручыць яму прэмiю ў Швэдзкай амбасадзе ў Маскве. Салжанiцын прыслаў мне запрашэньне на цырымонiю ўручэньня. Але ўлады стрываць таго, напэўна, не маглi i прымалi свае д’ябальскiя меры. Найперш шырокiм патокам праз прэсу i тэлебачаньне iшла кампрамэтацыя Салжанiцына як франтавiка, пiсьменьнiка і грамадзянiна, ён аб’яўляўся здраднiкам, палiцаем, уласаўцам. Яго прасьледавалi па месцы жыхарства, i ён нейкi час жыў на лецiшчах пад Масквой, у гаражы Растраповiча, пасьля перабраўся ў Маскву. За ягоных сяброў i знаёмых таксама ўзялiся, патрабуючы ад iх выступаў супраць «уласаўца». Газэты друкавалi лiсты з подпiсамi слынных iнтэлiгентаў супраць Салжанiцына i Сахарава, звароты працоўных калектываў, якiя патрабавалi кары здрайцам.
У гэты час да мяне ў Горадню прыйшла паштоўка з Масквы, дзе невядомы мне югаслаў паведамiў, што хоча прыехаць у Горадню, каб спаткацца са мной па нейкае важнай справе. Што ж, я паважаў югаславаў i пачаў чакаць. Але якраз напярэдаднi ягонага прыезду пазванiлi з абласнога КДБ, дзе я нядаўна выступаў з гутаркай, i сказалi, што спатканьне лепей за ўсё ладзiць у гатэлi. Яны закажуць, усё забясьпечаць. Мне тое надта не спадабалася, я ўжо ведаў, якiя госьцi бываюць з-за рубяжа. I ў дзень ягонага прыезду сышоў з дому, сказаўшы сыну, што калi пазвоняць, сказаць, што мяне няма i ня будзе. Тым болей, што я не абяцаў яго прымаць. Але куды было дзецца самому? Дзень быў дажджлiвы, на прыродзе не пагуляеш. Дык я паехаў за Нёман да Дануты, там бавiў час да вечару. Югаслаў зьехаў. А мне назаўтра званiлi з КДБ, дакаралi, што я iх падвёў.
Паляваньне на пэўных пiсьменьнiкаў прадаўжалася, i я зьехаў у Маскву. Там нейкi час тулiўся на гасьцiннай кватэры Грышы Куранёва. Цэкоўцы i кадэбiсты шукалi мяне ў Гораднi i Менску, у Маскве мяне было не знайсьцi. А некаторыя масквiчы ў той час зьяжджалi ў iншыя гарады. Бакланаў, напрыклад, тыдзень цi болей iнкогнiта жыў у Ленiнградзе ў рэжысэра Хейфiца. Яго таксама дужа шукалi. Каб запэцкаць i выкарыстаць.
Але колькi дзе нi хавайся, урэшце мусiш вярнуцца дадому. Вярнуўся i я. Трохi пажыў на кватэры, туляючыся, бы злачынца.
А праз колькi дзён пазванiлi зь Менску, клiкалi, каб ехаць у Магiлёў. Я падумаў, што тое будзе дарэчы, i прыехаў у Менск. Адтуль на аўтобусах павезьлi ў Магiлёў. У Магiлёве былi нейкiя выступы i сустрэчы з удзелам вялiкае трупы беларускiх пiсьменьнiкаў на чале з Iванам Шамякiным. Пасьля абеду паехалi на галаўное магiлёўскае прадпрыемства — капралактамавы камбiнат. Пашвэндаўшыся па цэхах, зайшлi ў кабiнэт дырэктара, дзе той, як звычайна, пачаў распавядаць пра посьпехi прадпрыемства. У сярэдзiне яго расповеду расчыняюцца дзверы, i элегантна апрануты мужчына пытаецца: «Хто тут Быкаў? Тэрмiнова выклiкае Менск». Я спалохаўся — цi ня здарылася кепскае дома — i выйшаў з кабiнэту. Аказалася, трэба ехаць у абкам да прамога проваду. Машына i шафёр чакаюць. Прадчуваючы кепскае, пайшоў да машыны.
У пустым кабiнэце першага (быў выхадны) чамусьцi доўга ня ладзiлася з тэлефонам, мабыць, злучалi з рознымi абанэнтамi. Нарэшце далi трубку, у якой я пазнаў голас аднаго тагачаснага беларускага цэкоўца. Ён ветлiва i цiха паведамiў, што ў ЦК КПСС ёсьць лiст слынных дзеячаў культуры, якiя рашуча асуджаюць падрыўную дзейнасьць Сахарава i Салжанiцына. Ад Беларусi той лiст падпiсаў Мележ, трэба, каб быў i подпiс Быкава. Я сказаў, што той лiст не чытаў, таму падпiсваць яго не магу. Ён сказаў, што то мая справа, але ён павiнен папярэдзiць аб магчымых наступствах. Я, не разьвiтаўшыся, паклаў трубку i выйшаў з кабiнэту.
Тая ж машына адвезла мяне на хiмкамбiнат, але пiсьменьнiкi адтуль ужо зьехалi. Да гатэлю я дабiраўся самапасам. А як прыехаў, цi ня ўсе мае калегi сядзелi перад тэлевiзарам, глядзелi праграму «Время». Знаёмая дыктарка якраз чытала той самы лiст з «Правды», дзе група савецкiх пiсьменьнiкаў асуджала Сахарава i Салжанiцына. З асаблiвай iнтанацыяй пералiчыла падпiсантаў, у тым лiку i маё прозьвiшча. Мае калегi ажывiлiся, некаторыя павярнулiся да мяне. Iван Чыгрынаў моўчкi, але выразна пацiснуў руку. Iншыя нядобра нахмурылiся. Я быў разгублены i падаўлены…
З тым жа настроем прыехаў у Менск. Усё думаў, што рабiць? Ад аднаго дасьведчанага чыноўнiка з ЦК дазнаўся, што ўсё вырашалася ў Маскве, а беларускаму толькi загадалi перадаць, што ён i зрабiў са спазьненьнем. Празь дзень вярнуўся ў Горадню. Карпюк быў абураны, як я яму распавёў маю гiсторыю. Сказаў, што трэба пiсаць. Куды? Скрозь. Усюды. Я патэлефанаваў у Маскву Сяргею Залыгiну, iмя якога таксама значылася пад тым лiстом. Сяргей Паўлавiч сказаў, што, на жаль, ня можа аб тым гаварыць па тэлефоне, няблага, калi б я прыехаў у Маскву. Я хутка сабраўся i паехаў.