Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Я чалавек не музыкальны i мала каго ведаў з музыкаў. Ну, можа, Алоўнiкава, зь якiм нас зьвязвала вайна i агульныя ўспамiны пра баi ў Венгрыi, цi Лучанка, якога ведалi ўсе. Але вось Матукоўскi пазнаёмiў мяне з Яўгенам Глебавым, якi напiсаў музыку балету паводле «Альпiйскай балады», што, казалi, з посьпехам iшоў у оперным тэатры. Балет мне ўвогуле спадабаўся, як можа спадабацца iншае мастацтва паводле празаiчнай крынiцы. Добра танцавалi, гарманiчны дуэт. Пасьля спэктаклю пазнаёмiўся з аўтарам музыкi. Глебаў аказаўся чалавекам камунiкабельным, востраязыкiм ды iранiчным. Гутарыць зь iм было адно задавальненьне. Асаблiва калi ён зьедлiва-iранiчна кранаў палiтыку цi беларускае начальства, ад якога нядаўна яшчэ нямала трываў. Яго выключалi з Саюзу кампазытараў, адбiралi працу. Сямейныя праблемы таксама не абышлi яго стараной. Але затым палiтыка ў адносiнах да iнтэлiгенцыi трохi паслабела, некаторых пачалi цягнуць у партыю. Глебаў нават стаў дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР. У партыю ён не хацеў, доўга i вяла супрацiўляўся, але ведама, што вялы супрацiў — не супрацiў. I яго змусiлi напiсаць заяву. Пасьля — прыём. Пасьля разгляд на парткамiсii райкаму, гаркаму… Звычайна да такой важнай працэдуры будучыя камунiсты грунтоўна рыхтавалiся, вучылi гiсторыю партыi. Глебаў не рыхтаваўся, таму на ўсе пытаньнi, зададзеныя яму на парткамiсii, адказваў — ня ведаю цi проста пацiскаў плячыма. Тады самы ўедлiвы, ён жа i самы заслужаны член папытаўся: «Ну а ў якiм годзе адбылася Вялiкая Кастрычнiцкая Сацыялiстычная рэвалюцыя, вы ведаеце?». Глебаў, гледзячы яму ў вочы, адказаў: «Не, ня ведаю». Ягоны адказ выклiкаў абурэньне ў залi. Глебаў падумаў: ну, можа, цяпер адлiпнуць? Аж не адлiплi — прынялi. Тады Глебаў абурыўся — у яго былi iншыя пляны i надзеi.
Мы зь iм у тую пару часта сустракалiся — у ягоным «даляры» цi ў мяне на Танкавай. Ягоная жонка Ларыса Васiльеўна, ня ў прыклад шмат якiм пiсьменьнiцкiм жонкам, ва ўсiм была на баку мужа i ўсяляк падтрымлiвала яго. Жэня бачыў у тым сваё вялiкае шчасьце. Так яно i было. Тварыў ён выдатную музыку, можа, i не заўжды беларускую па гучаньнi, часам касмапалiтычную, любiў скандынаваў, Грыга. Напiсаў музыку балету «Маленькi прынц», якi быў пастаўлены ў Хельсiнкi, i Глебаў езьдзiў туды на прэм’еру. Падчас майго побыту у Фiнляндыi я спатыкаў некаторых фiнаў, што памяталi ягоны спэктакль i празь яго дазналiся тады пра незнаёмую для iх краiну — Беларусь.
Газэта французкiх камунiстаў «Юманiтэ» ладзiла свой штогадовы фэст i запрашала гасьцей. Пэўная дэлегацыя павiнна была прыехаць i ад КПСС, але сталася так, што адносiны мiж дзьвюма кампартыямi раптам пагоршылiся. Дэлегацыю з Масквы скарацiлi да пяцi чалавек, а пасьля да двух. А перад яе ад’ездам вырашылi не пасылаць у Парыж камунiстаў. Такiм чынам, ад усёй дэлегацыi застаўся адзiн беспартыйны Быкаў. Якраз напярэдаднi ў мяне выйшла там кнiжка «Сотнiкаў», што, мабыць, i сталася прычынай пэўнага выбару на паездку. Прысутнасьць беспартыйнага аўтара на фэсьце ў тых умовах не магла чапляць нi адзiн, нi другi бок.
Перад адлётам у Мiнiстэрстве замежных спраў належала атрымаць дакумэнты, прайсьцi нейкi iнструктаж. Дакумэнты далi, а iнструктажу я так i не дачакаўся, паляцеў бяз пэўных абавязкаў i пэўнай мэты. У аэрапорце Орлi мяне спаткалi два работнiкi гандлёвага прадстаўнiцтва, да аднаго зь якiх, Уладзiмера, i завезьлi на кватэру. Далей Уладзiмер мной i апекаваўся — вадзiў па горадзе, паказваў — Трыумфальную арку, Эйфелеву вежу, палац Шайё на Трыкадэра. Па дарозе зайшлi ў невялiчкае кафэ — бiстро, дзе выпiлi па фужэру пiва. Французскае пiва я смакаваў першы раз, i яно мяне ўразiла. Пасьля памыйнага «Жыгулёўскага» тое сапраўды было, нiбы боскi нэктар. На штонебудзь болей грунтоўнае ў мяне не было грошай, а мой гаспадар, мяркуючы па ўсiм, пачуваўся дужа ашчадна, — зьбiраў на каапэратыўную кватэру ў Маскве. Але, як сказаў Уладзiмер, мабыць, каб суцешыць госьця, пачастуемся заўтра на фэсьце.