Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Я прыехаў у Маскву, i мы дамовiлiся з Ларысай спаткацца ў Доме кiно падчас абеду. Народу было няшмат, размове не перашкаджалi. Ларыса сказала, што справа дрэнь, здымаць не даюць. Хто не дае? Нiхто не дазваляе, усе забараняюць. Трэба прабiвацца да самога Суслава. Я хацеў сказаць: ну i прабiвайцеся. Яна ж кажа: «Трэба ўдваiх, зараз я патэлефаную памочнiку i паедзем да Суслава». Я ня ведаў, што ёй на тое сказаць. Рэч у тым, што яшчэ гадоў шэсьць таму чуў, што ў ЦК прынята была пастанова наконт маёй творчасьцi, падпiсаная менавiта Суславым. А цяпер мне да яго ехаць? Я ў самыя змрочныя для мяне часiны нiкога нi пра што не прасiў. Пакуль Ларыса хадзiла ўнiз званiць, я шмат перадумаў i дужа прагнуў тады, каб усе яны там, у суслаўскiм ЦК, спрахлi, нават разам з маiм «Сотнiкавым». Я не хацеў нi фiльму, нi нават самой аповесьцi. Мабыць, Бог пачуў мае малiтвы. Прыйшла Ларыса, на яе твары ляжаў выраз прыкрасьцi i расчараваньня: Суслаў хворы. Слава табе, Госпадзi, падумаў я. Хутка мы выйшлi з Дому кiно, i я з палёгкай паехаў дахаты.
Празь нейкi час атрымаў ад Ларысы разьвiтальны лiст, у якiм яна выбачалася i пiсала, што змушана адмовiцца ад задумы, зь якой жыла цi ня два гады. Ну, што ж — адмовiцца, дык адмовiцца, мне нават спадабалася тое. Менш клопату. Бо вынiк быў бы адзiн, думаў я. У той жа час мне было шкада Ларысу Шапiцька за яе зайздросна працяглую прыхiльнасьць да маёй аповесьцi.
Але я ў чымсь памыляўся, усё ж Шапiцька, i адмовiўшыся, штосьцi рабiла. I раптам яшчэ цi не праз паўгода тэлеграма: «Фiльм запускаем, ствараем групу. Музыку пiша Альфрэд Шнiтке». Штось закруцiлася ў жаданым кiрунку… Але я слаба верыў у пэўнасьць гэтага нашага самага няпэўнага з мастацтваў, чакаў адбою. Адбою не было. Зрэдчас атрымлiваў паведамленьнi: здымаюць за Масквой, у старым расейскiм гарадку. Iншай натуры не знайшлi. На захад ад Масквы цi ў Беларусi ўся старажытнасьць запаскуджаная сiласнымi вежамi ды сiлiкатнымi каробкамi.
Здымалi цяжка, у цэнтральнай Расеi быў люты мароз, хтось з трупы прастудзiўся i памёр. На дзьве галоўныя ролi Ларыса запрасiла маладых, малавядомых акцёраў Барыса Плотнiкава i Вiктара Гасьцюхiна. (Апошнi затым зрабiў пэўную кар’еру ў Беларусi, падтрымаў рэжым Лукашэнкi i быў iм аблагоджаны. А тады ён сапраўды няблага выканаў ролю Рыбака, мабыць, выявiлася роднасьць натуры.) Як фiльм быў скончаны, пачалiся звычайныя для савецкага кiнематографу клопаты зь яго здачай. Пiльныя наглядчыкi з розных органаў згледзелi ў iм празьмернасьць хрысьцiянска-рэлiгiйных матываў. Таму ў пэўнай меры садзейнiчала музыка А.Шнiтке, якога ўлады не прызнавалi. Вядома, гэта была выдатная музыка, але ж крытэрыi яе разуменьня тады былi асаблiвыя. Тое, што праз 20 год зрабiлася несумненнай вартасьцю, тады ўспрымалася хiбам. Ларыса казала, што па праўдзе iмкнулася да ўзвышанай рэлiгiйнасьцi i нават мела намер назваць фiльм «Узьнясеньне». У якасьцi кампрамiсу назвала «Узыходжаньне» — блiзкiм па сэнсе. Але ўсё ж ня тое.
Празь некалькi гадоў на Бэрлiнскiм кiнафэстывалi фiльму «Узыходжаньне» быў прысуджаны галоўны прыз — Залаты мядзьведзь. А яшчэ праз кароткi час выдатны расійскі рэжысэр Ларыса Шапiцька загiнула ў аўтамабiльнай катастрофе. Здымала тады фiльм па аповесьцi Валяньцiна Распуцiна «Разьвiтаньне з Мацёрай», стомленая ранiцай вярталася ў Маскву, кiроўца заснуў за рулём, машына сутыкнулася з сустрэчнай, i ўсе загiнулi. Застаўся ўдаўцом выдатны кiнарэжысэр Элем Клiмаў, якi пасьля зьняў праўдзiвы фiльм «Iдзi i глядзi» — пра беларускiх партызанаў паводле сцэнару Алеся Адамовiча.
«Узыходжаньне» — найлепшая за ўвесь дзясятак экранiзацыяў маiх аповесьцяў.
Напачатку перабудовы пісьменьнікі сталі часьцей выяжджаць за мяжу — на розныя кангрэсы, канфэрэнцыі, сустрэчы, вядома ж, па запрашэньні таго боку і за ягоны кошт. Уласнага кошту звычайна мелі 30 % сутачных, што складала такую драбязу, зь якой было сорамна зайсьці дзе ў кавярню. Неяк у Нямеччыну паехала вялікая пісьменьн іцкая група, сярод якой быў і Адамовіч, што мяне дужа ўсьцешыла. Пасьля доўгага карантыну ў Менску Саша пачуваў ся вельмі спрыяльна за мяжой сярод маскоўскіх сяброў, заўжды быў у цэнтры ўвагі, распавядаў, дыскутаваў, жартаваў. На акадэміях ахвотна браў слова і гаварыў дужа разумна, хаця не заўжды так, як таго чакалі. Здаецца ў Кілі, выступаючы перад маладзёвай аўдыторыяй, на пытаньне, ці праўда, што ў Маскве моладзь не злоўжывае наркотыкамі, а болей чытае кніжкі, сказаў, што праблема палягае ў тым, ш т о чытае. Часам лепш не чытаць, а гуляць, скажам, у даміно, бо кніжкі ў нас пераважна створаныя мэтадам сацрэалізму, паводле замовы партыі. А на пытаньне адной фэміністкі сказаў, што ён ня можа падтрымаць ейны рух. Маўляў, учора яму распавялі, як маладая феміністка, калі ёй уступілі праход у дзьвярох, павярнулася і ляснула па шчацэ таго, хто гэта зрабіў. Бо яна за раўнапраўе, а тая ўступка — ёсьць прыніжэньне жанчыны і жаночае годнасьці. У залі ўсчаўся гвалт, фэміністкі паўскоквалі зь месцаў, кінуліся да сцэны, і мы з Адамовічам змушаны былі ратавацца праз чорны ход. Яны гналіся за намі па начной вуліцы аж да гатэлю, апынуўшыся ў якім я сказаў сябру, што болей зь ім не пайду на гэтыя шоў, бо не хачу над сабой заўчаснага лінчу.