Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Пра пiсьменьнiцкiя зьезды ў Маскве можна ўспамiнаць доўга i шмат. Цi з нудой ад iхняй руцiны, цi, здаралася, i з захапленьнем ад некаторых сьмелых i разумных выступаў. Асаблiва падчас перабудовы, калi жалезна арганiзаваны СП пачаў прыкметна развальвацца. Але i тады партыя ўпарта трымала яго ва ўласных руках. Паспрабавалi рэфармаваць кiраўнiцтва, у праўленьне паўводзiлi нядаўна яшчэ адыёзных пiсьменьнiкаў. Кiраваць зьездам даручылi Юрыю Бондараву, аднаго разу нават мяне пасадзiлi за ганаровы стол прэзыдыума. Аляксандр Якаўлеў меў з намi спрыяльную гутарку ў кулуарах. Але i тады ў ЦК прадаўжаў сядзець Шаура i ягоны зямляк Сеўрук, якi пад той час зрабiў найвышэйшую для сябе кар’еру — кiраваў усесаюзнвiм галоўлiтам, практычна ажыцьцяўляючы цэнзуру над усёй савецкай лiтаратурай. Гэты ўчэпiста трымаўся за свае цэкоўскiя пасады нават пры Гарбачове i канчаткова рухнуў толькi тады, як рухнула партыя КПСС. Перабраўся ў гасьцiнную лукашэнкаўскую Беларусь, дзе i дагэтуль заняты сваёю звыклаю справай.
Недзе яшчэ ў брэжнеўскiя часы Масква нечакана для сябе знайшла дзiўнаватага аўтара зь яго ня меней дзiўнаватым творам пад назовам «Москва-Петушки». Прозьвiшча аўтара было Венiямiн Ярафееў283 або проста Венiчка, як яго з сымпатыяй клiкалi сябры i чытачы. Мне гэтую кнiжку даў пачытаць Адамовiч, якому яна дужа спадабалася, можа, з тае прычыны, што, не парываючы з гуманiзмам, несла ў сабе зачаткi будучага постмадэрну. Пасьля мы даведалiся, што аўтар працаваў на пракладцы газаправоду, быў дужа хворы i сябраваў з групай маскоўскiх лiтаратараў, якiя выдалi на той час скандальны «Метрополь». Аднойчы Адамовiч мяне зьдзiвiў, папытаўшыся ў тэлефоннай размове, што такое мэнiск? То быў не фiлялягiчны тэрмiн, i далёкi ад тэхнiкi Адамовiч не павiнны быў iм зацiкавiцца. Я ж прыпамятаў зь фiзiкi, што менiск — крывалiнейнае нацяжэньне паверхнi вадкасьцi. У наступнай размове высьветлiлася, што ў адным iнтэрв’ю, надрукаваным, здаецца, у «Литературной России», Венiчка вельмi прыхiльна адгукаўся пра нас з Адамовiчам i сказаў, што Адамовiчу налiў бы пры сустрэчы поўную шклянку, а Быкаву — нават з мэнiскам. Бедны алкаш Венiчка, мабыць, ня ведаў, што Адамовiч ня п’е, i тым павесялiў апошняга. А ўсё роўна ягоны маральны жэст быў куды болей прыемны для нас абодвух, чым iдэалягiчная пахвала якога-небудзь «лiтаратураведа ў штацкiм».
На пачатку 70-х гадоў, калi маё лiтаратурнае рэнамэ пайшло на папраўку, зноў павярнуўся да мяне кiнематограф. На Ленiнградзкай кiнастудыi зьнялi фiльм на сюжэт «Дажыць да сьвiтаньня» — фiльм няўдалы ва ўсiх адносiнах. Я тады некалькi разоў зьездзiў на «Ленфiльм», папрацаваў з рэжысэрам, але адразу зразумеў, што вялiкага толку ня будзе. Ня той рэжысэр. З ранейшага вопыту ведаў, што рэжысэру-пастаноўшчыку патрэбны ня так розум i густ, колькi характар i воля. Умельства выбiваць i дамагацца. Рэжысэр Вiктар Сакалоў быў чалавек разумны i сумленны, але не валодаў усiм наборам неабходных для таго якасьцяў. Зноў жа дадалiся недахопы сродкаў, абмежаванасьць матэрыяльна-тэхнiчнай базы. I ў дадатак да ўсяго падвяло надвор’е — раней часу растаў сьнег, што для патрэбнай зiмовай натуры было пагiбельлю. Рэжысёра зьнялi, дазьнiмаць даручылi iншаму, усё пайшло наўкось i скончылася поўным фiяска.
Неўзабаве, аднак, атрымаў лiст з «Масфiльму», дзе маладая рэжысэрка Ларыса Шапiцька прапаноўвала зьняць фiльм па «Сотнiкаву». Зрабiць тое параiў ёй наш агульны сябра Алесь Адамовiч. I я пагадзiўся. Праўда, ёй належала яшчэ атрымаць д а б р о ад кiраўнiцтва студыi, кiнаглаўку, аддзелу культуры ЦК. Але прабiўная Ларыса мела надзею i ўсё брала на сябе.
Аднак далёка ня ўсё заладзiлася на самым пачатку. Найперш турбаваў сцэнар — хто напiша? Кiраўнiцтва студыi пярэчыла супраць аўтарства Быкава. Я пагадзiўся — хай будзе хто iншы, паводле iхняга выбару. Выбралi маладога таленавiтага кiнасцэнарыста i паэта Генадзя Шпалiкава, якi напiсаў хутка i добра. Праўда, знайшлiся прэтэнзii, нешта хацелi зьмянiць у параўнаньнi з аповесьцю. Я даў сваю згоду i наогул напiсаў Ларысе, што прадастаўляю ёй поўны карт-блянш — рабiць, што захоча. Па праўдзе ўся гэтая кiнамiтусьня мяне даўно ня вабiла, я ўжо быў ёю сыты i прагнуў толькi аднаго — каб мяне пакiнулi ў спакоi. У спакоi, аднак, ня кiдалi, мiтусьня вакол сцэнару працягвалася. Патрабавалася мая аўтарская падтрымка, i я прыяжджаў у Менск, дзе Ларыса вяла перамовы ўжо зь «Беларусьфiльмам». З тых перамоваў нiчога ня выйшла — беларускiя кiнаўлады не адважвалiся зноў зьвязвацца з прозай Быкава. Былi ўжо навучаныя. Ларыса зноў перакiнулася на Маскву, пачала хадайнiчаць перад цэнтральнымi ўладамi. Прасiла мяне прыехаць.