Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Як ужо было сказана, пры шыкоўнай закусi ў Крамлi не было чаго выпiць, а буфэты ў гасьцiнiцах ламiлiся ад выпiўкi, ды не было закусi. Як заўжды, з закусьсю ў краiне была напруга. Ранiцай за сьнеданьнем мы доўга вырашалi задачу: як пранесьцi на зьезд бутэльку. Бураўкiн спрабаваў засунуць яе ў кiшэню — выглядала падазрона, нiбы там бомба. У маёй нутраной кiшэнi — яшчэ горш. Спрабавалi пакласьцi ў iмпазантную Гiлевiчаву папку, зь якою той нiдзе не расставаўся, — таксама нядобра. Маглi адабраць ды яшчэ што прышыць. Правяралi ж нас не адзiн раз, у кожных дзьвярах, дзе гэбiсты звычайна дзяжурылi парамi: пакуль адзiн правяраў дакумэнты, зьвяраючы фота з арыгiналам, другi рабiў «вiзуальны вобыск», пiльна азiраючы кiшанi i рукi. Выйсьце знайшлi самае простае — выпiць у гасьцiнiцы, а закусваць бегчы ў Крэмль.
Але па дарозе нас чакала неспадзяванка. Не пасьпеўшы перабегчы праезд Спаскай вежы на зялёнае сьвятло сьвятлафора, спынiлiся. Толькi адзiн (ня з нашай кампанii дэлегат) — стары туркмэнскi пiсьменьнiк — пасьпяшаўся на пераход i быў затрыманы гэбiстам у форме, якi груба рвануў яго за плячо i пачаў адчытваць. Таго не стрываў Рыгор Бакланаў, што пераходзiў з намi. Я нiколi ня бачыў Рыгора такiм разьюшаным, як ён накiнуўся на гэбiста ў абарону старога пiсьменьнiка-туркмэна, на вачох дзясяткаў прахожых ён бэсьцiў яго i сарамацiў. Але той таксама разьюшыўся, патрабаваў у Бакланава пропуск, пачаў крычаць: «Я табе яго зараз парву, i ты болей не пабачыш ваш зьезд». Бакланаў на тое адказваў з выклiкам: «Ну парвi! Парвi, ну! Рвi…». Аднак не парваў, — мабыць, добры папаўся. Той учынак Бакланава шмат што растлумачыў у ягоным характары, цьвярдым i ўпартым. Сталi зразумелыя яго некаторыя пасажы ў друку i ў выступах. Асаблiва блiскучая, бескампрамiсная прамова на ўсесаюзнай партканфэрэнцыi ў Маскве, калi прававерная аўдыторыя спрабавала сагнаць яго з трыбуны. Мне запомнiлася яго рэзкая сутычка з камунапатрыётамi ў прысутнасьцi члена гарбачоўскага палiтбюро А. Якаўлева. I яшчэ некаторыя праявы адвагi i прынцыповасьцi, зь якiмi ў нас мог параўняцца хiба адзiн Алесь Адамовiч.
Беларускiя пiсьменьнiкi, за малым выключэньнем, былi памяркоўныя, трымалiся моўчкi i разам. Памятаю толькi адзiн выпадак, калi на самым пачатку, як уладкавалiся ў гасьцiнiцу, пачалi сварыцца Куляшоў з Макаёнкам. Пілi i сварылiся — доўга i зацята, ад абеду да вечару i цi ня ўсю ноч. Я спрабаваў iх уцiхамiрыць, угаворваў i мiрыў, i ўсё — марна. Але сварылiся так адмыслова, што зразумець сэнс канфлiкту было немагчыма. Iншыя, што былi пры гэтым, па адным разыходзiлiся спаць. Урэшце не стрываў i я. А ранiцай дазнаўся, што Макаёнак сьпiць, а Куляшоў выпiсаўся з гасьцiнiцы i зьехаў у Менск.
На зьезьдзе, як заўжды, гучалi прамовы, звыкла сумаваў прэзыдыум. У кулуарах было цiкавей. Недзе пад канец дня паявiўся Вiктар Някрасаў, якога на той час цкавалi ў яго родным Кiеве i ў Маскве таксама. Завiтаў ён на зьезд з выглядам парыжскага клашара — у няновай расхрыстанай тэнiсцы, старых джынсах i разношаных сандалетах на босую нагу, зь якiх вытыркалiся жоўтыя старэчыя пазногцi.
Сярод параднай, з усiх сiлаў выкшталцонай публiкi тое выглядала выклiкам. Затое яго хутка абкружылi маладыя, i зь iх цеснага кола на лесьвiцы доўга чулiся гоман i сьмех. Гэбiсты ў штацкiм змушаны былi прычынiць дзьверы ў залю.
Важна, што сустрэчы i знаёмствы прадаўжалiся i пасьля зьезду, у гатэлях i рэстаранах. Увечары на кватэры Валянцiна Аскоцкага ўпершыню спаткаўся зь вельмi мною шанаваным крытыкам Iгарам Дзядковым. Той даўно жыў у Кастраме, у сталiцы паяўляўся рэдка, але друкаваў глыбокiя i разумныя артыкулы пра сучасную лiтаратуру, у тым лiку i беларускую. Часам ён прысылаў мне цёплыя лiсты ў Горадню, а праз колькi год напiсаў грунтоўнае дасьледаваньне пра маю творчасьць. Бачыўся я зь iм рэдка, але заўжды адчуваў ягоную прысутнасьць у маiм пiсьменьнiцкiм лёсе.