Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Тым часам у выдавецтве «Молодая гвардия» насьпела выданьне маёй кнiжкi, i я паехаў у Маскву. З загадчыцай аддзелу мастацкай лiтаратуры Зояй Мiкалаеўнай Яхантавай быў знаёмы яшчэ з часу выхаду «Трэцяй ракеты», адносiны мае з гэтай мiлай жанчынай былi як найлепшыя. Хаця ўвогуле гэта камсамольскае выда[вецтва] ставiлася да аўтараў i iх твораў зь яўна забольшанымi патрабаваньнямi, i на гэты раз мяне змусiлi дапiсаць да кнiжкi «паплавок» — артыкул пра Хатынь. Хатынь тады шмат што выручала ў не заўсёды ляяльнай нашай публiцыстыцы, хаця ў пэўных адносiнах i апыналася блефам. (Пра тое, аднак, пасьля.)
А тады ў рэдакцыi Зоi Мiкалаеўны пазнаёмiўся са змрочным чалавекам, што мовiў разважна-басавiтым голасам, якi аказаўся аўтарам ужо вядомых у лiтаратуры «Iвана» i «Зосi» — Уладзiмерам Багамолавым. Ён запрашаў заходзiць i даў адрас. У наступны мой прыезд у Маскву я i зайшоў. Валодзя жыў на Вялiкай Грузiнскай, у самым паддашшы старога дому. Сям’i ў яго, здаецца, не было, мацi нядаўна памерла, i сын распавядаў, як сам абмываў яе i хаваў. Жыў бедна, меў патрэбу ў грашах, але натуру меў ганаровую i заўжды частаваў. Да яго славутага «Iвана», паводле якога быў зьняты фiльм, я адносiўся ўвогуле спакойна, затое любiў яго «Зосю» (Я це кохам, а ты сьпiш). Валодзя тады працаваў над вялiкiм раманам, але не казаў, пра што той раман. Неяк у яго на кватэры сабралiся Юры Бондараў, Сяргей Сьмiрноў, Наiль Бiкенiн, яшчэ нехта — усе вядомыя i славутыя сябры па лiтаратуры i вайне. Багамолаў папрасiў Бондарава дастаць у «крамлёўцы», дзе ён лячыўся, лякарства для мяне-астматыка, замежны «бератэк», якi мне дужа памог. С. С. Сьмiрноў рабiў на тэлевiзii сэрыю перадачаў пра герояў Брэсцкай крэпасьцi, быў дужа змораны i пачуваўся кепска. Ён дужа добра гаварыў пра мае i багамолаўскiя аповесьцi, якiя, апроч таго, падтрымлiваў у друку. Неўзабаве, аднак, ён захварэў i хутка памёр. Бондараў радыкальным чынам разышоўся з Багамолавым — мне дагэтуль невядома, чаму, — а я, наадварот, сышоўся. Гадоў дзесяць мы сябравалi, ён прыжзджаў у Беларусь, з маладой жонкай адпачываў на Нарачы i ў Друскенiках. Я пазнаёмiў яго з маiмi сябрамi Матукоўскiм i Бураўкiным, зь якiмi ён пасябраваў. Але, як i ўсё на сьвеце, мужчынскае сяброўства таксама мае канец. Скончылася яно i ў мяне з Багамолавым.
Шмат якiя навiны ў наш час прыходзiлi праз тэлефон (цяпер прыходзяць праз iнтэрнэт i факс), прыйшла i такая: у Гораднi судзяць катаў Хатынi. Выязная калегiя зь Менску, пяць падсудных — былых палiцаяў. Адамовiч, якi тады пiсаў сваiх «Карнiкаў», вядома, ня мог прамiнуць такой падзеi i прыехаў у Горадню. Карпюк ужо быў на першым паседжаньнi суда, на другое прыйшоў i я. Зьнешне то быў суд, мабыць, як i ўсе такога кшталту — судзьдзi, адвакаты. На лаве падсудных сядзела пяцёра пажылых, нямала пакамячаных жыцьцём мужыкоў. Iх сабралi дзе каго — з Украiны, Расеi, аднаго прывезьлi з Казахстану. Але чаму судзяць у Гораднi? Чаму хоць бы ня ў Менску? I тут выяўляецца незвычайны факт. Аказваецца, спалiлi Хатынь i пазабiвалi ўсiх яе жыхароў зусiм ня немцы, а вось гэтыя палiцаi з так званага 118-га ўкраiнскага палiцэйскага батальёну, як ён афiцыйна зваўся. То быў, вядома, ня надта прыемны для ўладаў факт, якi парушаў вядомы пастулят пра нязрушную дружбу савецкiх народаў. Таму гэты працэс i адсунулi з цэнтру да самай польскай мяжы. Хоць таксама наўрад цi ўдала: сугучнасьць Хатынi i Катынi выклiкала i ў Польшчы пэўныя нэгатыўныя асацыяцыi.
Суд адбываўся ў маленькiм пакойчыку, публiку з вулiцы туды не пушчалi. Судзьдзi дапытвалi, падсудныя вяла ва ўсiм прызнавалiся: было загадана, палiлi, стралялi, што ж мы маглi зрабiць? Сярод палiцаяў сядзеў камандзiр роты Лапуста, якi пасьля вайны зрабiў у Казахстане кар’еру — быў ня раз узнагароджаны, стаў дэпутатам мясцовага савету. Некаторыя з палiцаяў пасьля вызваленьня пабылi яшчэ i на фроньце, дзе няблага ваявалi i былi ўзнагароджаны — да нямецкiх медалёў далучылi савецкiя. Адзiн меў прозьвiшча Сахно (як у маёй аповесьцi «Мёртвым не балiць»), што нямала пацешыла нас. Адамовiч нават пажартаваў з гэтага поваду: дрэнна чыталi сьледчыя Быкава, а то б даўно выкрылi Сахно. Цi, можа, шкода было — карпаратыўная салiдарнасьць… Так, менавiта, думаў я, усё ў нас зь Нямеччынай перамяшалася — хто свой, хто чужы? Здаецца, двух прысудзiлi да сьмяротнай кары, i Карпюк прасiў у пракурора дазволу пасядзець зь iмi апошнюю ноч — паназiраць за сьмяротнiкамi. Пракурор не дазволiў, а Адамовiч папiкнуў: «Toe я павiнны быў прасiць, ды не наважыўся». Карпюк быў задаволены, што аказаўся болей адважны. Хаця хто з нас у тым сумняваўся?
Мы жылi ў ненатуральным, звыродлiвым сьвеце, калi былi адпрэчаны ня толькi хрысьцiянскiя запаветы, але i элемэнтарныя меркаваньнi здаровага сэнсу. Сэнс зрабiўся клясавым, партыйным, пралетарскiм. Нас заклiкалi пiсаць праўду, але далёка ня кожная праўда дазвалялася ў лiтаратуры, хiба тая, якая служыла ўладзе. Над рэглямэнтацыяй праўды шчыравалi партыйныя органы, iм дапамагалi пiсьменьнiцкiя начальнiкi, цэнзары, рэдактары, «закрытыя» рэцэнзэнты, якiя за верную службу надзялялiся кватэрамi, пасадамi, навуковымi званьнямi, прэмiямi. На дзяржаўную прэмiю Беларусi былi вылучаны разам Уладзiмер Караткевiч i Барыс Сачанка, дзе слынны клясык беларускай культуры быў толькi фонам, бо прэмiю, вядома ж, далi Сачанку. Для таго не абышлося без энэргiчнага ўмяшаньня ЦК у асобе Iвана Антановiча. Усё тое, натуральна, вяло да выраджэньня лiтаратуры. I калi ў ёй паяўлялася ня надта пакорнае iмя ды яшчэ надзеленае пэўнымi здольнасьцямi, наверсе вырашалi, што зь iм рабiць. Выпрабаваны спосаб 30-х гадоў, мабыць, ужо апрыкрыў, запатрабавалiся гнуткiя спосабы — бiзуна ў спалучэньнi зь пернiкам. Глядзелi, якi станецца больш вынiковым. Пасьля шматгадовай лупцоўкi бiзуном да Быкава было вырашана прымянiць пернiк. Я, канешне, пра тое ня ведаў: лiтаратурныя начальнiкi ўмелi хаваць партыйныя таямнiцы. Нават тыя зь iх, што ўвогуле дабражадана ставiлiся да мяне.