За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Тым часам слугі ставілі на стол шкляныя келіхі i драўляныя бочачкі з прасяным півам, місы з рыбай i кашамі — прасянымі, ячменнымі, а таксама дарагі заморскі ласунак — рыс. Маладыя людзі засяроджана глядзелі, што i як з'яўлялася на стале.
Але калі Еўка дастала ca скуранога футарала, імто вісеў на руцэ, маленькі сярэбраны кубачак з лісцем i зморшчанымі, ссохлымі квятамі ды наклала каля адной з міс, Пятрок весела засмяяўся:
— Гэта ў цябе орлік паспаліты? Весела, відаць, вам жывецца, калі так баіцеся атруціцца! З нашым князем будзе лепей!
— Кажуць, ён у вас вельмі вясёлы,— заўважыла Еўка,— Дзяўчат ды маладзіц любіць аж занадта.
— А хто ix не любіць! — хітра глянуў Пятрок.— Прыгожая паненка адразу жыццё святлейшым робіць. Вось ты падышла — i нават агонь большым стаў, аж у каміне загудзела.
— Гэта ад таго, што я вядзьмарка,— сур'ёзна адказала Еўка.— Хочаш, я махну рукой — i пакажу табе нячысціка? Вунь ён — сядзіць на кафлях.
Пятрок спалохана перажагнаўся, потым дакорліва паківаў галавой:
— Так не жартуюць, паненка. Хаця кабеты, кажуць, i звязаны з нячыстай сілай, але хай лепей пра гэта не кажуць. Так яно спакайней.
— Спалохаўся! — Еўка ўсміхнулася куточкамі вуснаў, таксама перахрысцілася.
— Бачыш? Хрышчоная я i зла табе не прынясу, не бойся.
Пятрок, які адышоў ад сполаху, пажартаваў:
— Калі станеш маёй жонкай, яшчэ як прынясеш!
— О, не спадзявайся, пан лоўчы, я за такога калматага ніколі не пайду!
— А я схаджу ў пастрыгальную камору, заўтра з paнiцы. Тады ваша мосць іначай на мяне гляне!
Еўка, сышоўшы ўніз пахмурнай i суровай, адчула радасць. Разгаварыў-такі яе гэты хлопец, вясёлы i бесклапотны. I яна, непрыкметна для сябе, загаманіла з ім, смеючыся ягоным жарцікам, i хаця i не думала адказваць на ягоныя залёты, размаўляла з ім прыязна, як са сваім. Не шмат пры двары пані Беаты было маладых людзей, а тыя, што прыязджалі на агледзіны, трымалі сябе з прыдворнымі жанчынамі часам нахабна, часам нясмела. Зацныя паны ўвогуле праходзілі міма, як бы i не бачылі яе. Толькі даведаўшыся, што маладая Гальшка мае асаблівую схільнасць да сваёй чытальніцы, спрабавалі дарыць падарункі. Але вочы ix святлелі толькі пры выглядзе дваровых паненак — легкадумныя тыя панны дзень i ноч гаварылі пра ўборы, пра выгодных жаніхоў i гатовыя былі на залёты i каханне ў любы момант. Еўка ж внешне магла здацца непрыгожай. Густыя бровы, калі дзяўчына хмурылася, надавйлі ёй суровы i непрыступны выгляд, а бледны твар, калі была раздражнёнаю ці адчувала сябе няўтульна i адзінока, здавалася, блякнуў, як выцвітаў, вусны рабіліся сухімі, сціскаліся ў вузкую, рашучую палоску. Затое калі ёй было весела, калі душа яе раскрывалася для дабра i справядлівасці, асабліва калі яна смяялася — Еўка была надзвычай прывабнай.
Ад душы рассмяяўшыся нейкаму жарту Петрака, дзяўчына раптам заўважыла, што з кута, дзе за сталом сядзелі надарожныя, за ёю сочаць. Незнаемы юнак у берэце, з вусамі i барадой клінком, у італьянскім адзенні з вялікім карункавым каўняром, сядзеў за сталом, глядзеў на ix. Вочы яго не адрываліся ад Еўкі i тады, калі, нахмурыўшыся, яна пайшла ўверх на прыступках. Не вытрымала, азірнулася. Злавіўшы ўпарты позірк, засаромелася, хуценька, падабраўшы сукню, патупала ў пакой да Гальшкі.
Тая ўсё ляжала, бяссільна раскінуўшы рукі. На бледным твары прастуніў румянак.
— Яго мосць унізе? О, няма сіл падняцца!
— Вячэраць ужо збіраюцца,— ціхенька адказала Еўка, села ў куце, задумалася.
Пакуль Баркулабіха i Марылька апраналі Гальшку, а тая піла адвар зёлак, каб сабрацца з сіламі, Еўка маўчала. Яна ўяўляла сабе твар незнаёмца. Здавалася, што яна недзе бачыла яго. Але дзе? Еўка ўспамінала ўсіх, хто прыязджаў да ix у Астрог, а таксама падарожных, што зазіралі ў замак. Многія з ix апраналіся па-італьянску, былі аматары чэшскіх, нават турэцкіх убораў,. многія насілі такія вось бародкі. Агонь каганцоў i каміна мог наблытаць рысы незнаёмца. Яна вырашыла непрыкметна разгледзець маладога падарожнага. Апрануты ён быў паітальянску, але нешта — у паставе, у манерах — здавалася свойскім, дый чужаземцы спыняліся тут радзей, чым выхадцы з Рэчы Паспалітай. Можа, гэта быў нехта са студэнтаў, якіх многа выязджала ў Чэхію i Італію, у Кракаў ці Падую.