Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
I тут ззаду фурманка. Думаем, ну падвязуць. Трое мужыкоў, адзiн у вайсковым. I да нас: хто такiя, вашы дакумэнты? Мы кажам: iдзём у сельсавет, там пакажам дакумэнты. Э, не — рукi ўгору! Што было рабiць? Паднялi рукi. Тыя абшукалi i аж задрыжэлi ад страху цi радасьцi, — дывэрсанты! Так, дывэрсанты, кажам. Iдзём здавацца. Прывезьлi ў раённы НКВД ужо са зьвязанымi рукамi. Дакладваюць: злавiлi на дарозе. Лухта, канешне, але iм вераць, а нам не.
Ну а далей пайшло, паехала. У раён, у Горкi, адтуль у Маскву. Камэры, допыты, чэкiсты. Зь Лёшкам нас разлучылi, ня хутка я яго ўбачыў. Шылi, вядома ж, адно i тое: здача ў палон, здрада радзiме, шпiянаж i дывэрсii. Я кажу: якi ж шпiянаж, мы iшлi здавацца. Ды на тое — нуль увагi. Але адчуваю, у iх там нязгода памiж сабой. Найперш — хто затрымаў? Пра тых мужыкоў на дарозе ўжо няма i гутаркi — у пратаколах фiгуруюць два — маёр i падпалкоўнiк. У тое, што мы iшлi здавацца, ня вераць. Затрыманы ў зоне аб’екту. Якога аб’екту, мы i ня ведалi. Кажуць: няведаньне закону не вызваляе ад адказнасьцi. Такiя законьнiкi. Я ўжо прашуся: пашлiце на фронт. Сваю вiну iскуплю крывёю. Нават жыцьцём гатовы iскупiць. Ого, чаго захацеў, кажуць. Тваю вiну iскупiць ня хопiць усёй крывi. Каб вы апруцянелi, думаю.
Аднойчы раптам — на машыну i ноччу ў нейкi гарадок. Высокi забор, драцяная агароджа. Але не турма быццам. Побач нейкiя казармы. Тут нас зноў злучылi з Лёшкам. Прывезьлi ўсё нашае снараджэньне. Аказваецца, рыхтуецца так званая радыёгульня. Мы павiнны выйсьцi на сувязь зь нямецкiм цэнтрам А-3. Ну, пачалi… I праўда, выйшлi на сувязь. Але здарылася няўпраўка — я забыўся адзiн пароль. Прыпынiлi сувязь, мяне хацелi расстраляць тут жа. За сабатаж. А я i праўда забыўся. Што, я дужа трымаў яго ў памяцi цi зьбiраўся iм карыстацца? Але во дзiва: як прыпякло — успомнiў. Ну, пачалi зноў… Думаў, немцы здагадалiся. Не, быццам. Увогуле яны нездагадлiвы народ. На тым i гарэлi…
Трэцi заход пачаўся лепш, ды i маёр Трацякоў пачаўнешта цямiць. Здагадлiвы аказаўся. Пачалi перадаваць нейкую зашыфраваную лухту, быццам па выпуску танкаў, таўшчынi бранi — лабавой i бакавой асобна. Немцы прымалi, нават дзякавалi за каштоўныя зьвесткi. Так доўжылася зь месяц. А пасьля загад з А-3: вярнуцца назад спосабам пераходу фронту. Ну, думаю, правал! Штось западозрылi. Значыць, канчай баль, тушы сьвечкi. Можа, цяпер пашлюць на фронт або расстраляюць. Аж не. Да нашага Трацякова падключылiся яшчэ два падпалкоўнiкi i кажуць: „Трэба пайсьцi. Так патрабуюць правiлы гульнi. Тым болей, што ўказана месца пераходу, пароль. (Памятаю, пароль — Вiльлi.) Чаго трусiш? Усё гут!“
Паслалi аднаго, Лёшка застаўся. Прывезьлi на фронт пад Дзямянскам. Ноччу падпоўз да перадку. Сьнег, калючы дрот i — ракеты смаляць у неба. Ля ўскраiны пабуранай вёскi, дзе дзьве вербiны, папоўз. У полi поўна трупаў — нашых i немцаў, а мiж iх — пацукi. Тыя пацукi — да мяне. Beдама ж, жывы, цёплы… Адбiваюся рукамi i нагамi. Падпоў з блiзка да нямецкай траншэi, бачу, быццам каска над брустверам вытыркаецца. Ня ведаю, як быць: цi паўзьцi проста туды, цi крыкнуць пароль. Усё ж крыкнуў так цiха: Вiльлi! А той у мяне — гранатай. Граната ўдарылася, адскочыла i — выбух. Засыпала сьнегам, але не зачапiла. А я ў той момант — бухнуўся ў траншэю i ўсё лепячу: Вiльлi, Вiльлi… А немец да мяне: „Якi д’ябал (дэр тойфель) Вiльлi? Iх бiн — Рудзi!“. Усё пераблыталi, немаведама хто — цi нашы, цi немцы. Хаця тут ужо i ў мяне ў галаве пераблыталася — хто нашы, хто ня нашы. Але не застрэлiлi на нэўтралцы, i то добра.
Ну павезьлi ў тыл. Пароль „Вiльлi“ ўсё ж падзейнiчаў, ня тут, дык у гестапа. Прывезьлi ў каманду А-3, абвэршуле, значыць. Там сходу — допыты. Ды такiя, што куды там нашым! Ня ведаю, як мне пашэнцiла выкруцiцца, не засыпацца. Чаму доўга маўчалi, не выходзiлi на сувязь? — Дык жа ня вырвацца, кажу, з вытворчасьцi танкаў. За прагул жа ў бальшавiкоў — турма, пастанова Вярхоўнага Савету, самога Калiнiна. — О, яволь, гэта яны ведаюць. А чаму раптам прыпынiўся першы сэанс сувязi? — Кажу: — за горадам у парку было. Толькi раскiнулi антэну, а тут аднекуль жанчына, прэ на мяне. Дык я, ведаеце, спусьцiў штаны, быццам патрэба прысьпiчыла. Ну, яна ў другi бок…
— О, гут, правiльна, спрытны агент!
Пасьля яшчэ розныя iспыты-допыты. Падаслалi правакатара з нашых жа. Усё прайшоў, далi тыдзень адпачынку ў суседнiм гарадку. А празь месяц узнагародзiлi, — мэдаль за заслугi. Нейкi час у шуле бы iнструктарам быў, распавядаў новенькiм, як трэба здабываць у бальшавiкоў танкавыя сакрэты. Памятаю, глядзелi на мяне гэтак хiтравата, мабыць, слаба верылi. Але я стараўся — залiваў кулi.
Улетку сорак чацьвёртага, як пачаўся наступ, зноў — парашут, рэчмяшок з толам i на аэрадром. Гэты раз трох, я — старшы. Задача — дывэрсii на магiстралях. Выкiнулi ноччу, якраз на пазыцыi цяжкой артылерыi. Не пасьпелi прызямлiцца, як — хэндэ хох! Аднаго забiлi. Мы двое — у пляну. Але тады ўжо ў мяне быў свой (наш) пароль. — Кажу: давайце ў с ь м е р ш! Зразумелi, адправiлi ў Маскву. Болей да немцаў ужо не пасылалi, радыёгульню спынiлi. Але i ад сваiх меў мала радасьцi. Паўгоду сядзеў, дапытвалi, выясьнялi, цi не двайнiк. Дык двайнiк, кажу, хiба ж я хаваю. У Маскве той самы Трацякоў, палкоўнiк ужо, з двума ордэнамi. Два падпалкоўнiкi таксама ўзнагароджаныя баявым Чырвоным сьцягам — за пасьпяховую радыёгульню. А мне толькi пасьля перамогi кiданулi Айчынную другой ступенi. Але i тады я ўсё працаваў на iх — езьдзiў па чыгунках i на вакзалах, у вагонах — адсочваў агентаў. I, ведаеш, аднойчы ў Менску спаткаў свайго Аляксея. Сядзiць у кутку на вакзале, дрэмле. Падышоў, сеў поруч i ня ведаю, што рабiць? Галоўнае — з кiм ён цяпер, Лёха? Можа, раскрыты, законны, а можа, туляецца. Калi так, трэба арыштаваць. Але як? Крануў яго за плячо, прачнуўся, пазнаў. Але няшмат радасьцi ад спатканьня, гляджу, быццам баiцца. Кажу, можа, пройдзем у горад, абмыем спатканьне? Пайшлi. Я ўсё паварочваю блiжэй да НКВД, гляджу — ён быццам ня збочвае, не туляецца. Паганае адчуваньне, ды што зробiш? Я й думаю: можа, чалавек жыцьцё наладзiў, ажанiўся, працаваць пачаў, а я яго — на здачу. Але ж як iнакш? Ну прывёў у аддзел, такi тайны пункт на першым паверсе, там дзяжурны. Кажу: во прывёў. А Ляксей да мяне: гэта я прывёў, бо ты — агент абвэра. Аказваецца, i ён у гэткай жа самай ролi. Во паразумелiся! Аж брыдка стала адзiн ад аднаго.