Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Генэрал нацiснуў кнопку, услужлiвы афiцэр прынёс стос папак. «Во — на ваш выбар. Пачытайце».
Мяне адвялi ў суседнi пакой i пакiнулi з чатырма цi пяцьцю папкамi. З пэўнай цiкавасьцю я пагартаў iх. Гэта былi не якiя там справы, а акуратна перадрукаваныя выняткi з паасобных чэкiсцкiх гiсторыяў пэрыяду вайны. Чэкiст — у логаве зьвера, чэкiст — кiраўнiк дывэрсiйнай групы… Яшчэ нешта. Адна гiсторыя мяне нават зацiкавiла — як савецкага афiцэра-сувязiста выкарыстоўвалi па чарзе то немцы, то нашы. Ня ведаю, як там наконт гераiзму, а пакутаў — можна было сабе ўявiць! Аказалася, герой гэтай гiсторыi жывы, працуе на Лепельшчыне. Гарадзенскiя чэкiсты памогуць мне зь iм зьвязацца.
Не пасьпеў прыехаць дадому, як — званок ад Дубавiнкiна: Касiнец ужо ў Гораднi, можна арганiзаваць сустрэчу. Можна ў гасьцiнiцы. Дамовiлiся, што праз гадзiну прыйду. Спаткаў каля дзяжурнай незнаёмы чалавек у штацкiм, павёў на паверх. У страшэнна накураным нумары сядзеў на ложку змрачнаваты немалады чалавек. Чэкiст пакiнуў нас удвух. Я прысеў ля стала. «Дык раскажыце…» Чалавек пачаў успамiнаць — трудна, неахвотна, коснаязычна. І нарэшце змоўк. «Ат, не магу я так. Каб што глыкнуць…» Я зразумеў i павёў яго ў рэстаран, дзе мы абодва глыкнулi i вярнулiся ў ягоны накураны нумар. Перадыхнуўшы, чалавек пачаў свой гаротны аповед. Цяпер гаворка лiлася складна. «Вайна застала мяне ў Беластоку, я быў тады камандзiр роты сувязi. Старшы лейтэнант. Полк разграмiлi. Дывiзiю разграмiлi. Армiю разграмiлi. Паасобнымi групамi прабiралiся на ўсход. Паасобныя групы таксама разграмiлi. Трапiў у палон.
Апынуўся ў палявым шталагу. Вёска Калбасiно, во тут, пад Гродна. У чыстым полi дзесяць тысяч людзей. Hi жраць, нi пiць. Пад дажджом i сонцам. Сабралi чалавек пятнаццаць — капаць капанiр. Капаем. Сiлы ўжо не засталося. Я са злосьцi вылаяўся i спалохаўся. З брустверу на мяне глядзiць немец. Чыста апрануты. Малады, Афiцэр. „Ком!“ Ну вылез. Кiўнуў галавой — комэн зi! Некуды павёў. Тады ўжо iх стала два. Зайшлi ў iх кантору. Пачаму ругалi нямецкую ўладу? — Я не ругаў. — Я чуў. Мы вас зараз расстраляем. (Ну, што ж, страляйце, — думаю сабе. — Але штось непадобна.) — Вы хочаце тодт? — Быццам бы не, кажу. Толькi дваццаць шэсьць год маю. — Гут, кажуць. Пойдзеце на абучэньне. Нiчога не разумею — куды? На каго?
Тым ня менш павялi. Пасьля павезьлi ў нейкi штаб. Там яшчэ допыты — ужо пад пратакол. Праз ноч кудысь павезлi ў крытай машыне. Куды — не зразумець. Але далёка. Цэлую ноч ехалi. Нас там ужо набралася чалавек дзесяць. I трое немцаў з аўтаматамi. Канешне, можна б уцячы. Каб, скажам, везьлi на расстрэл. Але ж, мабыць, вязуць не на расстрэл. А горш, чым у шталагу, наўрад цi будзе.
Карацей кажучы, прывезьлi ў нейкi польскi гарадок, заехалi за агароджу. А там абвэршуле А-3. Значыць, будуць вучыць на разьведчыкаў. Процiў сваiх, рускiх. Што ж, думаю, абучайце, спатрэбiцца. Як навучуся, я вам разьведаю. Абы толькi дапяцца да фронту. Адсюль усё ж далекавата. Абучалi тры месяцы. Ну там — сувязь, кансьпiрацыя, шыфры-коды i парашутная справа. Тэарэтычна, вядома. Курсанты — усе такiя, як я, пераважна сувязiсты. Мiж сабой нiякiх размоў, толькi пра вучобу. Але ўпэўнены — усе думаюць адно: толькi б дапяцца да фронту.
Раньняй вясной пачалi адбiраць, кудысь вывозiць па 2–3 чалавекi. Надышла i мая чарга. Выпала ў пары зь Лёшкам Кнышом. Хлопец такi, малады лейтэнант зь Вiньнiцы. Снарадзiлi рацыi, шыфры, грошы па тры пачкi, запасныя батарэi. Надзелi парашуты i — у самалёт. Перад адлётам — заданьне: пранiкнуць у горад Горкi, уладкавацца на вайсковы завод. I наладзiць сувязь. Яволь, гер маёр, наладзiць сувязь.
Доўга ляцелi праз ноч. Зямля ўнiзе, за аблокамi нi чарта не вiдаць. Нарэшце каманда: шпрынген! Пайшлi — чорт ведае куды. На злом галавы. Прызямлiлiся ў полi, блiзка лясок. З другога боку вёска.
Раней мы з напарнiкам нават не пагутарылi — неяк было. Што ён думае — невядома. Але можна здагадацца. I я кажу: „Капут, Лёха! Айда ў вёску, папытаемся, дзе сельсавет i — хэндэ хох!“
Пайшлi ў вёску. Усё начыньне з сабой, толькi парашуты кiнулi. Бо занадта на горбе набралася. У вёсцы спыталi ў цёткi, дзе сельсавет? Не сказала. Толькi паглядзела падазрона, спалохана. Папыталiся ў падлетка. Той кажа, што тут сельсавету няма, у другой вёсцы, кiлямэтраў празь пяць. Што ж, пайшлi ў тую вёску. Па дарозе-прасёлку. А ўжо добра разьвiднела. Iдзём, на душы трывожна. Але трывожна цяпер заўсёды…