Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй
Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй

Электронная книга - «Паэтыка Алеся Разанава: між медытацыяй і рацыяй». Краткое содержание книги:

Назва гэтае кнігі мае на ўвазе проціпастаўленне двух магістральных тэкстастваральных прынцыпаў, якімі кіруецца эстэтычная сістэма Алеся Разанава, абазначаных як медытатыўны і разумова-рацыяналістычны. У кнізе даследуецца і сістэмна класіфікуецца шырокі корпус паэтычных тэкстаў А. Разанава (ад першага зборніка да найноўшых), вызначаецца уплыў творчасці паэта на сучасны літаратурны працэс.
1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 72
Перейти на страницу:

Да твораў на ваенную тэматыку можна аднесці і верш «Сцюдзёнае паветра разлілося…», які ў зборніку мае назву «Бяда» і скарочаны роўна напалову. Адсутнічае першая страфа: «Сцюдзёнае паветра разлілося / крыштальнаю празрыстасцю крыніц…/ Цябе заб’юць – / і толькі адгалоссе / павісне, як танюсенькая ніць» [105, с. 27]. У гэтай вершаванай мініяцюры (памер той жа, што і ў вышэйразгледжанай) паэт імкнецца перадаць адчуванне трывожнасці, асуджанай наканаванасці лёсу праз стан прыроды, чаму спрыяюць кідкія метафары і экспрэсіўная лексіка: «Адчайным крыкам вецер панясецца, / заломяць дрэвы рукі ў вышыню…/ А ў дальняй вёсцы маці ўстрапянецца / і будзе доўга слухаць цішыню» [105, с. 27].

Калі ў «Бядзе» «ампутацыю» цэлай страфы можна патлумачыць хіба што цьмянасцю асацыяцый і агульнай «сумнаватай» інтанацыяй, то ў вершы «Воля», дзе прыбрана апошняя страфа, такое рэдактарскае «рашэнне» добра зразумелае. Цалкам верш выглядае наступным чынам (у зборніку ён абарваны на слове «сырадой»): «Раўлі ўстрывожана марціры, / блішчэлі косы і штыкі…/ Ішлі па славу камандзіры, / ішлі па волю мужыкі. // І, быццам маятнік, эпоха / ішла размеранай хадой. / А на стале дыміўся бохан, / і ў кубку пеніў сырадой. // І ліцэіст, забыўшы яву, / чытаў натхнёна Буало…// І пераможцы неслі славу, // і толькі волі не было» [105, с.21]. Відавочна, што без апошняй страфы асноўная ідэя твора, заключаная ў радку «і толькі волі не было», змяняецца на дыяметральна супрацьлеглую. Так, нейкай яўнай крамолы ў гэтых радках няма, але ўсялякая іншасказальнасць, няпэўнасць і цьмянасць фармулёвак для паэтыкі эпохі сацрэалізму – рэчы недапушчальныя.

Гаворачы пра вершы кнігі «Адраджэнне», Г. Кісліцына адзначае: «творчасць А. Разанава ўражвала сваёй памкнёнасцю і дзёрзкасцю, той апантанасцю, з якой паэт услаўляў подзвіг, дзеянне, рух» [57, с. 593]. І гэтыя памкнёнасць, дзёрзкасць і апантанасць творчага тэмпераменту не маглі суцішыць-заглушыць ніякія выдавецкія «прычэсванні»-скарачэнні.

Тэма творцы, цэнтральная ва ўсёй творчасці А. Разанава, выразна і па-майстэрску загучала ў зборніку «Адраджэнне». Вершы «Паганіні» і «Тамаза Кампанела» вылучаюцца нечаканай вобразнасцю і афарыстычнасцю, а таксама сталай манерай пісьма (датуюцца 1968 г.). Нават у значна скажоным выглядзе яны ўражваюць глыбінёй і пранізлівасцю інтанацый. Так, ужо першыя радкі верша «Паганіні» – як масток паміж А. Разанавым-сённяшнім і пачаткоўцам, які толькі «падае надзеі»: «Гады змясціліся ў хвіліне, / рука прыпала да пяра…/ Пара, маэстра Паганіні, / вас зачакаліся. / Пара…» [92, с. 27].

Твор мае выразны эмацыйны пачатак. Паэтычны тэкст ствараецца як скразная экспрэсія, амаль імправізацыя, трапнымі штрыхамі-акордамі, слова за словам, радок за радком: «Трывога…/ Воклічы…/ Пагоня…/ Застаў агні…/ Парог… / Радня…/ Ніхто не ведае сягоння / дарогі заўтрашняга дня5» [92, с. 28]. Тут можам назіраць прыём апісання сітуацыі праз адно слова, асабліва характэрны для паэтыкі блізкага Разанаву Б. Пастарнака (напрыклад: «...Окно, пюпитр и, как овраги эхом» ці «...Сумерки... Словно оруженосцы роз» [гл.: 85]), што ўзыходзіць да традыцый, закладзеных у блокаўскай паэтыцы (прыгадаем хрэстаматыйнае «Ноч, вуліца, ліхтар, аптэка»). Праз увесь твор віруе адчуванне нейкае ліхаманкавасці, што прымушае ненаўмысна паскараць тэмп пры чытанні, з выверанымі лагічнымі націскамі. І, урэшце, фінал (ці, можа, кода?) завяршае вершаваную прэлюдыю, каб даць жыццё іншай музыцы (маўчанню?): «Шынкі сустрэнуць, быццам свахі, / і шапаток: «Любой цаной…» / Нібы марудныя манахі, / ішлі гадзіны за сцяной. / Той адрачэцца, той загіне, / той хмура сыдзе у труну…/ …Неўтаймаваны Паганіні / кранае першую струну» [92, с. 28 – 29].

Імкненне да філасафізму і метафізічных абагульненняў, што выявілася ў вершы «Паганіні», хаця і было пазбаўлена адкрытай авангарднасці, ішло ўразрэз з асноўнай лініяй беларускай савецкай паэтыкі. Адсюль – цэнзарскія скарачэнні і недарэчныя датлумачванні «цьмяных» мясцін. Да ўсяго, прыгадаем, што падчас напісання твораў, якія разглядаем, сам паэт зазнаваў пэўны ціск з боку органаў аховы грамадскага парадку і маралі. Усё гэта скіроўвае часам да чытання між радкоў, як, напрыклад, у месцы пра тых, хто адрачэцца. Ці не адсюль варта выводзіць задуму першапачатковай назвы зборніка – «Адрачэнне»?

1 ... 5 6 7 8 9 10 11 12 13 ... 72
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)