За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
— Не трэба было яго чапаць, адрыгнецца нам яго жытка,— засцярожліва i са страхам сказаў самы стары з ix.
A галоўны крыкнуў:
— Чаго павесілі галовы, хлопцы? Не наш ён, не полацкі! А што шкадаваць чарнігаўскіх ды кіеўскіх? Яны нашых дзяцей i жонак не шкадуюць! Зямлю палюць, б'юць, як чужынцаў!
I тады забілі яны прыказчыка i астатніх грабцоў, што яшчэ былі жывыя i варушыліся, a ўсё, што набралі — упрыгожанні i зліткі серабра i золата, бронзавую аправу люстэрка, выкінуўшы з яго аскабалкі, закапалі ў гаршчок, пазначылі месца, каб забраць пры нагодзе, i пайшлі ніжэй на рацэ — далей у лясы. Ды на другой жа ладдзі здрадзіла ім шчасце — перабілі ix дружыннікі, што плылі з Віцьбеска насустрач войску Манамахаву...
Позняй восенню уздоўж Друці ішлі са спапялёнага, вынішчанага Друцка стары лірнік i хлопчык-павадыр. Прысеў стары — стаміўся.
— Дзеду, хутчэй пойдзем адсюль, тут косці чалавечыя! — зацерабіў яго хлопчык.
— I многа ix?
— Многа... Белыя ўсе, як выбеленыя...
— Дык чаго ж ix палохацца? Ці ж ты касцей не бачыў чалавечых? Бачыў i яшчэ бачыць будзеш... I ён хрыпла запяяў:
Зямелька мая, балючая!
Чыё ж на табе пракляцце?
Сцяною жыта ўзрасло,
А няма каму жаці...
Стары яшчэ пасядзеў крыху, пасля падняўся.
— Пайшлі!
— Дзед, а вунь, ля берага, ладдзя пашчэпленая.
Пасечаная, амаль затанула.
— То гэта, відаць, Няжыла са сваімі малайцамі грашыў.
— А чаму ён людзей забіваў? — усё пытаўся бялявы хлопчык.
— Няжыла спачатку быў плотнікам, а пасля бацьку княжы цівун засек, а жонку i дзяцей у палон узялі, калі тры гады назад нас палілі чужынцы. Вось у яго сэрца i акамянела, у камень ператварылася. Страціў ён вобл i к чалавечы i стаў дзікім разбойнікам. Зло толькі зло i нараджае...
I яны пайшлі, i стары ўсё спяваў надтрэснутым, слабым голасам:
...Гляджу на сярэбраны дырхем з адкапанага клада, думаю пра тое, колькі сыноў i дачок маёй зямлі не вярнуліся з далёкіх дарог, загінулі, не данеслі, не сказалі тое, што маглі б... А хто i застаўся чужынцам, адрокшыся ад яе, спакусіўшыся чужымі дабротамі i чужым небам.
Захірыддзін Мухамед Бабур, заснавальнік дынастыі Вялікіх Маголаў у Індыі, зрабіўшыся царом, вечна сумаваў па далёкай радзіме i ніколі яе не забываў. Гэта яму належаць радкі:
Нічога не засталося ад палачаніна Алексы, у глеістых нізінах Друці расплыліся літары, што дзень за днём, тыдзень за тыднем выводзіў ён, пішучы сваю кнігу. Але не засталося i полацкага летапісу, што пісаў у манастыры чарнарызец Нікан, не засталося i ікон, якія малявала жанчына па імені Нялюба — зніклі яны ў агні вялікага пажарышча, калі браў Полацак цар Іван IV, а што не дагарэла — пазней, калі брала горад войска Стэфана Баторыя.
А можа, засталіся — але вывезеныя ў чужыя землі, i чужыя, раўнадушныя рукі кранаюць ix, гартаюць старадаўнія запісы?!
Ці адкажа нам калі-небудзь на гэта Час?! Ці раскрые свае таямніцы, каб хаця ўнукі нашы закрылі сваёй працай правалы, што там i сям зеўраюць у абрабаваным, акрываўленым палатне беларускай гісторыі?
ЧОРНАЯ КНЯГІНЯ
Аповесць
Сёння, генвара дванаццатага дня, року тысяча пяцьсот восемдзесят восьмага, пачала я, раба божая Ева Ваяраўна Касцевічуўна, запіс гэты. Можа, змілуецца нада мною пан Езус, i змагу я расказачь пра жыццё сваё, пра справы, якім была сведкаю, i пра шляхі чалавечыя, нязнаныя ім самім, але наканаваныя воляю вышэйшаю, якая вядомаю становіцца толькі перад смерцю.
Старая я ўжо, сёлета пяць дзесяткаў споўнілася, i валасы мае сівыя, як шэрань, а твар зморшчаны, як праляжалы да вясны яблык. Але душа мая, хаця i змарнела ад розных нягод i выпрабаванняў, жывая, i хочадца мне запісаць усё — можа, хто прачытае i падумае: a жылі ж i да мяне людзі, i гаравалі, i спадзяваліся на лепшае, думал! пра айчыну сваю i дбалі пра яе.
Кожны год нясе нам перамены. Вось i сёлета абраны на каралеўства Польскае Шыгімонт Трэці, сын кроля Яна Шведскага, i ад арцыбіскупа гнежненскага ў Кракаве каранаваны. A мінулым годам памёр Стэфан Баторы, які кролеваў год дзесяць, месяцаў сем, а дзён 12, пры якім узяты назад быў Полацак i многа іншых гарадоў княства Літоўскага. Перажыла я i кроля Сігізмунда Аўгуста, якога цяпер, у пазнейшыя часы, празвалі «Рамэа i Джуліяй стагоддзя». Яго каханнем была Барбара Радзівіл — няшчасная прыгажуня, якую, як кажуць, атруціла каралева Бона, а яе, у сваю чаргу, атруціў уласны доктар у княстве яе Бары, што ў Iталii — Влохіі.