За морам Хвалынскім
- Автор: Іпатава Вольга
- Год: 1989
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «За морам Хвалынскім». Краткое содержание книги:
Ужо набліжаўся да Кіева, каб нарэшце пабачыць яго i пакланіцца Сафіі Кіеўскай, пра якую чуў яшчэ на першым сваім падарожжы.
Калі праз стэпы ішоў перасцярожліва, баючыся торкаў i полаўцаў, што часцяком трывожылі зямлю рускую, то тут выпрастаўся. Па блізкай жа, хрысціянскай зямлі ішоў!
Але калі спыніўся аднойчы ў сяле i сказаў, што ідзе на Полацак, гаспадар не даў яму пераначаваць,— князь Уладзімір Манамах з войскам паліў Полацкую зямлю, i чакаў адтуль гаспадар багатай здабычы, бо з войскам пайшло двое ягоных сыноў.
Асцерагаўся цяпер гаварыць Алекса, хто ён i адкуль. Казаў — падарожны. I ўсё. Ці мала падарожных ходзіць па зямлі, а хто ведае, куды яны ідуць i адкуль?
Ля Чарнігава сеў у ладдзю, яка я ішла да Друцеска. Адтуль — рукой падаць да Полацака, шлях ажыўлены. На валоках людзей многа, працуюць там цэлыя арцелі, валакуць ладдзі па бярвеннях, салам змазаных. Знаёмы да болю шлях, па гэтай дарозе ехаў, працаваў вёсламі — аж занылі плечы, як успомніў.
Ладдзя невялікая, людзей мала. Вязуць у Друцеск йліты мармуровыя для новага сабора. Канешне, цяпер не да будоўлі — часы неспакойныя, вайна. Але ж скончыцца яна некалі, скончацца смуты княжацкія, i зноў загахкаюць сякеры, а з патаемнага месца дастануць майстры пліты гладкія, ружова-шэрыя, каб вымасціць імі рызніцу i царскае месца. Вёз мармур прыказчык, вёз i ўсё скардзіўся, што часы цяжкія, а гаспадар на грошы паквапіўся, сам не паехаў, а яго паслаў, хаця прайшло тры гады, як дамоўлена з друцескімі царкоўнымі ўладамі даставіць мармур... Можа, там нікога з жывых няма? Можа, i не заплоцяць грошы, а павернуць яго з тымі плытамі назад?
Маліўся прыказчык,ставіў свечы-ахвяры Міколу-Цудатворцу, а на дубе Сварожжым, што каля новага селішча Рагачова стаіць, павесіў каляровыя стужкі — як абярог.
I ўсё ж не засцярогся: пад'язджалі да Друцеска — перастрэлі ладдзю разбойнікі. Калі неспакойна ў дзяржаве, людзі ліхія не баяцца кары — нікога, ні бога, ні князя, не баяцца.
Рэчка Друць тут вузкая, берагі парослыя густым лесам, з-за альшэўніку, бярозы i сасны не ўбачыш берага.
Дзе, у якой кузні кавалі жалезны наканечнік, што ўпіўся ў Алексу, калі ён стаяў на палубе, а сэрца яго раскрывалася насцеж родным берагам i небу?!
Заспявалі стрэлы, завохкалі грабцы, хто кінуўся пад прыкрыццё, хто за мячом... А Алекса, трымаючы стралу адной рукой, а другой намацваючы борт, пайшоў на свой вышарпаны, выцвілы хурджун — дзе ляжала яго Кніга.
Разбойнікі вяроўкамі, арканамі, як стэпнякі, зачапіўшы ладдзю, цягнулі яе да берага, скакалі ўнутр, хапалі, ірвалі, мацалі...
Галоўны з ix — разгарачаны, звераваты, з бязлітасным тварам, пасечаным i пакрытым блізнамі, скокнуў у ладдзю, аж затрашчалі дошкі, перад Алексам. Схапіў хурджун.
Не вырваў — надта моцна трымалі яго.
— Там толькі кнігі. Толькі кнігі!
Імгненне рабаўнік глядзеў у вочы старога, смуглявага, у паношаным дзіўным халаце чалавека, падпаясанага выцвілай, калісьці каляровай хусткай, які заціскаў худою рукой кроў, што сачылася з-пад абламанай стралы. Другою трымаў сваю суму. На адно імгненне мільганула думка — не чапаць чалавека, бо падобны ён на юродзівага, a ім, як вядома, дапамагаюць вышэйшыя сілы. Але ўстыдаўся таго галавар шайкі — што падумаюць пра яго іншыя?
I ён, коратка ўзмахнуўшы мячом, секануў на руцэ, што трымала сумку.
Сумка ўпала ўніз разам з адсечанай рукой. Хлынула кроў. Але стары толькі здрыгануўся, нахіліўся, каб схапіць хурджун цэлай рукой. Яго апярэдзілі рабаўнікі. На посцілку, што кінулі сярод ладдзі, паляцелі спісаныя лісты пергаменту i люстэрка. I дзве сярэбраныя манеты. I болей нічога. Ніводнага кавалка парчы, ніводлага браслета альбо колта! Звераваты чалавек, ашалеўшы ад злосці, нагой надкінуў спісаныя скруткі, i яны ўпалі за борт, у раку, што, пачырванелая ад крыві забітых, хвалявалася ў берагах.
I тады стары, нібы падкінуты нейкай сілай, кінуўся ўслед. Ашаломленыя разбойнікі i яшчэ жывы прыказчык колькі імгненняў глядзелі, як ён, махаючы акрываўленым абрубкам, з якога лілася i лілася кроў, схапіў скруткі здаровай рукой, падняў ix над вадою, паплыў.
Зноў свіснула страла — упілася ззаду ў шыю. I ўсё ж яшчэ колькі доўгіх імгненняў плыў гэты дзіўны стары, а пасля, павярнуўшыся тварам да берага, нешта крыкнуў.
I ўсё. I знік. I толькі кругамі найшла над тым месцам чырвань...
I тонкі раздаўся звон — раскалолася бронзавае люстэрка.
Было гэта на самым парубежжы Полацкай зямлі, над Друцескам.
— Што ён сказаў? — зайытаўся малады, з чырвоным ад брагі тварам малойчык.