Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Недзе ў вільчыку сасны зашчыраваў дзяцел, зашчаміўшы ў расшчэліну спелую шышку. Праляцела бокам, у накірунку Забалацця, зграя варон.Лёталі ў небе маладыя буслы – вучыліся лётаць, гартавалі крылы.
Хацеў дзе-небудзь прысесці – паразважаць, абдумаць, абмеркаваць сваё становішча... Побач пня не знаходзілася, і ён няўцямна падаўся між бяроз, удыхаючы ў сябе церпкае паветра, настоенае на імху, жывіцы, дзеразе...
Зноў і зноў напамінала пра сябе Аксана. Чулася яе пытанне: «Калі ж прыдзеш, як абяцаў?» Помнілася тое здранцвенне, калі глядзеў ёй у вочы, забыўшыся зусім, хто быў перад ім – і ўліп, акамянеў, змярцвелі мазгі і ногі, ды так, што не ведаў, на якім свеце знаходзіцца – і колькі часу быў без памяці. Добра яшчэ, што вярнула да свядомасці, а мог жа і застацца такім – і не жывым, і не мёртвым...
Па целе прабеглі нават дрыжыкі ад таго ўспаміну: «Сапраўды яна валодае невядомай сілай, ды валодае так, што можа ўкамяніць чалавека, спалярушаваць яго, адабраць розум і сілу... А што яна яшчэ ўмее акрамя гэтага, адзін, мусіць, д’ябал і ведае. Адвядзі, Божа, ад мяне гэтае зло, памажы выбавіцца ад яе чараў, – няхай яе і спасцігне тое, што яна іншым жадае і робіць, што для мяне замысліла...»
Наперадзе ўбачыў пень – ці не дубовы? – і пакіраваў да яго. Нехта на ім забыўся вяроўчыну ці конскае пута – ляжала кольцам. Калі ж падышоў бліжэй, “вяроўчына” падняла галаву і пагрозліва зашыпела...
«Гадзюка! – апякла здагадка, і ён рэзка адскочыў назад. – Няўжо мяне паджыдаеш, няўжо і тут Аксана свой след пакінула, мяне палохае?»
Гадзюка ўжо стала старчаком, амаль на хвасце стаяла, зіркала макавінкамі вачэй на хлопца – пагрозліва шыпела, адганяла ад наседжанага месца. Было напачатку жаданне схапіць які дручок і забіць яе, вунь як агрэсіўна напруцілася, – вось-вось скруціцца кольцам-спружынай і паляціць на яго, цыкне атрутным джалам...
Але не ўзяў, хаця наступіў нагой на сасновую палку, не забіў, а павольна адступіў – далей ад нечаканай госці. Выдыхнуў з сябе агіду, хутка пакалдыбаў да поля, дзе стаяў і вуркатаў трактар...
Цэлы дзень варочаў зябліва. Нават на абед забыўся, хаця маці паклала ў сумку добры перакус. Перад вачыма стаяла, выструніўшыся, тоўстая і шэрая вяроўчына – і яшчэ чулася яе пагрозлівае сычэнне. Не мог адагнаць ад сябе думку-асацыяцыю: замест гадзючынай галавы бачылася яна, Аксана...
«Гэта добра, што яна з’ехала ў санаторый, – думаў трактарыст, – хоць будзе мажлівасць спакойна абдумаць усё, што-небудзь прыдумаць... Павінен жа быць нейкі выхад з гэтага становішча, быць такога не магло, каб не было выхаду...»
Разносіла Аксана перад гэтым газеты па вёсцы, і зноў, калі маці не было дома, наведалася да яго. Прынесла абласную «брахалаўку», але ліст з Кіева зноў жа не аддала. Была нейкая засяроджаная, сур’ёзная.
– З’еду я, Вінцук, ад цябе, – прамовіла ціха, аддаючы газету.
– Куды з’едзеш? На заробкі куды?
– Ды не, не ўгадаў. У санаторый. Дакторка сказала, каб я ныркі свае падлячыла. Піеланефрыт нейкі ў мяне знайшлі. А тут начальнік пошты кажа, што акурат такую пуцёўку на нашую арганізацыю выдзелілі. Не Трускавец, але ўсё ж такі... Параіў паехаць. А ты як – раіш, Уюн?
– Што я павінен сказаць? Калі ж доктар раіць, то што я? – не разумеў, да чаго хіліць дзяўчына, чаму ў яго пытаецца, прыставіў кулак да рота, кашлянуў.
– А ты што, захварэў?
– Ды ангіну падчапіў, ломіць усяго. Тэмпература высокая...
– А чым лечышся?
– Прыходзіла з медпункта Вера Ігнатаўна, укол зрабіла, аспірыну дала. Маці давала варэнне малінавае з гарачым малаком... Але яшчэ не адпускае.
– Дык ты вылежвайся, Вінцук, папраўляйся. Выздараўлівай. А я думала... Ды ладна, як вярнуся ўжо. А ты нікуды не ўцячэш за гэты час, як мяне не будзе?
Дзяўчына кісла ўсміхалася, глядзела яму дапытліва ў вочы, глядзела зычліва, не так, як тады, вочы ў вочы, – і ён адчуў нават цеплыню і спагаду, шчырую зацікаўленасць і клопатнасць пра яго здароўе...
– Уцяку. На Паўночны полюс. Да белых мядзьведзяў, – усміхаўся і ён, адказваў такім жа тонам, каб і намёкам не выдаць сябе, не выказаць сваю радасць, што яна на час з’едзе з вёскі...
– Да іх можна.
– Тады ў мяне будзе просьба – прывязі мне белае футра, калі табе падорыць які белы асілак.