Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
Сын не замінаў маці, маўчаў, гледзячы на абразы, таксама думкава прасіў помачы ва Ўсявышняга.
Потым выйшаў у двор і доўга разважаў пра сваё становішча, у якім апынуўся... І вельмі хацелася яму выбавіцца з той пасткі.
Віктар Барылін, радавы ўзброеных сіл незалежнай Рэспублікі Беларусь, за год, што быў у войску, прайшоў скрозь знявагу і здзекі «дзядоў», цярпеў іх дыктат, згінаўся, падпарадкоўваўся, выконваючы іх каманды, а потым у нейкі момант не вытрымаў, раз’ятрыўся, узарваўся – завадатару, старэйшаму вайскоўцу, камандзіру дзядоўскай мафіі, так уляпіў цяжкой табурэткай па галаве, што таго адразу забралі ў шпіталь...
Раней, як быў Саюз непарушны, як спявалі ў гімне, салдаты пяхоты ненавідзелі салдат-авіятараў, і наадварот, па нацыянальным прызнаку – малдаване біліся з расейцамі і беларусамі, армяне з украінцамі...
Ператваралі, так бы мовіць, у жыццё лозунг «дружба паміж народамі СССР – вечная!», даказваючы, сцвярджаючы, што ніякай той дружбы, пра што баялі камуністычныя ідэолагі, і ў паміне не было... У незалежнай Беларусі тая ж «дзедаўшчына» набыла новыя абрысы, ператварылася ў новы гібрыд – гарадскія білі маладых салдат з вёскі, гомельцы з мінчукамі, берасцейцы з віцебчукамі, магілёўцы з гарадзенцамі... Прычыны для знявагі і бойкі знаходзіліся самыя розныя, да абсурднасці простыя...
Дазнаваліся, распытвалі ваенныя следчыя, адкуль у Вячаслава Хвойнага (пацярпелага) такая траўма галавы.
– Ішоў па дарозе. Паслізнуўся. Ударыўся аб бардзюр.
Не верылі. Зноў дапытваліся, калі ачуняў, перапытвалі.
– Ішоў... Паслізнуўся. Ударыўся аб бардзюр...
І больш з яго не маглі выцягнуць ніводнага слова, як ні стараліся, як ні прыставалі.
За гэты час «дзяды» чамусьці Віктара не чапалі, адчапіліся (ці толькі надоўга?), мусіць, чакалі, калі выпішацца са шпіталя іх верхавод і скажа, як ціснуць салажатаў далей.
Барылін не збіраўся адступаць і тым больш моўчкі адседжвацца, чакаць нейкіх пераменаў у лепшы бок. Ведаў, што да лепшага яно не выкруціцца – «дзяды» не даруюць яму яго супраціву.
Рашыў сам абагнаць падзеі, бо па сялянскай логіцы разумеў – пад ляжачы камень вада не збярэцца. І слабаком перад іх хеўрай не хацеў выглядаць, жадалася быць няхай і не пераможцам, але хаця б нескароным...
Ён пайшоў на рызыку. Хлопец рашыў наведацца да Хвойнага. І выбраў той час у суботу, адразу пасля абеду.
Калі пераступіў парог палаты, адразу ўбачыў перад сабою Хвойнага. Трое хворых, у шэрых халатах, сядзелі каля акна – гулялі ў карты, і на таго, хто зайшоў, не звярнулі аніякай увагі. У палаце было восем ложкаў – чатыры з аднаго боку, і столькі ж з другога, паміж імі – вузкі праход...
– Здравія жалаю, малодшы сяржант Хвойны! – з парога вясёла павітаўся наведвальнік, нават далонь да скроні прыставіў, строгі выгляд надаў твару. – Разрашыце! – і ўжо цішэйшым голасам, як бы вінавата, апраўдваючыся за свой прыход, прамовіў: – Вось у адведкі, як гаворыцца, прыйшоў таварыш малодшы сержант. Вы ж не супраць, так? Нават радыя, думаю, майму прыходу.
Віктар прайшоў да табурэткі, што стаяла каля тумбачкі, акурат такая, якой і агрэў Хвойнага, сеў на яе. Паглядзеў на Славіка, горычна пашкадаваў:
– А і схуднеў ты, хлопча, і не пазнаць! А як галаву забінтавалі – жах! Рукі паадбіваць мала, усю прыгажосць табе сапсавалі. І хто ж гэта, братка, так цябе ўдзелаў, га? І што за гад такі асмеліўся руку на стараслужачага падняць, га? А я ж зусім і забыўся, гэта ж ты ішоў, паслізнуўся – і ўдарыўся галавой аб бардзюро, так? Як у тым кіне Нікулін на банане паслізнуўся. А ты сказаў тыя словы, як трэба было – «чорт падзяры!»? Не? Ну, во, з-за гэтага і не пашанцавала табе...
Вячаслаў нядобра бліснуў на наведвальніка зневажальным позіркам, прашыпеў ад затоенай злосці:
– Якога хрэна ты прыпёрся сюды, жаўтароцік недабіты? Вось выйду, тады разбяруся з табою.
– Добра, добра, Славік, я не супраць, – усміхаўся, ківаў згодна галавой Віцька і выцягваў з жоўтага цэлафанавага пакета пачастункі. – Тут табе ад жаўтароцікаў – яблыкі, пячэнне, цыгарэты нават... Выбачай, што не змаглі дастаць «Мальбара» і каньячку, толькі «Прыма» і мінералка...
– Ды ідзі ты адсюль са сваімі...
– Ну не трэба так, Славік, не трэба. Во які няўдзячны, а мы ж ад усёй душы, і з павагаю да дзядоў, стараліся, каб не пакрыўдзіць цябе, каб, значыць, улагодзіць. Я ж з вёскі, а ты з горада Гомеля, а гарадскіх трэба паважаць, дагаджаць ім...
– Пшоў адсюль, казёл! – усё больш і больш ятрыўся “пацярпелы”, адчуваючы недарэчнасць становішча, ды і перад сябрамі па палаце было няёмка – здзек, а не адведкі, і дурню тое было зразумела, і казе, як кажуць, панятна, што выцірае жаўтароцік аб стараслужачага ногі. – Я ж сказаў, калі выпішуся, то...