Вужык. Голуб на плячы. Дак
- Автор: Бароўскі Анатоль
- Год: 2012
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вужык. Голуб на плячы. Дак». Краткое содержание книги:
– Футра? Футра можна. Прывязу. Абавязкова, Аксана, прывязу.
Наступіла маўчанне. Усё, здаецца, перагаварылі.
– Пабегла я, – махнула рукой, – папраўляйся. Паслязаўтра еду. Мо й напішу табе адтуль, пабачу...
Да пабачэння!
«Напішу... А што падумае маці?»
– Бывай!
Хіліўся долу вечар. Ужо доўгімі сталі цені ад сонца. Выразна чуўся крык варанячай зграі, што пералётвалі з аднаго боку поля ў другі.
Агледзеў зробленае і застаўся задаволены: «Заўтра прыеду і ўжо да канца ўзару, калі трактар не падвядзе – чыхае нечага, як прастудзіўся ўсё роўна; трэба з раніцы пакалупацца ў яго чэраве...»
Назад ехаў той жа дарогаю.
Зірнуў міжволі ў правы бок – туды, дзе быў пень. Але ні пня, ні гадзюкі не ўбачыў. Мо далекавата было, а мо то і прывід быў перад ім, хто ведае...
Паставіў трактар на сваё месца – да чырвонага цаглянага плоту. Выцер анучай рукі, памыўся пад мыцельнікам, каб не ісці па вёсцы мурзатым...
Сустрэў каля варот машыннага двара Петруся Ястрабка, які спяшаўся некуды, але, убачыўшы Ўюнова, затрымаўся, пацікавіўся:
– Зрабіў норму?
– Ага. Заўтра тое поле, за Бронькай, павінен да вечара ўзараць.
– Тады - хакей! Заўтра і кіруй туды.
– Добра.
Калі зайшоў у хату, убачыў, што за сталом сядзіць зажураная маці – ці не плача? – вочы вільготныя, глядзіць няўцямна ў стол.
– Што з табой? Здарылася што?
Мальвіна не адказала. Але падала сыну канверт і паперку. Зірнуў на адваротны адрас. З ваенкамата прыслалі позву, якую ён і чакаў.
Маці зажурылася, а ён абрадаваўся: праз тыдзень яму трэба быць на прызыўным пункце.
– Ды не бядуй ты, мама, – абняў за плечы Вінцук маці. – Цяпер жа няма Афгана, ніякай іншай трасцы, у роднай Беларусі служыць буду, а не на Камчатцы ці Сахаліне.
– Армія ж, сын, яна і ёсць армія, а гэта значыць, што трэба браць у рукі зброю. А зброя – смерць. Могуць жа паслаць забіваць, як яны гавораць, у гарачыя кропкі.
– Ды не могуць нікуды паслаць – мы ж ні з кім не ваюем, зразумей!
– Так цябе і паслухаюць... ды ці мала што... Сёння час неспакойны, ва ўсім свеце неспакойна. Баюся я, сын, за цябе. За бацьку баялася – а ён таксама супакойваў, за Сымона хвалявалася – ён толькі ўсміхаўся... Свае забілі, хаця якія ж яны свае - абрэкі... У кожнага народа ёсць вылюдкі, але проста так забіць, нізавошта... Не магу зразумець такога.
– Ды хопіць табе слёзы ліць. Калі шчыра, то я сам хачу ісці ў войска, разумееш, са-ам!.. Мне ўцячы трэба, ма...
Мальвіна здзіўлена паглядзела на сына:
– Уцячы? Ад каго? Утварыў што, сын?
– Ды не, нічога не ўтварыў, не хвалюйся. Тут іншае. З Аксанай Журавель звязанае...
– Што – «звязанае»? – насцярожылася маці, нядобра паглядзела на Вінцука. – Божачка, што? Сур’ёзнае што, сын, скажы? Мо закахаўся, а я, дурная, і не ведаю...
Сын уздыхнуў, супакоіў:
– Усё не так. Усё наадварот. Яна прыстае да мяне, праходу не дае. Зацягнула-завабіла нават да сябе ў пуньку, на сенавал, сябе давала...
Мальвіна ўжо шырака раскрыла вочы, рыхтавалася пачуць тое, што так старанна ўтойваў ад яе сын.
– Нічога ў нас не было. І я вельмі рады таму. Яна вырвала з мяне абяцанне, што я некалі наведаюся да яе зноў. Яна нікога не хоча акрамя мяне, і хоча стаць жанчынай толькі са мною... Дурноцтва нейкае... Вось што адбылося. І – нічога больш, праўду кажу табе.
Маці прымружыла вочы, уздыхнула, прыходзіла ў сябе пасля напружанага чакання адказу, пахітала скрушліва галавой:
– Божа, Божа, як жа мне не шанцуе ў жыцці... Чым правінавацілася я перад Табой, у чым мой грэх? Вінцук, як я баюся за цябе, каб ты толькі ведаў. Вядзьмарка паклала на цябе сваё вока, і цяжка будзе выбавіцца з яе палону. Толькі адзін Бог і зможа табе памагчы... Так, вось што мы зробім з табой... Заўтра ж пойдзем са мно ў царкву, паставім свечкі нашым продкам і родным – за спакой і ўзнясенне, папросім ў Бога абароны і засцярогі ад злых сілаў...
Маці стала перад абразамі на калені, уголас загаварыла:
– Заступіся, Госпадзе, перад тымі, хто судзіцца са мною, зваюй тых, хто ваюе мяне; вазьмі шчыт і латы, і ўстань на дапамогу мне; агалі меч, і заступі дарогу тым, хто гоніць нас; скажы душы маёй: Я – ратунак твой! Хай пасаромяцца і паганьбуюцца тыя, хто цікуе душу маю; хай адступяцца і пакрыюцца ганьбаю тыя, хто шкоду нам намысляе... Хай будуць яны, як пыл на вятрах, і анёл Гасподні хай праганяе іх. Хай будзе шлях іхні цёмны і коўзкі, і анёл Гасподні няхай гоніць іх, бо яны без віны схавалі мне яму – сетку сваю; выкапалі на нявінную душу маю! Хай спадзе на яго пагібель раптоўная, і сетка ягоная, якую ён схаваў, яна схавана на сыночка майго, хай сама і зловіцца ў яе, упадзе ў яе на пропадзь сваю. А душа мая няхай узрадуецца ў Госпадзе, усцешыцца збаваннем ад пакутаў і насланага на нас гора! Амін!..