Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
Да Салаўя падышоў Малаковіч.
— Паднімай, Ляксандра, сваіх. Бярыце болей патронаў, гранаты, кулямёт і на першы час — харчы. А я на станцыю прывяду табе падмацаванне. Прыедзем на месца, там разбяромся, што рабіць і як дзейнічаць.
— Ну, я пайшоў.
Салавей крутнуўся праз левае плячо і ледзь утрымаўся, каб не казырнуць, ляпнуў стаптанымі абцасамі разбітых ботаў і знік за дзвярыма.
У вагоны грузіліся на світанні. Пад раніцу мокры снег падшэрх і пашарэў ад сажы і соцень салдацкіх ботаў. На адхонах чарнелі праталіны, з-пад сітаватага снегу тырчала леташняе бадылле, неба было цёмна-ліловае і халоднае. На пуцях стаялі разбітыя таварныя вагоны з аблезлымі нямецкімі надпісамі. У «галаве» састава сіпеў і пыхкаў прысадзісты паравоз з доўгім, як халява, комінам. З яго валіў густы чорны дым — дровы, відаць, былі сырыя, і гэта вельмі непакоіла Салаўя.
— Колькі мы будзем, Пракопе, на такой клячы цягнуцца да Гомеля? — запытаў ён у Малаковіча.
— У Жлобіне памяняем паравоз. Ты пастаў у помач качагару пару хлопцаў. Няхай шуруюць і глядзяць, каб машыніст жвавей варушыўся.
У вагоны апошнія селі камандзіры. Паравоз сіпата загуў, зачухкаў, напяўся, зарыпелі старыя разгайданыя «цялятнікі» і павольна пакаціліся па рэйках, мінаючы Цялушу, Чырвоны Бераг і Малевічы.
Эшалоны з магілёўскімі курсантамі і добраахвотнікамі з Рагачова ўжо стаялі ў Жлобіне і чакалі адпраўкі на Гомель. Камандзіры сабраліся да каменданта баявога ўчастка Пракопа Малаковіча.
Разам з начальнікам школы ўвайшоў чалавек у скураной куртцы, падпяразанай патранташом. Яму ўдалося прарвацца з Гомеля, каб далажыць губкому партыі, што адбылося ў іх горадзе. Ён паспешліва расказваў камандзірам:
— Васемнаццатага сакавіка шэсцьдзесят сёмы і шэсцьдзесят восьмы палкі другой Тульскай брыгады выступілі пад Оўруч на Пятлюраўскі фронт. У палках прытаілася шмат белых афіцэраў. Салдацкі паёк і так слабы, а яны яшчэ знарок яго кожны дзень уразалі. Шапталі салдатам, што ў Чырвонай Арміі іх чакае галодная смерць, што Калчак, Дзянікін і Пятлюра не сёння-заўтра задушаць савецкую ўладу і перавешаюць усіх камуністаў. Заклікалі кідаць фронт і вяртацца дадому, на цёплую печ. Начальнікам гаспадарчай часткі палка быў царскі афіцэр Стракапытаў. Ён і пасадзіў чырвонаармейцаў на галодную норму. А камандзір палка Мачыгін падбухторваў самых адсталых салдат, каб арыштаваць камандзіра брыгады Ільінскага і камісара Сундукова і выдаць іх Пятлюру, а самім кідаць фронт і ехаць у Тулу. Узбунтаваўшыся, пятнаццаты батальён захапіў цягнік і пачаў мітынгаваць у іншых палках. І там знайшліся белыя афіцэры. Эшалоны мяцежнікаў прыбывалі на станцыю Гомель-Палескі; да іх далучылася чацвёртая брыгада асобнага артылерыйскага дывізіёна. На фронце з камбрыгам засталося чалавек дзвесце верных рэвалюцыі чырвонаармейцаў і бронецягнік. Яны і стрымліваюць наступ пятлюраўцаў. А мяцежнікі захапілі вакзал, пачалі арыштоўваць камуністаў, здымаць нашы пасты і патрабаваць, каб іх адправілі ў Тулу.
Старшыня павятовага камітэта таварыш Хатаевіч якраз перад гэтым выехаў у Маскву на VIII з'езд партыі, а члены рэўкома, павятовага камітэта і работнікі Чэка вырашылі ўгаварыць мяцежнікаў вярнуцца на фронт. Пускаць узбунтаваную араву на Тулу ніяк нельга, бо ў Бранску толькі што пракаціліся контррэвалюцыйныя мяцяжы, а гэтыя галаварэзы маглі падпаліць іх зноў.
Таварыш Камісараў, рэдактар газеты Білецкі, продкамісар Селіванаў і кіраўнік чыгуначнікаў Валодзька пайшлі на Палескі вакзал, каб пагаварыць з мяцежнікамі. Іх сустрэлі кулямёты і штыхі. Павятовы камітэт вырашыў супраціўляцца, каб не даць мяцежнікам злучыцца з пятлюраўцамі.
— А якія сілы ў рэўкома? Колькі яны могуць яшчэ пратрымацца? — запытаў Салавей.
— Сілы самыя нязначныя: інтэрнацыянальны атрад Чэка ды чалавек трыста так-сяк узброеных камуністаў. Ёсць і такія, што ўпершыню ўзяліся за вінтоўку. Вось, лічы, і ўсе сілы. На. каравульны батальён надзея слабая — і туды пракраліся мяцежнікі... А ці трымаюцца нашы яшчэ, невядома. Мяцежнікі адразу выпусцілі з турмы чалавек чатырыста бандытаў і зладзеяў. Пачаліся разбой і грабяжы, разгул крымінальнікаў.
Рэўкомаўцы і чалавек; трыста камуністаў занялі гасцініцу «Савой» і, як могуць, абараняюцца. У іх адзін кулямёт і вельмі мала патронаў.
Бандыцкія кіраўнікі абвясцілі сябе «Паўстанцкім камітэтам Палесся» і ў пракламацыях напісалі, што савецкая ўлада, ў Гомелі скінута. Вось палюбуйцеся.— Ён выцягнуў з кішэні скуранкі пакамечаны лісток шэрай паперы і працягнуў Малаковічу. На ім было надрукавана буйнымі літарамі: