Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Современная русская и зарубежная проза » Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ

Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:

У другі том уваходзяць лепшыя празаічныя творы пісьменніка. Апавяданні «Зялёны агеньчык», «Ганна», «Так і было» прысвечаны актуальным праблемам сучаснасці. Цыкл навел «Сувеніры» расказвае пра цікавыя сустрэчы ў краінах Заходняй Еўропы. Значнае месца ў томе займае вядомая аповесць «Рудабельская рэспубліка».
1 ... 99 100 101 102 103 104 105 106 107 ... 139
Перейти на страницу:

Афіцэрыка ўцягнулі ў цэнтр круга. З разбітай сківіцаю, увесь дрыжучы, стаяў ён перад Салаўём.

— Браточкі,— заскуголіў ён,— і вы, Аляксандр Раманавіч, даруйце. Нячысцік папутаў.

— Гэта мы ўжо чулі ад стракапытаўскіх бандытаў. А што з ім рабіць, рашайце самі, таварышы. Камандзірам у вас будзе селянін з Рудабелкі Анупрэй Драпеза. Гэтага, ды і вас болей «нячысцік не папутае». Зараз жа ўсім пастроіцца. Прапаную выбраць трыбунал і судзіць здрадніка па законах рэвалюцыйнага часу.

Былому ротнаму звязалі папругаю рукі. Суд быў кароткі і справядлівы.

Зноў паваліў густы мокры снег. Ён прыцярушыў сцежку ў хмызняк, па якой павялі мяцежнага афіцэрыка. А праз паўгадзіны рота пад камандаю Драпезы залягла каля чыгуначнага насыпу: Малаковіч і Салавей хацелі прарваць варожую абарону і заняць заходнюю ўскраіну горада.

Бабруйскі батальён, магілёўскія курсанты, рагачоўскія і жлобінскія добраахвотнікі падняліся ў атаку. Толькі яны ўскочылі на чыгуначнае палатно, як па іх секануў густы шквал кулямётнага, агню. Упала некалькі чырвонаармейцаў. Здавалася, варожая абарона стаіць суцэльнай сцяной. Затрымлівацца на буі было самагубствам, і Салавей загадаў адпаўзці за насып. Трэба зберагчы кожнага чалавека, не дапусціць непатрэбных ахвяр. Атака захлынулася, і паўтараць яе не было сэнсу. А сядзець склаўшы рукі — злачынства перад рэвалюцыяй, перад таварышамі, якія гінулі ў горадзе.

Салавей вырашыў перапаўзці ў невялічкі алешнік, абысці мяцежнікаў збоку і закідаць гранатамі. Але кулямётны агонь зноў прыціснуў іх да зямлі і прымусіў адступіць назад. Тады Аляксандр Раманавіч разам з Пракопам Малаковічам вырашылі сабраць самых надзейных камандзіраў, камуністаў і работнікаў Чэка.

— Лоб у ворага цвёрды, і яго адразу не праб'еш,— сказаў ён на гэтай кароткай нарадзе,— а губляць людзей шкода ды і неразумна.

— Што ты прапануеш? Можа адступіць? — рэзка спытаў Малаковіч.

— Адступаюць толькі баязліўцы і шкурнікі, а дзе не хапае сілы, там выручае хітрасць і смеласць. Хто са мною пойдзе ў горад?

Многія глядзелі на Салаўя і нічога не разумелі. Ён заўважыў гэтую разгубленасць і растлумачыў:

— Мы крадком прашыемся ў Гомель і ўзарвём варожае кубло з сярэдзіны. Нажахаем мяцежнікаў, закруцяцца яны, як шкурат на агні, тады лёгка будзе прарвацца нашым часцям. А пакуль што забаўляйце іх — пастрэльвайце час ад часу.— Ён памаўчаў і абвёў усіх стомленымі падабрэлымі вачамі.— Ну дык хто?

Падняліся Гурскі, Шолам Агал, Кроль, Тараевіч, Дзямян Пархімовіч,— усяго дваццаць сем чалавек.

На вуліцы гусцеў змрок, Паміж нізкіх калматых хмар цьмяна паблісквалі дзве-тры далёкія зоркі, шумеў вецер у голым вецці прысад.

Праз паўгадзіны ўсе дваццаць сем чалавек прыйшлі да свайго камандзіра і не пазналі адзін аднаго: у світах, падпяразаных вераўчанымі путамі, у палапленых кажушках, бравэрках, дзіравых аблезлых шапках, на нагах — лазовыя лапці і маршчакі.

У каго торба вісела праз плячо, як у старца, у каго за спіною целяпаўся зрэбны хатулёк.

— Цяпер і родная маці не пазнае,— радаваўся Салавей, гледзячы на сваіх хлопцаў, і яны ўсміхаліся, пазіраючы адзін на аднаго. Камандзір кожнаму расказаў, як яму прабірацца, што гаварыць, калі хто запыніць, і што рабіць у горадзе.

Адна група рушыла да ракі. Лепш за ўсё было прайсці па крутым узбярэжжы Сожа, паміж ракітавых кустоў. Ішлі па два, па тры і па адным. Другая група знікла ў густым ельніку каля чыгуначнага палатна.

Электрычнасці ў горадзе не было. Толькі там-сям у вокнах мігалі жоўтыя квадраты святла. Дамы былі трывожна прыцішаныя, нібы вымерлі і апусцелі. На цёмных вуліцах дралі глоткі п'яныя бандыты, грукалі ў зачыненыя дзверы, лупілі прыкладамі ў гулкія жалюзі крамак. Чуліся несуладныя песні і лаянка. Страшэнны жаночы крык, здавалася, разрываў густое вільготнае паветра.

Салавей прабраўся на Лібаўскі вакзал. На пероне гарэў закураны ліхтар. Салдаты цягнулі ў вагоны нейкія скруткі, завязаныя ў брудныя прасцірадлы, кулі мукі, скрынкі, жаночыя футры. Падобны на вахмістра вусаты салдат надзеў на стаўбунаватую шапку чорны кацялок, а праз плячо перакінуў доўгую сукенку з карункавымі фальбонамі.

П'яныя салдаты крычалі, мацюкаліся, штурхаліся, адбіралі адзін у аднаго нейкія транты, хапаліся загрудкі. Гармідар стаяў на вакзале і ў вагонах. Ніхто ні на кога не зважаў, і Салавей шкадаваў, што не прывёў сюды цэлы ўзвод. Ён разам з Шоламам Агалам адышоўся за пусты вагон, выцягнуў з-пад крыса світкі бляшаную гранату і шпурнуў яе ў адзіны ліхтар на пероне. Грымнуў выбух.

1 ... 99 100 101 102 103 104 105 106 107 ... 139
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)