Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
У пакоях гасцініцы стагналі параненыя, канаў прабіты навылёт бандыцкай куляю загадчык цэнтрадруку Фішбейн, падалі знясіленыя і галодныя камуністы, але «Савой» трымаўся ўсю ноч.
Раніцою Стракапытаў загадаў біць па гасцініцы з артылерыі. Са свістам і грукатам снарады ўрываліся ў вокны, крышылі тоўстыя сцены. Гінулі байцы, кідаліся і трызнілі параненыя. З Троіцкай вуліцы пачаў біць мінамёт. Увесь час стракаталі кулямёты мяцежнікаў, якія спрабавалі ўварвацца ў будынак, але з праломаў вокан, з балконаў грымелі стрэлы абаронцаў «Савоя». Яны перайшлі на другі паверх. Параненыя Ланге, Камісараў і Білецкі не пакідалі байцоў. Камандаванне яны перадалі былому палоннаму, нямецкаму камуністу Фрыдрыху Краўзе.
Скончыліся патроны, і кулямёт замоўк. З прабітай столі валіліся цэлыя пліты тынкоўкі разам з дранкаю, праз аконныя правалы свісталі вецер і кулі стракапытаўцаў. Параненых выносілі на першы паверх, перавязвалі разадранымі гасцінічнымі прасцірадламі і ўціральнікамі. А Краўзе, прытуліўшыся да падаконніка, без промаху страляў па мяцежніках. Ён перапаўзаў ад аднаго да другога праёма, нібыта гаворачы сам з сабою, камандаваў: «Па бандытах, агонь!» і лаяўся па-нямецку і па-руску. Каманды абаронцаў «Савоя» мяняліся праз кожныя паўгадзіны. Густыя залпы прарэджвалі строй мяцежнікаў. Яны адпаўзалі ў брамы, хаваліся ў пад'езды.
Па гасцініцы зноў ударыла артылерыя, кулямёты секлі шквальным агнём. Супраціўленне слабела — не было патронаў, людзі паміралі ад вялікай страты крыві, а жывыя ледзьве трымаліся, знясіленыя голадам і бяссонніцай.
Фрыдрых Краўзе ўсё біў і біў па мяцежніках. Яму прастрэлілі вуха. На шчацэ і на шыі запяклася кроў. Бінтаваць не было калі. Побач з ім, ледзь дыхаючы, стралялі Ланге, Камісараў, Білецкі, Аўэрбах і Бочкін. Параненым і зусім знясіленым было загадана непрыкметна праз двары і завулкі прабірацца да Сожа, ратавацца ў рабочых кварталах горада.
У «Савоі» стрэлы сціхалі. З пад'езда выйшаў высокі бялявы мужчына ў расхлістанай чыгуначнай куртцы. Ён спыніўся і падняў левую руку.
— Хачу гаварыць з камандзірам.
— А хто ты такі? — запытаў афіцэр, які паспеў начапіць пагоны і крыж-накрыж перацягнуцца рамянямі.
— Член павятовага камітэта ад чыгуначнікаў Валодзька.
— Гаварыць гавары, толькі не агітуй, а пікнеш, заткну глотку.— І ён памахаў вялізным маўзерам.
— Вы абкружаны Чырвонай Арміяй. Не павялічвайце сваіх злачынстваў, за іх вам прыйдзецца адказваць. Мы спынім супраціўленне, калі вы абяцаеце адпусціць параненых і ўсіх, хто застаўся ў гасцініцы.
— А ты не больна страшчай, камісарык,— вызверыўся афіцэр.— Што ты скажаш, як твая армія стане пад нашы сцягі і — «даеш Маскву». А вы? На халеру вы нам здаліся? Бяззбройных біць бог не вяліць, а ў палон браць — лішняя марока. Вылазьце, не зачэпім. Так, рабя?
— Пушчай вылазяць,— гаркнула некалькі п'яных галасоў.
Валодзька, намагаючыся, каб хаця не пахіснуцца, пайшоў у «Савой». Страляніна сціхла. Праз некалькі хвілін, падтрымліваючы адзін аднаго, кульгаючы, абапіраючыся на кійкі ад штораў, выходзілі ўчарнелыя, параненыя, з перабінтаванымі галовамі абаронцы «Савоя» — рэўкомаўцы, работнікі Чэка, камуністы з чыгункі і заводскіх ускраін. Усяго чалавек шэсцьдзесят. Астатнія па адным, па два паспелі пратачыцца праз вузкі завулак у суседнія сады і двары.
Раз'юшаныя бандыты і выпушчаныя стракапытаўцамі з турмы крымінальнікі стаялі па абодва бакі Румянцаўскай вуліцы, за іх спінамі туляліся ашуканыя салдаты з наіўнымі сялянскімі тварамі і літасціва глядзелі на скрываўленых, знясіленых і абшарпаных людзей, што, кульгаючы і трымаючыся адзін за аднаго, выходзілі з гасцініцы. Яны памкнуліся павярнуць на Магілёўскую вуліцу, але той самы афіцэр, што гаварыў з Валодзькам, крыкнуў: «Ацаніць!»
Бандыты абкружылі абаронцаў «Савоя», залязгалі затворамі і пачалі біць прыкладамі і ножнамі шабель па забінтаваных галовах і плячах.
Старшыня Чэка Ланге кульгаў і ледзьве трымаўся на нагах, а крымінальнікі і азвярэлыя салдаты штурхалі і паролі яго штыхамі, білі і лаяліся.
— Апамятайцеся, калі вы яшчэ людзі! Вы здрадзілі народу, рэвалюцыі і нават свайму слову. Што вы робіце? — спрабаваў суняць раз'юшаных мяцежнікаў Камісараў.
Афіцэрык падскочыў да яго і сунуў у твар ручкаю нагана. Па шчацэ пабег струменьчык крыві, а вока заплыло сіняй пухлінаю.
Б'ючы і штурхаючы, іх павялі па Румянцаўскай вуліцы ў турму. З вокан і з двароў баязліва пазіралі людзі, многія крадком выціралі слёзы, іншыя стараліся запомніць адзічэлыя абліччы катаў, каб пазнаць іх, калі паспрабуюць выкруціцца ад расплаты за здраду.