Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1973
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Выбраныя творы ў двух тамах. Том ІІ». Краткое содержание книги:
А к Гомелю падыходзілі чырвонаармейскія часці — з Смаленска прыбыў атрад на чале з губернскім ваенкомам Язэпам Адамовічам, каля Нова-Беліцы пачынала абстрэл мяцежнікаў Бранская дывізія. Салавей са сваімі байцамі заняў маёнтак Прудок, вярсты за чатыры ад горада. Адсюль відаць дахі і дымкі над камінамі, чуваць гул і страляніна. Да бабруйскага батальёна далучылі рагачоўскі і жлобінскі атрады, пераважна людзей маладых, апранутых вельмі страката: лапці і доўгі шынель, хромавыя боты і кароткія кавалерыйскія венгеркі, флоцкі бушлат і стаўбунаватыя папахі.
Разведчыкі далажылі, што ўскраіна горада занята ланцугамі мяцежнікаў і ўтыкана кулямётнымі гнёздамі. Яны ж прывялі двух да смерці перапалоханых стракапытаўскіх салдат. Невялічкі, з русяваю бародкай і бязбровымі вачыма дзяцюк шморгаў носам, біў сябе ў грудзі і енчыў:
— Далібог, д'ябал папутаў. Мы што? Як тыя авечкі. Куды баран, туды і мы следам. Хіба ж мы супроць Саветаў? Камандзіры кажуць: «Здраднікі не пушчаюць дадому, біце іх...» Ну дык мы і таго...
Салавей можа ўпершыню ў жыцці вылаяўся:
— Бар-р-ран. Усе вы бараны бязмозгія! На сваіх падняліся! Супроць рэвалюцыі, супроць свабоды пайшлі.
Палонных абшукалі і падалі Салаўю дзве паперкі — два пасведчанні. У іх было сказана, што іх прад'яўнікі з'яўляюцца байцамі 1-й паўстанцкай арміі. Побач з подпісам Стракапытава стаяла вялікая сіняя пячатка з двухгаловым арлом пасярэдзіне.
— Ого, ужо і царскі герб прышлёпнулі, толькі арол пакуль што без кароны. От за што вы ваюеце! — І ён патрос перад мокрым носам спалоханага салдата паперкамі, склаў іх і схаваў у верхнюю кішэньку фрэнча, кіўнуў Драпезу: — Ты іх, Анупрэй, прывёў, ты і разбірайся. Адумаюцца, выкладуць усё, як на споведзі, можаш памілаваць, а не — няхай трыбунал рашае, кіруючыся рэвалюцыйным сумленнем. Вядзі!
Паваліў густы мокры снег, сляпіў вочы, слізкімі камякамі спаўзаў за каўнер. «От цяпер у гэтай крутаверці і рвануць на варожыя пазіцыі»,— падумаў Салавей і паклікаў камандзіра далучанай у дарозе роты.
— Ваша рота займае левы фланг уздоўж чыгункі. Неспадзеўным ударам зламаем абарону праціўніка і прарвёмся ў горад...— Салавей асекся: камандзір роты глядзеў некуды ўбок, нібы і не слухаў яго.— Вам ясна? — спытаў Салавей.
— Ясна то ясна, але ваш загад выканаць не магу.
— Як гэта не магу?
— А так. Адыдземся, Аляксандр Раманавіч, пагаворым.
— Вы што, здурэлі? Пра што мне з вамі гаварыць? Якія ў нас могуць быць сакрэты? Выконвайце загад!
— Не магу. Салдаты адмаўляюцца страляць у такіх жа сялян, як і яны. Ды і вы ж, здаецца, сялянскі сын.
— Што гэта, здрада? — закрычаў Салавей.
Да камандзіра роты падышло і стала кругам шасцёра здаравіл, з кулакамі, як кавальскія молаты.
— Калі не хочаш слухаць мяне, камандзір, яны растлумачаць,— кіўнуў на салдат асмялелы ротны, пераходзячы на зняважлівае «ты».
— Што гэта? Пагроза? — спакойна запытаў Салавей і, ні на кога не зважаючы, пайшоў да пуні. Там стаялі групкамі салдаты. Курылі і паціху гаманілі, жавалі глёўкі хлеб, хтосьці прышываў гузік да цупкага мокрага шыняля. Камандзір батальёна заўважыў, што ў роце былі пераважна маладыя вясковыя хлопцы. Такіх, вядома, можна павярнуць, куды хочаш. Ён весела, па-свойску, паздароўкаўся з імі, стаў на пустую скрынку і ціха загаварыў:
— Тут ваш камандзір кажа, што рота не хоча ваяваць за савецкую ўладу. Гэта праўда, таварышы? — Усе паўставалі са сваіх месцаў і абкружылі Салаўя, але ніхто не адказаў на яго пытанне.— Белыя афіцэры ашукалі салдат і паднялі мяцеж. Яны забіваюць нашых братоў — гомельскіх рабочых і камуністаў, а вы збіраецеся памагаць забойцам. Чаго яны хочуць? Адабраць зямлю, якую нам дала савецкая ўлада, і зноў пасадзіць на яе паноў. От паглядзіце! — Салавей дастаў з кішэнькі дзве паперкі і падняў над натоўпам.— Зноў царскі арол! Вось пасведчанні, адабраныя ў стракапытаўскіх мяцежнікаў. Глядзіце! А вы кажаце, свае. Каму свае, а каму ворагі.
— Гэта ротны кажа,— пачуліся галасы з натоўпу.
— А, вунь яно што!
— Шаптаў кожнаму: «За сялян Стракапытаў, мужыцкую ўлась абяцаў»,
— Прадаўся, гад, буржуям, і нас хацеў пад манастыр падвесці.
Над натоўпам ляснуў глухі стрэл. Салавей саскочыў са скрынкі. Левае крысо шыняля было прабіта. Здаравенны салдат сунуў кулаком у пашчэнкі ротнаму, той аж грымнуўся вобземлю, ускочыў і кінуўся за пуню. Тут жа яго адразу схапіла некалькі дужых рук.
— Пачакай, гаспадзін афіцэр,— прабасіў той самы здаравіла, што зваліў яго з ног,— што ты цяпер заспяваеш?