Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Затрапятала ад ветру ваўняная завеса. Зноў пачынаўся дождж. Мабыць, наступіў час абеду ў Залатой палаце — Магнаўры. Імператар, магчыма, вельмі хутка забудзецца на яе — кожны дзень нясе яму новыя пацехі і клопаты, — але гадзіна, праведзеная ў Вялікім Палацы, ужо мяняла жыццё Жывены: Нікіфар пакорліва змоўк, а калі яны выходзілі з насілак, апярэджваючы слуг, падаў руку, каб зручна было выходзіць. Аднак нястрымныя дрыжыкі недзе ўсярэдзіне не перапыняліся, і бесперастанку клацалі ягоныя зубы, якія ён сутаргава сціскаў…
Назаўтра на дасвецці Жывену разбудзілі. Перад дзвярыма тросся пасцельнічы Феафілакт.
— Наш гаспадар… ён… памірае!
Дзяўчына не пазнала коміта: правая палова яго твару была перакошаная, ён глядзеў адным вокам, а другое было заплюшчана.
— Што з ім? — бесперапынку пытаўся Феафілакт. Збегліся слугі. Усчаўся вялікі плач.
— Ціха! — прыкрыкнула Жывена. Яны адразу спалохана змоўклі.
Яна бачыла, што з Нікіфарам — учарашняе жахлівае напружанне разбіла яго паралюшам.
— Трэба паслаць па лекара ў манастыр Пантакратара!
— Слухаю, — пачціва схіліўся перад ёю Феафілакт, пабег выконваць распараджэнне.
Яна кінулася варыць зелле, якое разаграе кроў, пасля сама расцірала хвораму ногі, схаладнелыя рукі. Хацела паклікаць на дапамогу Фаціму, нават загадала яе знайсці, але Нікіфар замыкаў, жаласна заміргаў вокам, і, успомніўшы пра Саліма, яна толькі папрасіла служку дазнацца, дзе ён і што з ім. Вярнуўшыся, хлопец пераказаў, што яшчэ ўначы ўся сям'я мусульманіна знікла, як перуном іх спаліла, — мабыць, баялася помсты.
Жывене шкада было Фаціму, да якой за гэты час яна прывыкла, прызвычаілася, якая столькі расказвала пра Візантыю, але холад прабіраў да касцей, калі думалася, што магло быць з імі пасля Салімавых слоў…
Чатыры наступныя дні Жывена не адыходзіла ад хворага, і разам з ёю цяпер быў Святазар. Хлопчык ціха сядзеў у куце, перабіраў бірулькі, глядзеў, як завіхаецца каля хворага лекар.
Малады, але вядомы ў горадзе грэк Георгій спачатку высакамерна выслухаў, што рабіла Жывена да ягонага прыходу, але пасля прызнаў, што тое самае рабіў бы і ён. Праўда, пітво, зваранае з зёлак, ён доўга нюхаў, распытваў, з чаго яно прыгатавана. Ды, убачыўшы, што пасля прыёму хвораму відавочна лепшае, даверыўся нечаканай памочніцы.
— Хаця дачцы коміта і не варта рабіць такую прапанову, — сказаў ён на трэці дзень, — але я з ахвотай узяў бы цябе, Ефрасіння, у наш манастыр, а там усё ж лепшыя лекары і сёстры ў Візантыі. Ад тваіх рук ідзе тое дабрадатнае цяпло, якое часам дапамагае лепей за лекі…
Аднак здольнасць валодаць сваім целам да коміта ўсё ж не вярталася. Ды Георгій супакойваў дзяўчыну, што пры належным доглядзе Нікіфар, нават калі і не здолее гарцаваць на кані альбо ўзбірацца на вежу, хадзіць усё ж зможа, хаця і павольна.
Пад вечар пятага дня стома так навалілася на Жывену, што яна, забраўшы хлопчыка з сабою, пайшла спаць, пасадзіўшы каля гаспадара манашку з манастыра Пантакратара і напаіўшы Нікіфара гаючым адварам зёлак.
А ўначы каля брамы Пігі залязгала зброя, завіравала сеча. З гавані Феадосія, найбліжэйшай да гэтай брамы, пачалі страляць грэчаскім агнём два галеоны, да іх далучыліся драмоны, што стаялі ў гавані Юліяна. Пасля дазналіся, што гэта атрад Аляксея Страцігапула разам з полаўцамі прайшоў у горад праз адчыненую браму — пастараліся патрыёты.
Зашугалі полымем дамы, дзе жылі лаціняне, палыхлівае вогнішча слупамі ўзнялося ў розных кварталах горада, незлічонымі іскрамі ападаючы на людзей, што кінуліся па вуліцах, каб разам з нікейскім войскам раз'ятрана абрынуцца на абрыдлых чужынцаў.
Жывена загадала ўпраўляючаму сабраць усіх рабоў, слуг, вольнаадпушчанікаў і ўзброіць іх супраць тых, хто, карыстаючыся патарочай, заахвоціцца лезці па ласкавы хлеб*, а сама подбегам кінулася да гаспадара.
* Выраз, які азначае «на дармаўшчыну».
Каля яго было пуста. Мабыць, манашка збегла, пачуўшы асаду, таму што разам з ёю знікла і сярэбраная шкатулка, дзе ляжалі маленькія вагі, на якіх адмервалі шчопці лекаў. Нікіфар ляжаў непрытомны, і, абмацаўшы яго галаву, яна адчула, што патыліца яго была цвёрдакаменнай. У памяці ўсплылі словы з павучанняў Цэрэнхана: «Пры нерухомасці патыліцы, страце гаворкі прыпальвай валасы на вялікіх пальцах ног»*. Яна прынесла палыновыя палачкі, што пакінуў тыбецец, падпаліла іх. Церпкі пах паплыў да іконы Спаса ў куце, да свечак, якія запалілі ля ложка, бо зноў у акно глядзеў непрыветны хмуры дзень. Сіняватыя шнурочкі дыму віліся ля шкляных сасудаў з мініяцюрамі, распісанымі залатымі фарбамі, ля бронзавых поручняў ложа; на жоўтую скуру кашчавых ног гаспадара ападаў зеленаваты попел.