Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
* Дакладны рэцэпт з «Чжуд-Шы», тыбецкай кнігі лекавання.
Прыпальванне падзейнічала. Нікіфар расплюшчыў вочы і, ледзь варочаючы языком, загаварыў:
— Тваё адпушчэнне… — там. І царкоўны запіс, — паказаў вачамі на абраз, які вісеў на сцяне. — Адсунь.
За абразам аказалася ніша, там у скарбонцы з палісандравага дрэва ляжаў скрутак з патрэбнымі запісамі. Царкоўная пячатка, подпісы сведкаў. Там жа, унізе, дзяўчына прачытала сказ, па якім ёй дарылася памесце за горадам. Нікіфар сачыў за яе тварам.
— Мо-жаш е-хаць, — напружыўся ён, каб вымавіць тое, што не ляжала да душы. — Па-кінь мяне. Я табе ўжо не-па-трэбны…
— Нікейцы бяруць горад. Магчыма, твой сын вось-вось з'явіцца тут, і тады ты ўстанеш. Радасныя весткі лепей за любыя лекі, - загаварыла яна з ім, нібы з капрызлівым дзіцём.
— З'яздж-ж-жай!
— Ты ж не пазбавіш мяне радасці пазнаёміцца з братам? — зноў з усмешкай пакпіла яна.
— Упар-тая!
Ён адкінуў галаву, але на спакутаваным, страшным твары мільганула радасць.
Тады Жывена ціха выйшла, прыціскаючы да грудзей пергамент. Ён быў для яе цяпер даражэйшы за ўсё, што было ў гэтым доме, таму, перш чым зноў ісці да выхада, яна беражна паклала ў палатняны мяшэчак каштоўны скрутак, і, павагаўшыся, прымацавала той мяшэчак на пояс, надзеты проста на цела.
Цяпер заставалася адно — выжыць у асадзе.
Лекар Георгій не прыехаў. Але наўрад ці змог бы ён дапамагчы: пасля кароткага паляпшэння Нікіфару зноў зрабілася надта блага. Вусны яго пачарнелі.
— Я павязу яго ў бальніцу, — вырашыла Жывена.
— Але паўсюль ідуць баі. Я праехаў да рога вуліц Памакарысты і Трох Караблёў: лаціняне бягуць у гавані, да караблёў, але некаторых забіваюць на вуліцах і тут жа ляжаць трупы! — запярэчыў Гермаген.
- І ўсё ж… Упрагайце коней у вазок. Ён можа памерці.
Яна ўзяла з сабой Гермагена, узброенага мячом і дроцікамі, а таксама яшчэ двух маладых слуг. Ім пашанцавала: замятня перамясцілася ад форума Таўра, ля якога стаяў дом Нікіфара, да царквы святога Акакія, і паўз акведук* Валента так-сяк яны дабраліся да манастыра. Там было неспакойна: прыносілі раненых нікейцаў і царгародцаў, таму давялося чакаць. Калі лекар Георгій, нарэшце, выйшаў да іх, то, бегла агледзеўшы Нікіфара, загадаў пусціць яму кроў і пакласці ў бакавую палату, далей ад жахлівага відовішча ран, нанесеных грэчаскім агнём, ад крыкаў і стогнаў паміраючых.
* Водаправод. У Візантыі ён насіў імя імператара Валента.
Цямнела, калі яны вярталіся дадому. Горад быў ужо захоплены нікейцамі, куродым ад спаленых дамоў слаўся па вуліцах. Не зважаючы на трупы, пераможцы паўсюдна гралі на флейтах, білі ў барабаны, пілі віно; блудніцы ў абдымку з пераможцамі кіраваліся ў таверны. На плошчы перад палацам Вукалеона воіны насілі на прыстань груды трафеяў: вялікія сярэбраныя вазы і сасуды, скруткі шоўку і парчы, бронзавыя курыльніцы. Гучна апавядалі, як джгалі да караблёў напаўадзетыя лаціняне, іх жонкі і дзеці і як спяшаўся туды ж Балдуін са сваёй світай, падганяючы каня, губляючы знакі імператарскай улады. Сярод жа простага люду хто хваліў, хто ганіў пераможцаў, якія не надта ўлягалі за чужынцамі, даючы ім адплыць, а то дзе-нідзе загадвалі тушыць пажары, бо агонь мог перакінуцца на кварталы, заселеныя толькі царгародцамі.
Калі Жывена разам са слугамі пад'ехала да дома, завярнуўшы за старую разлапістую смакоўніцу, усе аслупянелі: другога, драўлянага паверха не было, адно курыліся бэлькі на каменных плячах першага. Дагарала, патрэскваючы, тоўстая дубовая брама, ля якой пакінулі яны ўпраўляючага і рабоў. Калі зайшлі ўсярэдзіну, пабачылі некалькі мёртвых целаў.
Жывена кінулася ў свой пакой.
Туніка нібы загарэлася на ейных плячах: Святазара там не было, а яе адзенне — хітон, белая вуаль, што вісела ў куце, сандалеты — усё было пасечана на шматкі. Як вокам кінуць, усё было параскідана, аблуплена да жывога. І — ніводнае душы наўкол. Аднак неўзабаве вылез з кустоўя раб-балгарын, сам не ў сабе ад страху.
— Каб я ўдоўж лаўкі выпрастаўся, — пакляўся ён, — як кажу няпраўду. І я біўся з немцамі, ды пасля ўцёк, бо іхняя сіла. Тыя кулём ляглі, - паказаў ён на вароты, — але не здолелі іх стрымаць.
— Якія немцы? — запыталася Жывена, сама не свая ад гора. — Ты што, з Лядашчыкам спазнаўся?*
* У сэнсе — здурнеў.
— Ты пра каго гаворыш, хлопец? — запытаўся і Гермаген. — Хто тут быў — нікейцы альбо латругі-царгародцы? Кажы праўду, іначай я цябе на горкі апельсін сатру! Дух з цябе вон, пара слупам!