Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:

Залатая жрыца Ашвінаў
1 ... 97 98 99 100 101 102 103 104 105 ... 140
Перейти на страницу:

— Знодай мяне з зямлёю, але гэта былі немцы, я дык іх ведаю, — кляўся балгарын. — Галоўны з іх усё гаспадыню шукаў, - ён паказаў на Жывену. — А пасля, як не знайшоў, загадаў вольнаадпушчаніцы Ніко ўзяць дзіця і следам за імі ісці. А астатнія грэблі ўсё, што можна, асабліва ў пакоі нябожчыцы. І надта спяшаліся, бо, як ускочылі на коней, дык так джыгнулі, як моцы стала.

— Гаворыць, як макам сыпле! — злосна сказаў Гермаген. — Каб ты на вадзе спёкся, як ты бярог гаспадарскае дабро. А найперш дзіця. Можа, забіць цябе, палахліўца?

— У чым ён вінны? — Жывена адчувала: вялікі жаль затоплівае яе, як паводка, так што няможна ўдыхнуць паветра. І няма сіл і жадання выплыць з віра, што засмоктвае глыбей і глыбей.

Яна пайшла да сябе ў пакой, лягла галавой на стол. Была ўся як у агні.

Ціха пастукалі ў дзверы. Зайшла рабыня-эгіпцянка.

- І ты засталася жывою? — узняла Жывена ацяжэлую галаву. — Дзе схавалася?

— Мяне таксама ўзялі, але пасля галоўны іхні перадаў мне словы, каб я іх вам сказала. Тры разы прымусіў паўтарыць, а што яны значаць, не ведаю.

— Якія словы?

— Цяпер першым прыйшоў мой конь.

— Яшчэ раз паўтары, чуеш!

Рабыня паўтарыла, а пасля, апраўдваючыся, дадала:

— Як мяне адпусцілі, так дзеркача дала, што ўпала і руку ледзь не зламала.

- Ідзі!

Эгіпцянка выйшла.

Столь над галавой прагнулася, усё болей цягнула дымам — горкім, злавесным. Трэба было ісці з гэтага пакоя, тут было ўжо небяспечна.

Млява яна ўстала, пайшла па доме, шукаючы прыстанішча. Дзверы ў пакой, дзе памірала Еўдакія, былі сарваныя з петляў, там таксама ўсё было перавернута і апаганена. Але, узняўшы погляд на кут, Жывена спынілася, уражаная: ярка ззяла ў цёмным ужо, чадным пакоі ікона, дзе жанчына прыціскала да сябе дзіця, і вочы яе былі шчымліва-безабароннымі, нібы яна загадзя ведала ўсё, што адбудзецца і з ёю, і дзіцем, але цярпліва прыгатавалася несці пакуту праз жыццё і не пярэчыць наканаванаму… І так было падобна тое, аб чым расказаў у гэтай іконе жывапісец, і тое, што адбывалася цяпер з Жывенай, што яна застагнала, углядаючыся ў глыбокія, як само быццё, вочы гэтай Маці.

А колькі іх па ўсім свеце, мацярок, чые дзеці выкрадзеныя, забітыя, знявечаныя, запалоненыя?! І колькі гора ў ім, гэтым свеце?

Аднак ікона ззяла, святло яе напаўняла душу надзеяй, сагравала і нібыта сведчыла, што чорнае, страшнае і злавеснае прыйшло сюды не назаўсёды. Сын гэтай Маці, як ведала Жывена, уваскрос, ён прынёс надзею іншым.

Таму не варта адчайвацца і ёй. Можа, ад гэтага нетутэйшага святла ў яе закружылася галава і ўзнікла відовішча: адшуканы ёю маленькі Святазар абдымае за шыю, і не толькі ён, але і іншыя, невядомыя ёй дзеці, цёплыя, светлыя, як само жыццё.

А пасля ззянне ў пакоі як зменшылася, ці то бэлькі ўсё тлелі і чад ад іх запаўняў пакой, ці вечар наклаў цёмны свой покрыў на дом.

Аднак больш моцнай, нібыта абмытай крынічнай вадой, адчула сябе Жывена і, адшукаўшы не надта разбураны пакой, стала абдумваць, што рабіць далей.

Дзе шукаць маленькага Святазара? Вядома, там, куды пабеглі разам з імператарам яго слугі і воіны. Ліхаманкавая думка ўпілася ў яе душу: а што, калі Райнер не трапіў на карабель, які адплыў у Рым альбо Венецыю? Што, калі недзе тут, блізка, хаваюцца яны альбо сядзяць у гарадской вязніцы, трапіўшы ў палон? Чаму яна стогне тут, нібыта апоеная дурнап'янам? І грошы, лежачы, іржавеюць!

Ускочыла на каня, крыкнуўшы аканому, каб скакаў следам, вылецела за вароты. Гавань Вукалеона блізка, з яе і трэба пачынаць пошукі!

Усю ноч, як трымаючы слязу ў сэрцы, гойсала яна з гавані ў гавань, пыталася пра чатырох рыцараў і рабыню з дзіцем. Але ніхто не ведаў і не бачыў нічога, нібыта растварыліся яны ў Прапантыдзе, як соль, альбо нырнулі туды, як драпежныя рыбіны, несучы сваю здабычу ў пашчах.

Тады вярнулася ў разбураны дом. І, упаўшы на ложак, як дала нырца ў сон-трызненне, адкуль вярнулася толькі калі над кіпарысамі лёг попельна-ружовы вечар, ад чаго яны зноў да болю ў душы нагадалі рыцараў, што помсліва ўзнялі мячы. Успомніла пра Нікіфара.

Вось і прыйшоў час, калі яна магла б за колькі хвілін даскакаць да Ўлахернскай гавані, знайсці карабель да Херсанеса, а там… замятай, вецер, усе сляды! Усё цяпер можна — забраць хаця і з разрабаванага, але, нягледзячы на тое, багатага дома каштоўнасці, што дапамогуць ёй дабрацца да радзімы, каб не вольнаадпушчаніцай-жабрачкай плыць на тым караблі, а знатнай царгародскай дамай. Хто яе будзе шукаць? Смяротна хворы Нікіфар? Сын яго, якога чамусьці не відно? Радня, якая хаваецца недзе па сваіх дамах, бо хаця нікейцы тыя ж грэкі, але п'янаму і ўзбуджанаму вайной салдату ў першыя гадзіны захопу аддаецца на наталенне душы любы горад?!

1 ... 97 98 99 100 101 102 103 104 105 ... 140
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)