Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
— Дачка караля, хрышчанага Рымам, не можа быць палонніцай ніякага рыцара! — усклікнуў грэк-прэпазіт. — Адпусці яе, найсвяцейшы і найлітасцівейшы севаст!
Жывена не адводзіла вачэй ад імператара.
— Адпусці і майго прыёмнага бацьку! — яна ўсміхалася, як тварыла абрад, як чаравала, ужо дзёрзкая і адначасна пакорлівая. — Данос на яго быў няправедным, гэта ўсё здарылася з-за мяне, і ты правільна ўсё разгадаў, вялікі імператар рамеяў!
І ён упершыню ўсміхнуўся — усмешкай мужчыны, які ўсё разумее, але не можа супраціўляцца вялікай магутнасці Афрадыты. І сказаў падабрэлым голасам:
— Пакінем усё, як яно ёсць.
І запытаўся яшчэ:
— А табе падабаецца мая сталіца, дачка далёкага караля?
— Я не бачыла нічога больш прыгожага, — адказала, усё гледзячы яму ў вочы, Жывена. І дадала цішэй: — Але веліч асляпляе мяне, вялікі імператар.
— Гэта значыць, ты хочаш вярнуцца?
— Хачу! — сказала яна страсна.
— Я падумаю пра гэта, — сказаў Балдуін працяжна і паглядзеў на прэпазіта. Той адразу ж пстрыкнуў пальцамі, з-за заслоны выбег прыдворны з залатым падносам, на якім ляжалі падарункі — для кожнага прыёму іх выбіраў сам еўнух-прэпазіт разам з протавестыярыем — галоўным цырымоніймайстрам двара. Імператар кінуў на паднос погляд, паказаў на вялікі залаты крыж з эмалевымі насечкамі, дзе была эмалевая выява Балдуіна, які прымае з рук самога Хрыста імператарскую карону. Прэпазіт падаў яму крыж, імператар зноў усміхнуўся:
— Падыдзі сюды!
Па шэрагах прыдворных пранёсся шэлест: Балдуін Другі, падаўшыся наперад, сам надзеў ланцужок з крыжам на шыю дзяўчыне.
— Ты прайграў! — шапнуў Райнеру этэрыярх.
— Грэк абскакаў рыцара! — змрочна прашыпеў адзін з Райнеравых сяброў, рука яго лягла туды, дзе павінен быў быць меч, які адабралі пры ўваходзе.
Райнер стаяў нерухома, толькі вочы яго гарэлі зялёным шалам, як у ваўка, які вось-вось гатовы быў схапіць здабычу, але змушаны глядзець, як яе ўхапіў мацнейшы.
Жывена яшчэ не паспела адступіць назад, як трон імператара лёгка калыхнуўся, папоўз уверх, і ў той жа момант паміж ім і прысутнымі лягла пурпуровая заслона — аўдыенцыя закончылася.
Калі яна ўслед за Нікіфарам выходзіла з палаты, прыдворныя абступілі іх, гучна ўхвалялі падарунак, прагна разглядалі залатыя эмалі, лісліва ўсміхаліся дзяўчыне, лавілі яе погляд. На Райнера не глядзелі. Ён разам з таварышамі і этэрыярхам, які быў падобны да ператворанай у камень маўклівай глыбы, хутка крочылі прэч. Толькі раз Райнер азірнуўся, погляд яго зноў палыхнуў зялёным.
Мазаічныя паўліны, абведзеныя чорным мармурам, пушылі свае дзівосныя хвасты-вееры пад нагамі. Еўнух вёў коміта і Жывену іншымі пераходамі.
— Я дам табе дварцовую варту, — сказаў ён коміту. — Імператар вырашыў справядліва, але рыцары могуць не пагадзіцца з гэтым. У сённяшнім бедламе ніхто не знойдзе вінаватых…
— Я да раніцы перагортваў з сябрамі «Васілікі», «Прахірон», «Эпанагогу»*, але ўсе законы выветрыла з палаты адна жаночая ўсмешка! І каторы раз яна аказваецца мацнейшаю за ўсё!
* Зборы прававых нормаў Візантыі.
Коміт Нікіфар сядзеў насупраць Жывены, на яго твар вярнулася жыццё, толькі вочы ён увесь час адводзіў убок. Мабыць, мучыўся сваім колішнім страхам.
Рабы неслі насілкі, раўдухі гарцавалі на конях абапал іх. Жывена сядзела, усёй спіной абапіраючыся на падушкі. Узбуджэнне пакінула яе, а ўзамен навалілася стома. Хацелася праваліцца ў сон, каб ніхто не чапаў. Але коміт усё гаварыў і гаварыў, і трэба было яго слухаць.
— Успамін пра Феафано лунаў наўкол цябе. Думаецца, некалі напішуць песню і пра сённяшні дзень… Але хто тут я?
Прастора вакол іх была насычаная ценямі мінулага гэтай краіны, яны жылі тут, не жадаючы сыходзіць у падземнае царства, яны, здавалася, абступілі іх, зазіралі ім у вочы. Але ёй няма да іх справы. Няма…
— Нават Цымісхій, які адправіў яе ў выгнанне, не мог забыцца на гэтую прыгажуню. Бачыш — тут, у святой Сафіі, каля якой мы зараз едзем, адмольваў ён сваё адступніцтва, але, кажуць, і пасля смерці цень яго прыходзіў на яе магілу!
Ён яшчэ нешта тлумачыў, але Жывена бачыла, што і ён змяніўся — не гаспадар гаварыў з рабыняю, не закаханы. Так трымаюць сябе прыдворныя. Так яны глядзелі на яе, так зазіралі ў вочы. І тады яна спакойна і ўладна загадала:
— Я стамілася. Дай мне адпачыць.