Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Расло, падступала пад сэрца помслівае, злараднае пачуццё.
І калі цёмнай гэтай хваляй захліснула яе ажно з галавой, раптам засмяялася Жывена — проста ў вочы злым духам, што нагналі на яе тую нячыстую спакусу. І, схапіўшы вазу з алеем, якім націрала пры якой хваробе дзіця, — шпурнула ў кут, у самыя лядашчыя іх ухмылкі, і адразу ператварыліся яны ў вечаровыя цені, што слізгацелі па сценах.
Зноў ускочыўшы на жарабка, паляцела яна да хворага коміта.
Аканом дапамог ёй знайсці дом заканазнаўцы Міхаіла, і той узяў на сябе многія клопаты. Уражаны тым, што Жывена не ўцякла, пакінуўшы дом і Нікіфара, ён памякчэў, палагоднеў да яе, а даведаўшыся пра выкраданне дзіцяці, паабяцаў знайсці сляды нямецкіх рыцараў.
У горадзе рыхтаваліся вялікія ўрачыстасці з нагоды вызвалення сталіцы. Галоўныя вуліцы былі ўжо ачышчаныя і прыўкрашаныя, але сляды баёў былі відны і на пашчэрбленых сценах, і на абпаленых камянях брукаванак. Месцы на балконах дамоў, каля якіх пойдзе новы імператар, былі імгненна раскупленыя па вялікай цане. Аднак у заканазнаўцы Міхаіла аказаліся сябры, якія ў свой час уцяклі ў Нікею, і яму не пагражала царская няміласць. Ён і дапамог дзяўчыне ўбачыць урачысты ўезд у Цар-горад Міхаіла Палеолага.
Залатая брама, праз якую павінен быў увайсці ў сталіцу пераможца лацінянаў, была ўся абкручаная гірляндамі мірта і лаўра, упрыгожаная каляровымі харугвамі з двухгаловым арлом — родавым гербам Палеолагаў. З усіх вокнаў, што выходзілі да Залатой брамы, выглядалі людзі, махалі кветкамі, выкрыквалі хваласпевы. Пад лёгкім ветрам калыхаліся шаўковыя выявы святых, чые цэрквы былі ў горадзе.
Калі правіцель Нікеі, а цяпер ужо і ўсёй адноўленай Візантыйскай імперыі, паўстаў у варотах, зверху на яго абрынулася такое мноства ружавых пялёсткаў, што здавалася, яны засыплюць пераможцу і яго военачальнікаў. Тысячы галубоў закружыліся над горадам, над асляпляльна-лазуровым морам, аглушальныя крыкі скалыхнулі паветра.
Стоячы на балконе багатага дома знаёмых Міхаіла, Жывена разам з іншымі імкнулася разгледзець таго, хто праз шэсцьдзесят гадоў вярнуў рамеям іх славутую дзяржаву, прагнаўшы крыжаносцаў. Кожны грэк у горадзе з абурэннем расказваў пра тое, як былыя саюзнікі шэсцьдзесят гадоў таму захапілі Цар-горад, падчас аднаго з паходаў за Святую Зямлю паспрачаўшыся з імператарам Візантыі.
У дні асады на плошчах і ля вялікіх цэркваў — напрыклад, ля святой Сафіі — гучна аб'яўлялі Палеолага клятваадступнікам і хціўцам. Сапраўды, вялікі канстаўл*, які спачатку камандаваў пры нікейскім імператары Фёдары Другім Ласкарысе лацінскімі наёмнікамі, пасля ягонай смерці прысягнуў малалетняму сыну Ласкарыса Іаану, але тым часам шляхі да нікейскага трона пракладваў сабе: падкупляў і змяшчаў епіскапаў, ашукваў патрыярха Нікеі і, што самае жахлівае, асляпіў самога падлетка-імператара. У рэшце рэшт ён-такі ўспоўз на нікейскі трон і стаў правіць гэтай часткай Візантыі. Цяпер жа, пасля ўдалай асады і выгнання лацінян, старажытны трон наноў аб'яднанай імперыі заняць мог толькі ён. І хаця каранаванне яшчэ не адбылося, аднак у скрыпторыях, перапісваючы кнігі, ужо малявалі ў загалоўках ініцыялы Палеолага, а паміж старонкамі дзе-нідзе з'явіліся і яго партрэты. Славуты ж паэт Георгій Акрапаліт, вучань Нікіфара Ўлеміда, былога настаўніка Ласкарыса і ягонага сына, ужо напісаў вялікі хваласпеў у гонар пераможцы, яго цытавалі паўсюдна. Чакалі і самога Ўлеміда. Адзін з разумнейшых людзей імперыі, славуты філосаф павінен быў ужо прыехаць у Цар-горад разам з усёй арыстакратыяй Нікеі, якая прагла заняць пры двары самыя важныя пасады, выцесніўшы і выгнаўшы тых, хто служыў пры Балдуіне.
* Канстэбль.
Жывена ведала пра тое. Гермаген, Васіль і родзічы многіх знатных сем'яў трапятліва чакалі, як вырашацца іхнія лёсы. У апошні час яны моцна дапамагалі нікейцам, але не спадзяваліся захаваць свае пасады. Не быць бы аслепленымі і выгнанымі ў далёкія паўночныя краіны, дзе няма славутых школ і бібліятэк Візантыі, - вось усё, на што яны спадзяваліся.
Таму зараз, цеснячыся на балконах дамоў, яны праводзілі мажную, высокую постаць новага аўгуста заклапочанымі позіркамі. А ён ішоў пешкі да самага Студыйскага манастыра, услед за вялізнай іконай Божай Маці, якую на чале з патрыярхам Нікеі неслі святары і епіскапы, ішоў праз крыкі і славасловы, паўз вырачаныя позіркі і ачмурэлыя ад радасці твары. І тысячы, тысячы напружаных глотак выкрыквалі хвалу і вітанні так, нібы бачылі на свае вочы жывога бога:
— Слава Міхаілу Палеолагу!