Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Пра гэта ведаў Нікіфар, і страх памуціў яго галаву, падкраўся пад сэрца: сапраўды, ён некалькі разоў пасылаў з Салімам лісты да сына, дзе скардзіўся на імператара і спадзяваўся на канец панавання лацінян. Таму, убачыўшы, як уводзяць у палату ягонага слугу, ён адчуў, што зараз можа ўпасці — ногі яго дробна дрыжалі, дрыжаў ён сам.
Салім поўз да імператара, скуголячы і падвываючы хваласпевы. Прэпазіт ударам нагі прымусіў яго замаўчаць, бо слуга, сам таго не ведаючы, замахваўся на свяшчэнныя правілы — нават хваласпевы дазваляліся не кожнаму, тым болей слузе. Ледзь жывы ад жаху, мусульманін пацвердзіў, што вазіў лісты ў Нікею.
— Ён непісьменны! — не сцярпеў Нікіфар.
— Але я чуў, я чуў, як высакародны сын, прачытаўшы ліст, казаў, што страціг Аляксей*, военачальнік праклятых нікейцаў, якія хочуць адваяваць у цябе імперыю, будзе радавацца такой дапамозе! — галасіў Салім.
* Адзін з палкаводцаў, што адбіралі ў 1261 годзе Цар-горад у лацінян.
— Майго слугу падкупілі! — амаль заенчыў коміт.
Райнер злавесна ўсміхаўся, вочы яго звузіліся, як у звера, які амаль зацкаваў ахвяру.
Прэпазіт знакам паказаў Саліму вяртацца да дзвярэй, і той стаў адпаўзаць назад, не смеючы падняць галавы.
Цяжкае маўчанне павісла ў палаце.
Жывена глядзела на старога чалавека, які сядзеў на троне, і адчувала яго халоднасць і раўнадушша да ўсяго, што адбываецца. Ён нават трохі забаўляўся, як забаўляліся яго папярэднікі на іпадроме ці рымскія цэзары ў Калізеі, дзе звяры рвалі жывое чалавечае цела. Чужыя жыцці і смерці даўно страцілі для яго каштоўнасць, бо столькі пажадлівасці і хцівасці, жаданняў і нянавісці клубілася стагоддзі запар вакол гэтага трона, што чыстаму чалавеку можна было б задыхнуцца ў нябачных, але надта адчувальных для яго чорных злавесных хмарах…
Ён зноў павярнуў свой твар да дзяўчыны, цяжкі позірк упіўся ў яе.
— А што скажаш ты?
…За яго спіной, па абодва бакі ад трона, як прашалясцелі крылы… ці то парчовыя мантыі? І дзве постаці, якія нібы сышлі з іконы святых Казьмы і Даміяна, калыхліва ўсталі перад ёй, зіхоткія, светлыя, радасныя. А можа, гэта рассыпаліся па барвовай заслоне залатыя зайчыкі сонца, што прабілася скрозь тоўстыя пульхныя хмары?!
І сіла, якую яна несла ў сабе, нібы дарагое віно ў сасудзе, калыхнулася ў грудзях. З неадольнай жаночай вабнасцю ўсміхнулася жрыца Ашвінаў проста ў твар гэтаму адзінокаму мужчыне на троне, і адразу нешта ў ім таксама як калыхнулася, азвалася — не, не словам яе, а вабнасці і прыгажосці.
— У далёкім Новагародскім княстве жыве мой бацька, князь Міндоўг, якога адзінаццаць гадоў таму назад каранаваў як караля магістр Ордэна мечаносцаў Андрэй фон Стырлянд. Сам Папа прыслаў у Новагародак спецыяльны ліст і карону. Пры тым быў і рыцар Райнер, якому бацька мой даручыў клапаціцца пра мяне. Але рыцар, які прыехаў дапамагаць хрысціць нашу зямлю, выкраў мяне, каб завезці ў свой замак — спытайце ў яго, навошта? Я збегла ад яго, гэта праўда. Лёс закінуў мяне сюды, але высакародны коміт і яго жонка дапамагалі мне. Калі я расказала пра вераломства рыцара, твой канюшы зрабіў мяне сваёй прыёмнай дачкой — каб абараніць ад яго, бо ўжо нападаў ён на мяне — у прыцемках, зноў вераломна.
Яна гаварыла, перамешваючы праўду і няпраўду, нібы нехта маўляў ейным голасам, пераконваў праз яе гэтага чалавека, ад якога залежала, ці вернецца яна на радзіму.
— Дык няўжо ты, магутны імператар рамеяў, паверыш такому чалавеку?! — празвінелі на ўсю палату яе апошнія словы.
Усе погляды звярнуліся да Райнера. Ён хацеў загаварыць. Але ўсё трапяталі па абодва бакі ад трона два прыўкрасныя юнакі, і адчула Жывена, як сіла яе запячатвае вусны рыцара неадольнай пячаткай, і разгубленасць праступае на яго твары, бо не чакаў ён, не ведаў, што яна — дачка новагародскага караля. А цяпер не цяміў, што казаць.
— Гэта… гэта няпраўда! — перасохлымі вуснамі прашаптаў ён.
І разгубленасць рыцара была для ўсіх такой відавочнай, што сімпатыі прысутных адразу адвярнуліся ад яго. Нават этэрыярх маўчаў, мабыць, таксама агаломшаны пачутым.
— Гэта праўда? — у кожным гуку імператарскага голасу чуліся раскаты грому. — Ты ведаў пра тое, этэрыярх?
— Але чаму мы павінны верыць былой рабыні? — абурыўся той.
— Таму, што Бог даў ёй самае лепшае на гэтай зямлі — прыгажосць, і я разумею і коміта, і рыцара! — з нечаканым запалам усклікнуў Балдуін Другі.
Яго вочы ажывіліся, раўнадушны твар памаладзеў, і на імгненне Жывена ўбачыла ў ім рыцара, які з мячом у руках абараняў Цар-горад ад усіх нападаў на працягу многіх гадоў, які любіў Беатрычэ і іншых жанчын, чые пасівелыя кудзеры гладзілі слаўнейшыя прыгажуні імперыі і кляліся яму ў каханні, а ён не толькі гарцаваў з мячом, але і спяваў ім песні, і нават, шапталіся, складаў вершы ў гонар іх красы.