Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
Па знаку прэпазіта наблізіліся і ўсталі раздзеленыя на дзве купкі абвінаваўцы і адказчыкі. Змрочныя вочы імператара з чырвонымі пражылкамі спыніліся на Жывене, пасля на коміце, голас яго прагучаў раўнадушна, але з пагрозлівымі ноткамі:
— Чаму ты не аддаў рабыню яе гаспадару?
— Ён… ён не прасіў яе ў мяне! — разгубіўся коміт.
— Прасіў! — азваўся этэрыярх. — Я сам двойчы пасылаў лісты коміту, але ён палічыў, што занадта знакаміты і радавіты!
Нібыта выбітая з шахматнай гульні фігура, Нікіфар пахіснуўся.
— Гавары! — ярасна крыкнула Жывена. Ніхто не пачуў голасу — яна падумала тое сама сабе, але гаспадар яе нібы ажыў.
— Я прывёў сюды сваю прыёмную дачку Ефрасінню, каб разам з ёю прасіць літасці ў найміласцівага з усіх імператараў Візантыі. Каб была жывая мая жонка Еўдакія, яна далучылася б да маёй просьбы, бо Ефрасіння, якая атрымала ад Бога дар лекавання, шмат аблегчыла яе невыносныя пакуты…
Голас Нікіфара дрыжаў, аднак гучаў на ўсю палату. Экзарх, выслухаўшы яго, выступіў наперад. Калі ён і разгубіўся ў першую хвіліну, то хутка ачомаўся.
— Гавары! — загадаў Балдуін Другі.
— Найсвятлейшы і ўселітасцівы аўгуст, думаю, што коміт пераступіў і боскія, і чалавечыя законы. Усім вядома, што славянка была яго наложніцай. Зрабіўшы яе прыёмнай дачкой, ён нанёс абразу і ўсім нам, і нябожчыцы, якая, мабыць, перад судом Божым сведчыць аб несправядлівасці, і болей таго — аб граху смяротным…
— Я пакляўся ў царкве перад абразом Божым, перад святымі пакутнікамі, што ні разу не дакранаўся да гэтай жанчыны з грэшнымі намерамі. А вось рыцар Райнер, які павінен дбаць аб Ордэне і чысціні цялеснай, выкраў яе ў час падарожжа і сапраўды хацеў зрабіць сваёй наложніцай, але яна ўцякла, бо Госпад не дапусціў такога… — парыраваў коміт.
У вачах імператара ўпершыню ўспыхнула цікавасць. Ён пераводзіў вочы з Нікіфара на Райнера, а пасля жэстам паказаў рыцару, што той можа гаварыць.
— Мы рабілі тую справу, дзеля якой ваявалі ў Святой Зямлі і на землях язычнікаў, - прыводзілі паганцаў да Бога. Так, я захапіў яе разам з іншымі, але толькі дзеля таго, каб самому ахрысціць, прымусіць адчуць ісціннага Бога, бо толькі хрысціян нам не дазволена браць у палон.
Рыцар Райнер гаварыў упэўнена, цвёрда, і гул адабрэння пакаціўся па палаце. Адчуўшы падтрымку, ён працягваў:
— Я папрасіў не аддаць мне маю рабыню, не! Я выкупіў бы яе, але коміт мне адмовіў — дакладней, не адказаў на лісты. Мяркую, што маю на яе першапачатковае права. І мне здаецца, што коміт у маёй асобе пакрыўдзіў усіх рыцараў Хрыстовых.
— Мы аддаём за цябе, імператар, сваю кроў і жыцці, і верылі, што твае прыдворныя таксама, як і ты, цэняць гэта! — падтрымаў яго адзін з рыцараў. — Да таго ж… Не адказваючы на лісты этэрыярха, гэты чалавек, — ён пальцам паказаў на Нікіфара, — не раз пісаў свайму сыну ў Нікею, просячы, каб той падбухторваў Палеолага ісці на Цар-горад, і абяцаў зрабіць так, каб у зручны час былі адкрытыя для нікейцаў брамы.
— Таму, о святлейшае сонца наша, — тут жа падтрымаў яго этэрыярх, — калі рабыня зрабілася прыёмнай дачкой коміта, хай разам з ім адказвае за ягоную здраду!
Нікіфар збялеў так, што здалося — у яго ўжо няма твару, а ёсць толькі нешта невыразна-адчайнае, адкуль данеслася, як стогн:
— Гэта няпраўда! Я пісаў сыну, але не заклікаў ісці на сталіцу!
— Тады хай пра гэта скажа сведка, — злавесна вымавіў этэрыярх.
Ён і яго рыцары, чужаземцы-лаціняне, ненавідзелі грэкаў і лічылі, што тут, у распешчанай Візантыі, губляецца тое, чым яны ганарыліся заўсёды: дух ваяўнічасці, гатоўнасць аддаць сваё жыццё за права быць першым на турніры, у баі, у любой спрэчцы. Этэрыярх не браў у сваю варту, якая абараняла горад, ніводнага з візантыйцаў, нават калі такое жаданне выказваў сам Балдуін Другі. Адзіны ў гэтым горадзе, ён гаварыў з імператарам як воін з воінам, нагадваючы Балдуіну слаўныя рыцарскія часы паходаў у Святую Зямлю, у якіх прымалі ўдзел яшчэ яго бацька, дзед, шматлікія родзічы. Начальніка імператарскай гвардыі любіў наследнік імператара Філіп, і нават Беатрычэ, дачка герцага Карла Анжуйскага, у свае юныя гады захаплялася яго подзвігамі ў турнірах і славай першай шпагі дзяржавы.