Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
— Не палохайся, калі ўбачыш, як ля сцяны зарыкаюць ільвы, а на дрэвах заспяваюць птушкі, - нібы адчуўшы яе стан, шэптам папярэдзіў коміт. — Яны — не жывыя, іх рухае вада. Колькі стагоддзяў таму іх зрабіў наш вучоны Леў Матэматык. А яшчэ вынайшаў ён светлавую сігналізацыю, каб паведамлялі службы, што робіцца ў імперыі.
І сапраўды — калі яны ступілі ў доўгую галерэю, раптам пырснулі ўверх блішчастыя струмені, і на залатых дрэвах заварушыліся, як жывыя, залатыя птушкі з сярэбранымі дзюбкамі. Пачулася музыка. І тут жа злева зарыкаў мармуровы леў, адкрываючы пашчу. Убачыўшы паракіманена, закаваныя ў жалеза воі расступіліся, адвёўшы дзіды, і коміт з дзяўчынай уступілі ў палату Юстыніяна. Сцены тут былі не абвешаныя каштоўнасцямі, у ёй было нават трохі пуста ў параўнанні з іншымі. Але высокая столь гэтай палаты была празрыстай, і адтуль лілося святло, падаючы на падлогу, на калоны, якія былі зроблены з зялёнага мармуру, спрэс зрэзанага найтанчэйшымі ўзорамі. Над калонамі свяціліся мазаікі — ранейшыя імператары, іх жонкі, дзеці ішлі, здавалася, бясконцым шэрагам, адрачоныя і адначасна ўрачыстыя. Дзесьці тут былі Канстанцін V, празваны Кабылятнікам за сваю любоў да коней, які расправіўся са славянамі Македоніі з нязвыклай нават для гэтай жорсткай краіны лютасцю, недзе горда глядзіць на прысутных севаста Ірына, ягоная ўдава, якая асляпіла свайго сына Канстанціна VI, каб самаўладна сядзець на троне і рабіць тое, што захоча. І іншыя, памяць аб якіх застанецца вечна, бо пісалі яны яе па ўсім свеце — крывёю і ашуканствам, інтрыгамі і заваблівасцю сваёй пышнай краіны…
Яна ішла наперад, але вочы былі прыкутыя да мазаік, а калі апусціліся ўніз, дзяўчына здрыганулася: яе погляд сустрэўся з вачыма Райнера. Так, гэта ён быў тут, у плашчы з чырвоным крыжам. Высокі і вузкі, як меч, стаяў нямецкі рыцар пасярэдзіне купкі людзей.
Пакуль яна ішла, іх позіркі скрыжаваліся.
Мінулае прамільгнула перад ёю, нібы хтосьці паказваў малюнак за малюнкам — вось у дзень каранацыі яна ляціць на кані па шумлівым, вясёлым Новагародку, а гэты, тады яшчэ танклявы, спрытны юнак лупіць сваю кабылу бізуном і нешта крычыць, не памятаючы сябе, імкнучыся перагнаць ейнага скакуна…
А вось ён стаіць перад ёю ў храме і глядзіць позіркам умольным і ненавісным адначасна. А яна, уся захопленая сваім жыццём і лёсам, нібы здалёк пазірае, як, раструшчаны ягоным ботам, пырснуў асколкамі ва ўсе бакі чырвоны рубін.
О, каб прадбачыць будучае! Каб жа было дадзена бачыць, ад чаго прарасце насенне зла!
Чужымі і варожымі былі яго вочы, але нешта нібы маланкай мільганула ў іх, і яна адчула — ён жадае яе. Жадае гэтак жа шалёна і нястрымна, як і там, на радзіме. І гэта ўжо вышэйшае за яго і яе. Ён не аддасць яе нікому, а калі не ўдасца вырваць, лепей пашле на смерць.
Еўнух хуткім, завучаным шэптам растлумачыў ёй, хто сёння будзе прадстаўляць інтарэсы Райнера.
Усе яны — чырванашчокі, нізкі эпарх — прэфект горада; мажны, на галаву вышэйшы за іншых этэрыярх; вёрткі, рыжы, як ліс, лагафет дром, які адказваў не толькі за пошту* і знешнія адносіны, але і займаўся дзяржаўнай бяспекай, а таксама тры рыцары-чужаземцы — з непрыхаванай цікавасцю назіралі, як займалі ўказанае еўнухам месца іхнія адказчыкі. У палаце былі яшчэ прысутныя: каля памоста, пакрытага цёмна-барвовымі дыванамі, на якіх месціўся высокі сярэбраны трон з інкрустацыямі і пазалочанымі поручнямі ў выглядзе львіных лапаў, стаялі ў строга вызначаных месцах прыдворныя, згодна са сваімі пасадамі. Сярод іх былі і жанчыны: у высокіх, як вежы, прапаломах, абвітыя белымі вуалямі, у мантыях, некаторыя ў пурпуровых, што азначала прыналежнасць да імператарскай сям'і, і амаль у кожнай на грудзях ззялі перлы і рубіны, а ў валасах блішчэлі дыяманты.
* У візантыйцаў пошта была важным дзяржаўным ведамствам.
Ціхі гул стаяў вакол; ён відавочна ўзмацніўся, калі ў палату зайшлі Нікіфар і Жывена, і не пераставаў вібрыраваць вакол іх, нібыта рой надакучлівых мух. Аднак гэта не перашкаджала ўсім пільна сачыць за аксамітавай чырвонай заслонай — з-за яе павінен быў з'явіцца імператар. Ужо дзіэтарыі распалілі кадзілы, і пахкі дым тонкімі струменьчыкамі прабіваўся з-за другой заслоны, злева ад трона, ужо апаясаная папія ўзялася за цяжкія колцы са слановай косці, каб прыўзняць заслону перад імператарам, аднак той не выходзіў.
Перавальваючыся, даклыпаў да памоста прэпазіт, паправіў складку на дыване, падняў руку, і ўсё сціхла. Загучала ціхая музыка за паўднёвай заслонай, зладжаны хор пачаў хваласпеў, аднак спевакоў не было бачна — яны не мелі права глядзець на імператара рамеяў. А ён ужо ішоў — у барвовым дзівіцісіі, з мантыяй, шытай золатам, што ляжала на мажных, пульхных плячах, у барвовых ботах, — і тыя, хто стаяў ля памоста, нізка схіліліся ў паклоне, а тыя, хто стаяў далей, упалі ніц і паднялі галовы толькі тады, калі імператар, цяжка ўздымаючыся па прыступках, падняўся да трона і ўсеўся ў крэсла.