Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
А дзвюхгаловыя драпежныя птушкі на ягоным родавым гербе, здавалася Жывене, паварочвалі ва ўсе бакі свае галовы, нібы шукаючы тых, хто не крычаў альбо чыя шчырасць была не такой шалёна-беззапаветнай…
У той жа вечар у спалены дом Нікіфара прымчаўся Міхаіл.
— Былы паракімамен сказаў мне, што бачыў рыцара Райнера. Той прабіўся на карабель, які ішоў у Рым. Самога еўнуха, які расказаў мне гэта, на карабель не ўзялі.
— А чаму ў Рым? Здаецца, з Венецыі ідзе болей караблёў у розныя канцы свету. І там жа найбольш ахоўваецца дарога ў нямецкія землі? — здзівілася Жывена.
— Не ведаю. Магчыма, іншага карабля ўжо не было. Паракімамен таксама хацеў у Венецыю. Я так і падазраваў, што ён, мабыць, частку сваіх багаццяў перадае праз венецыянцаў у тамтэйшыя банкі, каб забяспечыць сабе, на выпадак паражэння Балдуіна, бязбеднае жыццё на чужыне. Каго-каго, а яго могуць тут дастаць, бо ён слаўся перад лацінянамі як ліс. І вось жа — адпіхнулі, выкінулі з карабля!
Міхаіл зласліва ўсміхаўся, аднак цень трывогі ляжаў і на ягоным твары.
— Што рабіць мне? — запыталася Жывена.
— Калі хочаш, Ефрасіння, дагнаць свайго сына альбо што-кольвечы дазнацца пра яго, табе трэба плыць у Геную.
— У Геную? Але даўно ўжо на Італію плывуць адсюль праз Венецыю!
— Ты забылася — прыйшлі нікейцы, а яны варагавалі з Венецыяй. Але і ў Венецыю караблі ходзяць, толькі кожнага, хто меў дачыненне да ранейшай улады, моцна правяраюць! З генуэзцамі ж мы цяпер становімся зноў саюзнікамі. І кожны цяпер можа плыць туды свабодна. Зрабі заёмнае пісьмо на маёмасць, адпісаную табе Нікіфарам, і атрымаеш грошы там, у Генуі. Іначай цябе могуць абрабаваць — калі не на самім караблі, дык пасля, калі прыбудзеш туды.
— Але я не магу пакінуць Нікіфара ў такім стане! — запярэчыла Жывена.
Міхаіл паглядзеў на яе вельмі ўважліва.
— Ты прынесла няшчасце майму сябру, Ефрасіння, — мовіў ён пасля нядоўгага маўчання. — Не пярэч! Ад'язджай хутчэй, пакуль ён хворы. Мы самі паклапоцімся пра яго.
Яна і не пярэчыла. У кожнага свая праўда. Дзе хвоя ні стаіць, а ўсё свайму бору шуміць, казалі на Новагародчыне. Што ж ёй цяпер — крычаць крычма немаладому чалавеку, які ўпору ёй у бацькі, што Нікіфару трэба было адразу ж выправіць яе прэч, калі на тое былі знакі багоў?
— Адпусці яго. Яго сэрца адпусці, - патлумачыў Міхаіл.
— Але як?
— Ты ведаеш як. Ты можаш! Табе дапамагае Афрадыта. Дзівішся, што я, які веруе ў адзінага Бога, успамінаю пра яе? Але яны, нашы старажытныя багі, яшчэ не пакінулі Грэцыю. І мы недзе глыбока ў душах сваіх не адцураліся ад іх. Прасі і ты за яго.
— Але я не ведаю вашай Афрадыты!
— Затое яна ведае цябе. Ды і ты… Хіба няма сярод вашых багоў той, якая валодае наймагутнейшым у свеце — прыгажосцю? Перад якой час ад часу схіляюцца нават самыя моцныя?
— У нас? Ёсць. У славян — дрыгавічоў і крывічоў — Лада і яе дзеці Лель і Палель. У балтаў — багіня Аўшра. У нашым храме пакланяліся ім абедзвюм, і яны зліваліся ў адно…
— Багі, мабыць аднолькавыя, толькі іншыя ў іх імёны, на кожнай зямлі гавораць яны рознымі галасамі. Дык памаліся за Нікіфара, улюбёнка Афрадыты, і з'язджай адсюль!
— Ты што, так ненавідзіш мяне, сябра коміта?
Ён засмяяўся з горыччу.
— Так, ненавіджу. З першай хвіліны, як убачыў. Ты адгадала правільна.
— Але чаму?
— Таму што… Калісьці Афрадыта добра пасмяялася з мяне. Але што я магу зрабіць гэтай легкадумнай і магутнай багіні? Я думаў, што адрынуў яе навекі, а яна ўсё нагадвае пра сябе, і нікуды ад яе не дзенешся…
— Тады ты мог бы адпомсціць. Праз мяне — ёй.
— Помсціць? О не! Лепей памагчы ейнай улюбёнцы, тады з Пены Народжаная*, можа, нарэшце адступіцца, перастане мучыць мяне ўспамінамі і дасць займацца законамі, юрысдыкцыяй і ўсякімі іншымі рэчамі, якія так паважаюцца ў нас у Візантыі. Так што я лепей завяду цябе ў наш Генуэзскі квартал, там ёсць купец Марка, ён зробіць усё, што трэба…
* Так называлі ў Грэцыі Афрадыту.
Калі ж Жывена прыйшла развітацца з Нікіфарам, усё сталася іначай.
* * *
— Ты не з'е-ха-ла ад м-мяне!
Нікіфар вымаўляў гэта доўга, ледзь варушачы знямелым языком, і гарачы жаль ахінуў дзяўчыну.
— Думай пра сябе, высакародны Нікіфар. Табе трэба папраўляцца.
— Т-ты… думаеш, я… вы… вылезу?
— Ты ўжо можаш гаварыць. А ўчора толькі ківаў галавой. Тут добрыя лекары. І маё зелле памагае, Георгій хваліць яго.
Схуднелы на дошку, ляжаў коміт на спіне. Далоні яго, падобныя да крабаў, бяссільна поўзалі па коўдры.
— Яшчэ адну… просьбу…
Не адразу зразумела Жывена, чаго ён хацеў. Аднак коміт быў настойлівы. Аказалася, прасіў ён аднесці ў царкву Антыфанітаў ікону імператрыцы Зоі. Завяшчала тое Еўдакія, але ён пашкадаваў аддаваць такую каштоўнасць, і за тое карае яго Багародзіца. Яшчэ пытаўся Нікіфар, ці няма звестак пра ягонага сына. Давялося паабяцаць: