Залатая жрыца Ашвінаў
- Автор: Ипатьева Ольга Михайловна
- Год: 2002
- Язык: белорусский
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Залатая жрыца Ашвінаў». Краткое содержание книги:
— Ты запомніла ўсё, што сказала табе Ірына? — перапыніў яе думкі Нікіфар. Ён сядзеў засяроджаны, ліловы колер падкрэсліваў яго сівую бараду, жаўтлявы твар, апушчаныя плечы. Жывена кіўнула.
— Тады паглядзі наперад, толькі не надта высоўвайся. Вялікім Палацам у нас называюць некалькі будынкаў. Бачыш той, ніжэйшы? Ён называецца Дафна, яму восем стагоддзяў, і стаіць ён ля іпадрома і плошчы Аўгустыён — іх адсюль не бачна. А там, за ім, іншыя — Эрас, Містэрыён, Камілас, Мусікас. Імператар прымае нас у найпрыгажэйшым і самым любімым ім палацы Трыконху — бачыш, рабы павярнулі направа, да Змяінай калоны?
Калона з зялёнага мармуру, уся як звітая змяя і ад таго празваная Змяінай, здавалася гігантам, які таксама сцеражэ агромністы комплекс імператарскіх палацаў.
Трыконх нават у гэты непрыветны лістападаўскі дзень быў асляпляльна-прыгожым. Пазалочаны дах рэзка кантраставаў з цёмна-зялёным шэрагам міртавых кустоў, што ўздымаліся амаль да другога паверха. Адкрытая галерэя з калонамі была зроблена з ружовага мармуру, а трыбуны для маленькага іпадрома і басейн — з белага. Ля басейна сядзелі белыя мармуровыя львы, з пашчаў іх, нягледзячы на халодны дзень, струменілася вада. Познія, ужо прывялыя ружы ўсё яшчэ не былі зрэзаныя, яны ажыўлялі дарожкі, па якіх, сышоўшы з насілак, крочылі Нікіфар і Жывена — ніхто не мог, апроч імператарскіх родзічаў, пад'язджаць на конях альбо ехаць у насілках да самага ўвахода ў любы з імператарскіх палацаў.
Адчыніліся шырокія палісандравыя дзверы, іх абдаў пах ружавай вады і духмяных алеяў. Па белай мармуровай падлозе, дзе некалькімі пакаленнямі майстроў выкладзеныя былі мазаічныя пано з паўлінаў, ільвоў і грыфонаў, ступаць было цяжка: слізгацелі ногі ад нейкай спецыяльнай масцікі, якою націралі падлогу, каб не падрапалі яе наведвальнікі. Шырокая белая лесвіца вяла наверх. Там на сцяне была выкладзеная каляроваю смальтай галава анёла ў карычневых, жоўтых і чырвоных колерах. Коміт і дзяўчына хацелі падняцца наверх, але раўдухі-вартавыя трымалі сякеры скрыжаванымі, таму давялося чакаць унізе.
Неўзабаве да іх спусціўся сам паракіманен* Канстанцін. Круглы безбароды твар еўнуха быў заклапочаны.
* Начальнік службы асабістых пакояў імператара.
— Яны тут зусім звар'яцелі, - сказаў ён. — Хочуць замяніць усіх грэкаў. А што разумеюць франкі? Сячы мячом, рагатаць і тупацець сваімі ботамі па свяшчэнных пакоях рамеяў. Ты ўсё-ткі ўзяў з сабой наложніцу? Лепей табе было б задушыць яе, можа, тады ты суняў бы гнеў імператара.
Калі ж Нікіфар расказаў яму пра ўдачарэнне, еўнух задумаўся, але пасля безнадзейна махнуў рукой:
— Ну, дык аддадуць яе гэтаму… рыцару. А можа, загадаюць пайсці ў манастыр. І гэта будзе лепшым выйсцем, павер мне, коміт, таму што Балдуін сёння з раніцы адправіў на смерць чатырох рамеяў, і не з горшых! Страх перад Міхаілам Палеолагам мучыць яго, страх згубіць Царгорад і ўладу.
Ён жэстам паказаў, каб яны ішлі за ім, і спешна павёў наверх, але павярнуў не ў Тронную залу, а направа. На здзіўленае пытанне, куды яны ідуць, еўнух змрочна азірнуўся:
— Ён захацеў прымаць сёння ў Палаце Юстыніяна, я ледзь паспеў прыгледзець, каб там усё было ў парадку. Я ж кажу — усё кумільгом!
Яны ішлі і ішлі — праз галерэі, дзе стаялі мармуровыя статуі язычніцкіх багоў, антычныя амфары — залатыя, срэбраныя, з дзівоснымі распіснымі ўзорамі. На сценах вісела дарагая зброя — кальчугі, мячы, дзіды, нават славянскія шаломы, і ўсюды — у шкляных альбо каменных куфрах з адкрытымі вечкамі — ганарліва ззялі крыжы, кароны, абручы з каштоўнымі камянямі, а ў палацы Дафна, у палаце, праз якую яны праходзілі, сцены аздабляла залататканае, пераліўна-шаўковае, парчовае, аксамітавае адзенне («былых імператараў і імператрыц», — шапнуў Нікіфар).
— Я вяду вас доўгім шляхам, — азваўся на гэтыя словы еўнух, — каб вы паглядзелі хаця б тысячную частку багаццяў Вялікага Палаца. Не кожнаму шчасціць гэта бачыць, і табе, таўраскіфка*, нечувана пашанцавала. За такое не шкада і заплаціць жыццём!
* Славян у Візантыі таксама называлі таўраскіфамі.
Нікіфар ласкава дакрануўся да Жывены, як бы суцяшаючы яе і стараючыся захіліць ад непрыязных слоў Канстанціна, але дзяўчына нават не заўважыла таго. Уся яна была як напятая струна, і адчайнае, нават нейкае гарэзлівае пачуццё не пакідала яе. Так было ў самыя нялёгкія моманты жыцця, калі само яно, жыццё, было птушкай, за якою, паклаўшы смяротную стралу на цеціву, назірае паляўнічы. У птушкі ёсць адно — неба, яго ахоўная бездань, і крылы, дзе прагай выратавацца трапеча кожнае пяро…