Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 94 95 96 97 98 99 100 101 102 ... 150
Перейти на страницу:

– Гэтага я й баяўся, Сэме, – вымавіў Фрода. – Мы даверыліся ўдачы, а яна падманула нас. Мы ў пастцы.

Зірнуў зьдзічэла на сьцяну скалаў над шляхам, зь якой будаўнікі даўніны счасалі камень на шмат сажняў над галовамі хобітаў, зрабіўшы схіл адвесным. Пабег да другога боку, зірнуў за край, у чорную тхлань.

– Усё, насамрэч патрапілі! – і сеў на зямлю побач з мурам, нахіліўшы галаву.

– Падаецца, так, – пагадзіўся Сэм. – Ну, пачакаем і пабачым, што адбудзецца, бо што яшчэ застаецца?

I сеў поруч з Фрода ў цень ля скалы.

Доўга чакаць не давялося. Оркі беглі хутка. Першыя шэрагі несьлі паходні. Вось яны – чырвонае полымя сярод ночы, і так хутка павялічваюцца! Зараз і Сэм нахіліў галаву, спадзеючыся схаваць твар, калі оркі з паходнямі дабягуць да яго. Дый тарчы паставіў перад каленьмі, каб прыкрыць ступні.

"Вось бы ў пасьпешлівасьці яны пакінулі пару стомленых ваяроў у спакоі дый беглі сабе далей!" – падумаў ён.

I напачатку падалося: так яно й выйдзе. Першыя оркі пратупалі, цяжка дыхаючы, апусьціўшы галовы. Была тое банда меншых оркаў, якіх супраць волі гналі на вайну іхняга Чорнага Ўладара, і ўсё, што займала іх, – гэта скончыць хутчэй рух ды пазьбегнуць пугі. Бо пааберуч, то адстаючы, то забягаючы ў галаву калёны, рушылі два вялізныя лютыя ўрук-хаі, ляскаючы пугамі й лаючыся. Шэраг за шэрагам мінаў побач, і здраднае сьвятло паходняў было ўжо далёка наперадзе. Сэм прытрымаў дыханьне. Болей за палову калёны ўжо мінула. I тады зьнянацку адзін з паганятых заўважыў дзьве постаці ля краю шляху. Ён махнуў на іх пугаю й загаласіў:

– Гэй, вы! Устаць!

Адказу не было, тады орк крыкам спыніў увесь разьдзел.

– Устаць, сьлімакі! Ня той час, каб лайдачыць!

Крочыў да іх і нават у змроку пазнаў знакі на іхніх тарчах.

– Уцякаем, га? Толькі надумаліся? Усе вашыя мусілі быць ва Ўдуне да ўчорашняга вечару. I вам тое вядома! А ну, усталі – ды ў шэраг, а тое вазьму вашы нумары й данясу на вас!

Хобіты, хістаючыся, падняліся й схіленыя, кульгаючы, нібы ад зьбітых ног, паклыпалі да канца калёны.

– Не, ня ззаду! – закрычаў паганяты. – За тры шэрагі ад канца! I там заставацца, ці мала не падасца, калі заўважу!

Дый ляснуў пугаю над галовамі сяброў. А тады зь яшчэ адным ляскам ды выгукам пагнаў разьдзел наперад хуткім трушком.

Цяжка тое было для небаракі Сэма, дашчэнту стомленага, а для Фрода й увогуле сталася катаваньнем і жудой. Ён сьціснуў зубы й паспрабаваў адагнаць усе думкі ды ўпрост бяздумна перастаўляць і перастаўляць ногі. Ад смуроду потных оркаў навокал перахоплівала дыханьне, і ён пачаў сутаргава хапаць ротам паветра ад смагі. Але рушылі й рушылі далей, і Фрода напружыў усю волю, каб толькі дыхаць і варушыць нагамі, а на якое ліха ён намагаўся й столькі трываў, нават і ня думаў. Бо надзеі выбрацца нябачным не было. А орк-паганяты раз-пораз адставаў, каб зірнуць на навапрыбылых ды пакпіць зь іх.

– Вось так! – зарагатаў, выцяўшы хобітаў пугаю па нагах. – Дзе пуга, там і праца, вось, мае сьлімачкі! Трымайцеся! Я вас крышачку ўзбадзёру, а калі зьявіцеся ў свой лягер, спазьніўшыся, столькі бізуноў атрымаеце, колькі скура вынесе! Будзе на карысьць! Ці ж забыліся, што мы на вайне!

Прабеглі так колькі вёрстаў, і шлях ужо пайшоў па доўгім схіле на роўнядзь, калі Фродавы сілы зусім вычарпаліся, а воля дрыгнула. Ён захістаўся, заспатыкаўся. Сэм у адчаі спрабаваў падперці яго, дапамагчы, хоць адчуваў, што сам ледзь трымаецца на нагах. Ведаў: цяпер у кожны момант можа прыйсьці гібель, гаспадар упадзе ці страціць прытомнасьць, высьветліцца, хто яны, і ўсе іхнія горкія намаганьні рассыплюцца прахам. Ужо быў падумаў: "Што б ні было, а таго гада-паганятага я пасьпею дастаць!"

I калі Сэм ужо паклаў быў руку на цаўё корда, нечакана прыйшло выратаваньне. Бо выбеглі на роўнядзь і наблізіліся да ўваходу ва Ўдун. Непадалёк ад брамы напрыканцы мосту шлях з усходу сыходзіўся зь іншымі – з дарогай ад Барад-дуру й паўднёвым бальшаком. Па ўсіх шляхох рухаліся войскі, бо правадыры Захаду набліжаліся й Чорны Ўладар пасьпешліва зьбіраў усе сілы на поўначы. Таму й здарылася, што адразу некалькі разьдзелаў сутыкнуліся на скрыжаваньні, у цемры, да якой не сягала сьвятло вартавых вогнішчаў на вале. Адразу ўзьнікла сумятня, сварка ды шмат лаянкі; кожны разьдзел палез да брамы першы, намагаючыся як хутчэй скончыць дзённы пераход. Хоць паганятыя гарлапанілі й махалі пугамі, сваркі там-сям перайшлі ў бойкі, хто-колечы ўжо й меч з похваў выцягнуў. I вось харугва цяжка ўзброеных урукаў з Барад-дуру ўрэзалася ў калёну з Дуртангу – гвалт усчаўся страшэнны.

1 ... 94 95 96 97 98 99 100 101 102 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)