Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
- Автор: Толкин Джон Рональд Руэл
- Год: 2009
- Язык: белорусский
- Год: unknown
- ISBN: 978-985-4921-24-3
- Переводчик: Дмитрий Могилевчан
- Жанр: Фэнтези
Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:
– Вады б, – прамармытаў Сэм.
Сябе ён абдзяляў вадою, і язык, падавалася, распух у ягоным перасохлым роце. Нягледзячы на ашчаднасьць, плёскала зусім няшмат, меней за палову біклажкі, а ісьці заставалася яшчэ колькі дзён. Усю ваду даўно ўжо выпілі б, калі б не адважыліся рушыць па оркавым шляху. Бо ля гасьцінцу зрэдку сустракаліся вялізныя бакі для вады на патрэбы ваяроў, якім давялося пасьпешліва выступіць праз гэтыя бязводныя мясьціны. У адным Сэм знайшоў рэшткі вады – застаялай, забруджанай оркамі, але ўсё-ткі прыдатнай у адчаі для піцьця. Было тое дзень таму, і болей надзеі знайсьці ваду не засталося.
Нарэшце стомлены клопатамі й трывогаю Сэм задрамаў. Хай будзе што будзе – болей ён анічога не зрабіў бы. Няроўны быў ягоны сон, неспакойны. Трызьніў агнямі, маўляў кплівыя вочы, паўзучымі цёмнымі пачварамі, чуў шорхат, нібы ад драпежных зданяў, ды жудасныя енкі катаваньняў і раптам прачынаўся й бачыў, што навокал толькі цемра, пустое чарноцьце. Аднойчы толькі, калі падхапіўся й азірнуўся зьдзічэла, падалося: гараць блядныя агеньчыкі, што вочы, але ж неўзабаве яны замільгалі й зьніклі.
Тая лютая ноч мінала павольна, неахвотна. Раніца распалілася смужная, бляклая. Паблізу гары нават паветра было непразрыстае, бо сюды дапаўзалі ад Цёмнай вежы завесы Ценю, сатканыя Саўронам вакол сябе. Фрода ляжаў на сьпіне ня рухаючыся. Сэм стаяў над ім, не жадаючы казаць анічога й усё-ткі ведаючы, што мусіць: мусіць узьняць волю гаспадара на яшчэ адно намаганьне. Нарэшце, нахіліўшыся, крануў спадароў лоб і прашаптаў Фрода на вуха:
– Прачніцеся, гаспадару! Час рушыць ізноў.
Нібы абуджаны раптоўным звонам, Фрода ўскочыў і зірнуў на поўдзень, але калі пабачыў гару й пустэчу, воля ягоная зноў пахіснулася.
– Я ня спраўлюся, Сэме. Гэта такі цяжар, невыносны цяжар.
Сэм ведаў, што дарэмна прапаноўвае й што такая прапанова хутчэй нашкодзіць, чым дапаможа, але ж ад шкадаваньня ня змоўчаў.
– Тады дазвольце мне несьці яго для вас, пане. Вы ж ведаеце, я здолею, і з задавальненьнем, пакуль сілы засталіся.
Шалёным полымем палыхнулі Фродавы вочы.
– Прэч! Не кранай мяне! Ён мой, я кажу табе, мой! Прэч! – і пальцы ягоныя ссунуліся да цаўя корда, але адразу ж голас ягоны зьмяніўся, і Фрода вымавіў сумна: – Не, Сэме, не. Але ж ты мусіш зразумець: гэтая ноша мая, і аніхто іншы ня можа несьці яе. Дарагі Сэме, ужо запозна. Болей ты гэткім чынам мне не дапаможаш. Я ўжо амаль цалкам пад ягонай уладай. Я ня здольны аддаць яго, а калі паспрабуеш адабраць, я звар'яцею.
– Я разумею, – Сэм хітнуў галавою. – Але ж я думаю, спадару Фрода, пра іншыя рэчы, безь якіх мы здольныя абысьціся. Чаму не палегчыць пакладу крышачку? То ж бо ў нас цяперачка просты шлях: як бачым, так і пойдзем, – ён паказаў у бок гары. – Няма сэнсу цягнуць тое, што ўжо дакладна не спатрэбіцца.
– Не, – Фрода зноў зірнуў на гару. – Шмат на тым шляху нам не спатрэбіцца. А напрыканцы ягоным і ўвогуле анічога.
Падняў оркаву тарчу ды адкінуў прэч, сьцягнуў шалом і кінуў туды сама. Тады зьняў шэры плашч, расшпіліў цяжкі пас, і той разам з кордам упаў проста пад ногі. Лахманы чорнага плашчу зьдзёр зь сябе й раскідаў.
– Ня буду болей оркам! – выгукнуў уголас, – і зброі болей не вазьму ў рукі, сьветлай альбо ліхой. Няхай бяруць мяне, калі хочуць!
Сэм таксама зьняў увесь орцкі рыштунак ды выцягнуў таксама рэчы з заплечніка. Кожная зь іх неяк зрабілася каштоўнай яму, мо праз тое, што пранёс іх праз такія нягоды. Цяжэй за ўсё было разьвітвацца з кухарскімі прыладамі. Сьлёзы засьцілі вочы ад адной думкі пра тое, каб выкінуць іх прэч.
– Ці памятаеце вы таго трусіка, спадару Фрода? I той схіл, і сонца ў краі гетмана Фараміра ў дзень, калі я пабачыў аліфаўнта?
– Не, баюся, што не, Сэме. Я ведаю, што тое было, але ж ня бачу нічога ў памяці. Я ня памятаю ані смаку ежы, ані адчуваньня вады на скуры, ані гуку ветру, ані згадак пра дрэвы, траву й кветкі, ані аблічча месяца альбо зор. Я аголены ў цемры, Сэме, і няма аніякай завесы паміж мною й колам полымя. Я бачу яго нават калі ня сплю, а ўсё іншае блякне.